“Знак увагі” для нас і ў час

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Сёння наша гаворка акурат пра паштоўку. Пра яе разнастайнасць і актуальнасць, яе эвалюцыю, а, можа быць, і рэвалюцыю ў сучасным свеце, пра яе запатрабаванасць і проста прыгажосць. Расказаць пра тое, як за апошнія гады змяніўся выгляд “маляўнічага віншавання”, у чым асаблівасць беларускай паштоўкі, мы папрасілі мастака-графіка, старшага выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігара ГАРДЗІЁНКА, які цягам колькіх гадоў працуе над гэтымі маленькімі графічнымі творамі, а таксама калекцыяніруе паштоўкі розных краін і часоў.

 /i/content/pi/cult/142/911/Znak uvagi1.jpg

Вольга Кірэева-Гардзіёнак і Ігар Гардзіёнак .

— Ігар, і як даўно вы звязалі свой лёс з паштоўкай?
— Усе пачалося з дзіцячага садка. Памятаеце? “Дзеці, давайце павіншуем нашых мам...” Потым паштоўкі мы рабілі і ў ліцэі імя Ахрэмчыка. Атрымліваў “заданні на дадзеную тэму” і ў Акадэміі мастацтваў. Карацей кажучы яна заўсёды прысутнічала, а зараз, можна сказаць, заняла асобнае месца ў маёй творчасці.
— Колькі паштовак налічвае ваша калекцыя?
— Я не лічыў. Едзеш кудысьці — абавязкова набудзеш што-небудзь цікавае. Амаль ніколі з жонкай не выкідваем віншаванні, якія нам дасылаюць. Вольга таксама графік па адукацыі, і мы разам з ёю “хварэем” на “паштовачны вірус”. Зараз пачаў збіраць электронныя карткі. Такім чынам палічыць экземпляры калекцыі не ўяўляецца магчымым. Але прыблізна магу сказаць — болей за дзвесце штук ёсць.
— Ігар, і якая яна, паштоўка, сёння?
— Вельмі розная. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць сёння рабіць карткі якога заўгодна фармату і памеру, з паперы рознай шчыльнасці і фактуры. Робіць сваю справу, безумоўна, і якасць друку. Асабліва папулярныя сёння электронныя паштоўкі, і мяркую, што яны яшчэ абыйдуць друкаваныя па разнастайнасці выяўленчых рашэннў. Яны ўжо заваявалі важкі сегмент рынку.
Паштоўка сёння вылучаецца не толькі маляўнічасцю, прыгажосцю ліній, колераў, майстэрствам мастака, а і дызайнерскім падыходам, цікавай ідэяй. І людзі з задавальненнем купляюць прадукт такога кшталту. Але ж, на маю думку, пры ўсёй відавочнай разнастайнасці паштовачнага асартыменту, добрую паштоўку знайсці не заўсёды і лёгка.
— Чаму?
— Тут справа ў тым, якое віншаванне менавіта вам блізкае. Сёння беларускі рынак мае вялікую колькасць картак заходняга ўзору. Які эмацыйны пасыл звыйчайна ў іх закладзены? Гумар, пэўны жарт, “прыкол”, кажучы маладзёжным слэнгам. Але — не больш. А паштоўка, на маю думку, прызначана для таго, каб несці ўзнёслы настрой — добрае прывітанне, светлы, празрысты смутак, рамантычныя ўспаміны. І вось гэта — чароўны, добразычлівы эмацыйны пасыл — я рэдка знаходжу ў сучасным вале картак.
— Магчыма, тут справа не ў мастацкім вырашэнні, а ў падыходзе да віншавання? У Еўропе, Амерыцы прынята віншаваць так, а ў нас, у славян — іншым чынам?
— Ваша праўда. Я не хачу гаварыць за ўсіх беларускіх спажыўцоў, але беларусы цягнуцца болей да вобраза, чым да тэксту. Калі паштоўка добра зроблена, і сімвал, культурны знак у ёй ясна прачытваецца, пакупнік аддасць перавагу ёй, прыгожай і маляўнічай, чым аляпаватай і вясёлай.
— Якія асаблівасці мае беларуская паштоўка? Па чым яе можна вылучыць сярод іншых?
— Гэта ў вас павінна адбывацца на падсвядомым узроўні. А што да віншаванняў, якія я раблю разам з жонкай, дык у першую чаргу мы абапіраемся на колеры, уласцівыя нашаму менталітэту. Гэта празрыстыя, няяркія фарбы. Стрыманая каларыстычная аснова ў
 /i/content/pi/cult/142/911/Znak uvagi2.jpg
спалучэнні з аўтарскім маляваннем — гэта ёсць прыкмета добрага густу, традыцыі і арыгінальнасці. Абавязкова трэба ўлічваць і ўтылітарны характар паштоўкі. Калі яна спадабаецца пакупніку, ён можа выкарыстоўваць картку і як закладку, як каляндарык, як карцінку.
Паставіць яе дзе-небудзь на стале, на паліцы, і з цягам часу яна, натуральна, будзе губляць яркасць, паблякне. Таму нашы беларускія адценні ў гэтым плане вельмі зручныя, наша паштоўка можа паслужыць доўга. Менавіта таму я імкнуся выкарыстоўваць няяркія колеры.
Па-другое, прысутнасць элементаў народнай культуры. Тэхніка выцінанкі, кавальскай справы, ткацкі малюнак, арнамент — усё гэта не відавочна, не кічава можа прысутнічаць у малюнку, у падкладцы пад малюнак картачкі. Я малюю і помнікі беларускай архітэктуры: нават калі пакупнік і не пазнае пабудову, ён ўзгадае знаёмыя лініі, архітэктурныя матывы — і купіць паштовачку, бо штосцьі ў ёй падасца яму блізкім.
Дарэчы, мне хочацца адзначыць вось што. Нягледзячы на тое, што наша паштоўка нясе ў сабе такія цёплыя, чалавечыя эмоцыі, культура спажывання “друкаваных віншаванняў” у нас не вельмі развіта. Так, людзі купляюць паштоўкі на свята, але не больш. У заходніх краінах рабіць такія маленькія “знакі ўвагі” куды больш прынята, чым у нас. Запрасіць на ланч з дапамогай карткі, на сустрэчу, проста нагадаць пра сябе — усё гэта норма, звычайная частка культуры кантактаў, побыту.
— Гэткая стрыманасць у выказванні “знакаў увагі”, зноў-такі, асаблівасць нашага менталітэту?
— Можна сказаць і так. У нас адсутнасць гэтай культуры — спадчына савецкай эпохі.
/i/content/pi/cult/142/911/Znak uvagi3.jpg 
Святаў тады было ўсяго чатыры, і толькі на іх было прынята дарыць паштоўкі. Салата аліўе, цёплае шампанскае, халодныя мандарыны і навагодняя паштоўка — без гэтых атрыбутаў савецкі Новы год лічыўся няўдалым.
Сёння, дзякуй Богу, святаў стала болей. Каляды, Вялікдзень, іншыя розныя святы — адпаведна з’явіліся і паштоўкі, якія віншуюць з Ражджаством Хрыстовым, з Днём анёла, з Калядамі. Альбо віншаванні з Днём святога Валянціна, калі кожны, незалежна ад полу, можа даслаць каханаму чалавеку “валянцінку”. Усе яны падаюцца мне віншаваннямі больш сімпатычнамі, рамантычнымі, чым з колішнімі “днём жанчын” і “днём мужчын”. Дарэчы, па праваслаўным календары Дзень святога Валянціна амаль супадае з Днём святога Ануфрыя, які гэтаксама лічыцца патронам усіх закаханых.
Патрошкі людзі пачынаюць гаварыць і дасылаць добрыя словы, пяшчотныя эмоцыі сваім блізкім не толькі з нагоды афіцыйных свят. Але хацелася б, каб наш рынак “віншаванняў” пабагацеў не толькі на асобныя цудоўныя экземпляры святочных паштовак, а на цэлыя іх серыі, зробленыя беларускімі мастакамі. Каб пакупнік браў у рукі паштоўку і пазнаваў па стылі нават мастакоў. Купляў сабе серыю такіх “маленькіх віншаванняў” і дасылаў родным. А яны ў сваю чаргу, атрымліваючы паштоўку, ужо па тым жа самым стылі пазнавалі: о, гэта Анатоль нас віншуе са святам! Вось такі прыемны пераемны працэс.
— Ігар, я і не ўяўляла, што размова пра паштоўкі можа нас навесці на гэткі культурны аналіз…
— Гэта тэма, сапраўды, невычэрпная і вельмі цікавая. Як і кожны від мастацтва, мастацтва паштоўкі — рэч дастаткова інфармацыйная, праз якую можна высветліць, як мы з вамі жывем і чым дыхаем. Таму здзіўляцца тут не трэба, а больш — “матаць на вус”.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ