Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

“…Мяне пасадзілі на задняе сядзенне закрытага фургона, і я паняцця не меў, у які бок мы едзем, — пісаў журналіст. — Упэўнены, каб канчаткова збіць мяне са следу, кіроўца зрабіў пару-тройку лішніх кругоў. Ці, быць можа, на нашым шляху тройчы сустрэліся цалкам аднолькавыя калдобіны са жвірам на дне? Зрэшты, кірунак мяне не павінен цікавіць: такія правілы гульні, з якімі я пагадзіўся. <...> З іншага боку, іх можна зразумець: калі я выпадкова рассакрэчу адрас той установы, куды мяне прывезлі, сюды рынуцца сотні ці нават тысячы маіх калег. Дзіва што: у доме састарэлых для асабліва важных персон, пабудаваным па асабістым указанні старшыні КДБ Семічаснага яшчэ ў 1963 годзе, пражывае нямала людзей, знаёмых з самымі пякучымі таямніцамі савецкай улады. <...> Ёсць сярод іх і тыя, хто даўным-даўно лічыцца ў памерлых. Асаблівым шыкам у іх лічыцца павесіць над ложкам фотаздымак уласнай магілы і некралогі на сябе. Большасць “нябожчыкаў”, якія пражываюць тут, “пахаваны” на Новадзявочых могілках. Але ёсць двое, чый “прах” спачывае ў Крамлёўскай сцяне…

(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28 — 29.)

Падземная аўтастаянка была напаўпустой. Некалькі чорных “волг”, пара “чаек”, адна “перамога” і “аўдзі”, якая глядзелася тут чужародна. <...> Мы хуткім крокам ішлі да ліфта, і я на хаду паспрабаваў запомніць хаця б адзін з нумароў аўтамабіляў, каб затым праз сяброў у ДАІ выведаць, каму яны належаць. Але нумарныя знакі чыёсьці прадбачлівай рукой былі завешаны <...>.

— Віктар Сямёнавіч Абакумаў запрасіў мяне для гутаркі. Мы размаўлялі з ім на розныя тэмы больш за паўтары гадзіны. І раптам таварыш Абакумаў запытаўся ў мяне, ці гатовы я выконваць далікатныя заданні, таямніцу якіх павінен буду забраць з сабой у магілу. Ён намякнуў на тое, што гаворка можа ісці пра ліквідацыю некаторых вядомых людзей, чые паводзіны выходзяць за межы, прынятыя ў пасляваенным грамадстве і з’яўляюцца злачыннымі. Я пагадзіўся. І праз пару тыдняў быў ізноў выкліканы ў гэты ж кабінет…

Абакумаў працягнуў Гендліну лісток паперы з прозвішчам, імем ды адрасам зусім не знаёмага Міхаілу Якаўлевічу чалавека. І сказаў: “Запомніце. І спаліце гэта ў маёй попельніцы”. Потым дадаў: “Даю вам тыдзень. Усё павінна выглядаць так, быццам гэта — няшчасны выпадак, магчыма, нават самагубства. А лепш за ўсё — сардэчны прыступ. Прыміце пад увагу, гэтае заданне знаходзіцца пад кантролем самога таварыша Берыя”.

/i/content/pi/cult/437/9096/14-5.jpeg

Ю.Пэн. "Пекар".

Я не меў права распытваць, што гэта за чалавек. І толькі потым, ужо бліжэй да сыходу на пенсію, даведаўся з архіваў, што ён быў калісьці даверанай асобай Лаўрэнція Паўлавіча, а дакладней — “ліквідатарам”. Вы ж разумееце, што часам неабходна было прыбіраць праціўнікаў ціха, без шуму.

— Як, напрыклад, Міхоэлса?

— Так. Але тады я яшчэ не ведаў, што гэты “ліквідатар” мае дачыненне да гібелі Саламона Міхайлавіча. На яго сумленні, дарэчы, смерць яшчэ аднаго вялікага яўрэя — мастака Юрыя Пэна. Як я высветліў, стары Пэн быў адным з першых яго заданняў (вылучана мной. — А.П.)

— Міхаіл Якаўлевіч, а вы можаце назваць імя гэтага “ліквідатара”? У рэшце рэшт, прайшло столькі гадоў, няма ўжо ў жывых ні Абакумава, ні іншых вашых начальнікаў, ды і КДБ не існуе, як, зрэшты, і Савецкага Саюза...

— Але я жывы і мая клятва — са мной! Да таго ж, у яго засталіся сваякі — цяпер вельмі ўплывовыя людзі ў Расіі, — і я зусім не хацеў бы ўскладненняў з імі. Скажу толькі: ён быў запісным антысемітам. І ў апошні год жыцця, выйшаўшы з-пад кантролю таварыша Берыя, вельмі часта сам прымаў рашэнне, каго караць смерцю, а каго мілаваць.

— Як ён памёр?

— О, гэта было вельмі цяжкім заданнем! Ён разумеў, што за ім вядзецца паляванне і альбо сядзеў дома, альбо намагаўся акружыць сябе як мага большай колькасцю людзей. Сілкаваўся ён толькі ў нашай сталовай на Лубянцы, дзе атруціць ежу было вельмі складана. Мне давялося выдатна папрацаваць, каб разам з ім ніхто не пацярпеў. На шчасце, у маім распараджэнні была сакрэтная лабараторыя, дзе па асабістым распараджэнні таварыша Абакумава я атрымаў мініяцюрны шпрыц з імгненна дзеючай атрутай, якая потым вельмі хутка раскладаецца. Але і ў яго таксама быў такі шпрыц! Вельмі важна было, каб ён не зразумеў, што менавіта я за ім палюю. Я павінен быў выбраць момант, калі ён страціць пільнасць. А ён мог страціць яе толькі ў той адзіны момант, калі нёс паднос ад акна раздачы да століка ў сталовай. Але там было занадта шмат сведак, і я не павінен быў, як гэта цяпер кажуць, “засвяціцца”...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск