Гаворка ішла пра забеспячэнне адэкватнага рэагавання нашых устаноў на сучасныя глабальныя змяненні, пра тое, што інавацыйнасць і крэатыўнасць у бібліятэчнай справе — не капрыз, а запатрабаваныя формы будзённай работы.
Кіраўнікі і намеснікі дырэктараў устаноў абмеркавалі выкарыстанне маркетынгавых сродкаў для прыцягнення большага кола чытачоў і стварэння камфортных умоў для абслугоўвання. Першымі прымалі гасцей-суседзяў астраўчане, якія прадставілі свае здабыткі на прыкладзе Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Мальскай і Гярвяцкай сельскіх бібліятэк — цэнтра нацыянальных культур. Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў Рымдзюнскай бібліятэцы.
Другі дзень семінара прайшоў на Ашмяншчыне. Дзейнасць бібліятэчных устаноў гэтага раёна, у прынцыпе, не адрозніваецца ад астравецкіх, але… Да прыкладу, Гальшанская сельская бібліятэка рэалізавала праект “Дуга, што аб’ядноўвае народы і культуры”.
Ашмянскія калегі падзяліліся вопытам пошуку пазабюджэтных сродкаў і гасцінна адвезлі ў Тупішкі, на месца, дзе пазначаны адзін з пунктаў Дугі Струвэ — помніка са Спіса сусветнай спадчыны UNESCO. Наведалі ўдзельнікі семінара таксама Ашмянскую дзіцячую бібліятэку, Барунскі базыльянскі манастырскі комплекс, Кальчунскую бібліятэку — цэнтр сацыяльна-культурнай падтрымкі насельніцтва.
Трэці дзень семінарысты правялі на Смаргоншчыне, дзе азнаёміліся з работай Гарадской бібліятэкі № 2, Жодзішкаўскай сельскай бібліятэкі і Ракавецкай бібліятэкі-клуба. Апошняя сустрэла гасцей вячоркамі. У ЦРБ ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з мастачкай Аrа Мах і яе творчасцю.
Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай цэнтралізаванай
бібліятэчнай сістэмы
На здымку: пад час семінара.