“Ліфт” на паласе перашкод

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Беларусы ды іншыя: стаць класікам ці класіка рабіць сучасным?

Класіка ці сучасная драматургія: што мусіць быць флагманам актуальных тэатральных працэсаў? Гэтае папраўдзе дыялектычнае пытанне можна было б вынесці ў якасці своеасаблівага дэвізу Х Маскоўскага міжнароднага фестывалю камерных тэатраў і спектакляў малых форм “Славянскі вянец”, які сабраў творчыя калектывы з Расіі, Беларусі, Украіны, Малдовы і Балгарыі. Нашу краіну на гэтым форуме прадстаўляў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, які заявіў у конкурсную праграму фестывалю спектакль “Ліфт” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Юліі Чарняўскай.

Беларускія тэатры традыцыйна прысутнічаюць у афішы гэтага прэстыжнага славянскага фестывалю, аднак у большасці выпадкаў — з пастаноўкамі паводле класічных, так бы мовіць, правераных твораў. Гэтым жа разам Коласаўскі тэатр зрабіў стаўку на “жывую”, новую драматургію. І — не прагадаў. Найперш таму, што яна, драматургічная аснова, створаная пад моцным кінематаграфічна-серыяльным уплывам, не стала... замінаць акцёрам і рэжысёру стварыць пазнавальныя, дакладныя вобразы — не маргіналаў або геніяў, а тых, што кожны дзень сустракаюцца нам. Рэжысёр спектакля Валерый Анісенка пайшоў дакладна вывераным шляхам: ён не стаў распавядаць і разыгрываць на сцэне гісторыю (імі, нават самымі незвычайнымі і неверагоднымі, сёння ўжо не здзівіш тэатральнага гледача). “Жыццё чалавечага духу”, эмоцыі і ўнутраныя перажыванні герояў — вось тое, што ён знарочыста вывеў на першы план і зрабіў “персанажамі” спектакля, у чарговы раз агаліўшы глабальную праблему сучаснага чалавецтва — папраўдзе фатальнай розніцы, прорвы паміж знешнім жыццём, навязаным тэлебачаннем, рэкламай, модай і г. д., і тымі тонкімі, бурлівымі, часам нават лавінападобнымі працэсамі, што адбываюцца пад гэтымі “абалонкамі” — у людскіх душах. І як бывае страшна, непапраўна, калі лавіна гэтых эмоцый прарываецца вонкі...

Акурат гэтая праўда ўнутранага жыцця персанажаў, увасобленых віцебскімі акцёрамі, і скарыла фестывальнае журы, якое адзначыла “Ліфт” спецыяльным дыпломам “За асваенне сацыяльнай праблематыкі”, а таксама дыпломам “За яркае сцэнічнае існаванне” — Раісу Грыбовіч у ролі Маці Дзімона.

 

/i/content/pi/cult/437/9090/9-5.jpeg

Тэма актуальнасці сучаснага тэатральнага мастацтва сталася магістральнай для юбілейнага “Славянскага вянца”. Яшчэ і таму, што значная частка конкурсных спектакляў па творах класікаў славянскай драматургіі так ці інакш узнімала пытанне не актуалізацыі класікі, але яе інтэграцыі — у культурную палітру нашага жыцця, кола інтарэсаў, нарэшце, у менталітэт сучаснікаў. Што мусіць прадпрымаць рэжысёр для таго, каб “дыстанцыя” паміж класічным творам і гледачом у зале не станавілася “паласой перашкод”?

Фестываль прапанаваў розныя “рэцэпты”. Сяроўскі тэатр драмы ў спектаклі “Банкрот” А.Астроўскага не пайшоў шляхам ілюстрацыі “старадаўніх нораваў”, а зрабіў стаўку на выяўленне механізмаў паводзін людзей “вакол” грошай, якія не толькі аказваюцца ва ўсе часы аднолькавымі, але і востра, проста ў лоб, узнімаюць пытанне: чым кожны з нас гатовы заплаціць за грошы? У выніку чаго і дом Бальшова напрыканцы спектакля непрыкметна ператвараецца ў аптовы склад, а людзі — у плоскія фігуры, да якіх можна падставіць чыю заўгодна “галаву” і перасунуць у любое зручнае месца (прыз фестывалю “За лепшае візуальнае рашэнне”).

У спектаклі “Апошні тэрмін” В.Распуціна Ровенскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра дзею, якая, паводле задумы аўтара, разгортваецца ў сібірскай глыбінцы, рэжысёр спектакля Уладзімір Петрыў (прыз фестывалю “За лепшую рэжысуру”) пераносіць... на Валынскае Палессе, “перакладаючы” сібірскую гаворку на ўкраінска-палескую. Аднаго гэтага аказваецца дастаткова для таго, каб знакамітая распуцінская гісторыя ў выкананні ўкраінскіх акцёраў выйшла па-за межы побытавага расповеду і ператварылася ў сапраўдную прытчу пра нашы ўзаемаадносіны з уласнымі продкамі, са сваім родам, з каранямі.

А вось у “Тарэлкіне” А.Сухаво-Кабыліна Маскоўскага драматычнага Тэатра на Пяроўскай, які журы фестывалю назвала лепшым спектаклем, рэжысёр Кірыл Панчанка не пайшоў шляхам пошуку міжчасавых або міжпрасторавых эквівалентаў. Пошук вобразнай структуры, якая злучыла б часы і прасторы, — вось “ключык”, што пазбаўляе твор Сухаво-Кабыліна музейнага налёту “класічнасці” і ператварае спектакль, “камедыю-жарт”, у востры ды яскравы філасофскі фарс.

У спектаклі няма анічога, што з’яўлялася б тым, чым яно нам бачыцца: бы ў старым калейдаскопе, матэрыяльны бок свету герояў Сухаво-Кабыліна ў адно імгненне гатовы змяніцца на свет іх прагнілых ды спарахнелых думак-эмоцый, і ўсё гэта — пры фармальнай “статычнасці” сцэнічнай прасторы. Такое “пярэваратніцтва” (не толькі прасторы і людзей у ёй, але і чалавечай сутнасці кожнага з яе насельнікаў), што, бы тэатральны трук, адбываецца на нашых вачах, на думку рэжысёра, і было важным для Сухаво-Кабыліна.

Нібы пад мікраскопам, тэатр разглядвае прыроду ды наступствы людскога “пярэваратніцтва”, і прыходзіць да высновы, што самае жахлівае ў ім — зусім не крывапіўства ды іншыя “пужалкі”, якімі запраўляюцца Варавіны (Юрый Булдыгераў — прыз журы “За лепшую мужчынскую ролю”), а тое, што аднойчы ступіўшы на гэтую сцяжынку, ужо нельга збочыць з яе і зрабіць выгляд, нібыта ўсё засталося па-ранейшаму. Вось толькі выглядае гэтае “пярэваратніцтва” зусім не так, як у галівудскіх фільмах пра вампіраў: кіношную рамантыку і лірыку выцясняе прага крывапіўства. Не важна — фізічнага, эмацыянальнага, маральнага...

Што ж да агульнага плёну “Славянскага вянца”, дык творчых стасункаў ды нагод для ўзаемаабмену новымі спектаклямі шмат не бывае. Фарміраванне ва ўмовах актыўнага наступлення глабалізацыі поля для сумеснага мастацка-творчага руху і генерацыі ідэй, не прынесеных аднекуль “звонку”, але народжаных у нетрах славянскай культуры, — вось “маячок”, які не перастае прыцягваць да сябе па-сапраўднаму творчыя групы…

На здымку: сцэна са спектакля “Ліфт” (Дзімон — Яўген Бераснеў, Маці — Раіса Грыбовіч, Алена — Юлія Чуліна).

Фота Аляксандра КАЛУГІНА