Промні веры

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Тэме хрысціянства на нашых землях, таінству хрышчэння, асветніцкай ролі манастыроў прысвечаны новы праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Выстаўка “У промнях веры хрысціянскай” прымеркавана да знакавай падзеі — Хрышчэння Кіеўскай Русі ў 988 годзе.

Як адзначыў міністр культуры краіны Барыс Святлоў на вернісажы, прадметы сведчаць пра багацце і талент нашага народа, яго духоўную стойкасць. На думку міністра, гісторыю мастацтваў нельга ўявіць без хрысціянскіх сюжэтаў.

/i/content/pi/cult/437/9101/2-3.jpeg

Прадметы з музейнага і царкоўнага збораў складаюць тры тэматычныя блокі праекта. Адзін з іх прысвечаны тэме хрышчэння. Яго перлінай з’яўляецца калекцыя нацельных крыжыкаў. Найбольш раннія з іх звязваюць нас з першымі хрысціянамі на тэрыторыі Беларусі. Скарбам музейнага збору з’яўляецца ікона “Хрышчэнне ў Іардане”, дзе выява змешчана ў выдзеўбаным коле. Твор, верагодна, быў напісаны ў ХVІІ ст. і належыць да ўзораў самых ранніх помнікаў іканапісу ў калекцыі Гістарычнага.

/i/content/pi/cult/437/9101/2-1.jpeg

Другі блок — прадметы царкоўнага начыння. Гонарам калекцыі з’яўляецца кацея — ручное кадзіла ХІІ — ХІІІ ст.: гэта адзіны прадмет такога роду і названага часу ў зборах краіны. Трэці блок прысвечаны манастырам — культурным, адукацыйным і навуковым цэнтрам.

/i/content/pi/cult/437/9101/2-2.jpeg

Акрамя прадметаў з калекцыі музея, прадстаўлены іконы з Сабора Ражджаства Божай Маці ў Глыбокім. Адметна, што цыкл ікон на сюжэты Хрыстовых пакут перад даследчыкамі іканапісу і грамадскасцю паўстане ўпершыню, а пасля выстаўкі вернецца ў храм.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"