Добры дызайн у “Лабірынце”

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануюцца работы літоўскіх дызайнераў — пераможцаў сёлетняга нацыянальнага конкурсу “Geras dizainas”. “Geras” — перакладаецца як “добры”. Гэты конкурс ладзяць Форум дызайну Літвы і Міністэрства культуры гэтай краіны. Мэта конкурсу — падтрымка мясцовага творцы і вытворцы.

Мяркуючы па экспанатах, сёння ў нашых суседзяў у пашане экалогія, эканомія і ашчаднасць. Большую частку экспазіцыі складае мэбля. Стылёва яна нагадвае распрацоўкі савецкіх мастакоў-канструктараў 20-х гадоў мінулага стагоддзя (тады слова “дызайн” не ведалі), калі краіна пераадольвала наступствы Грамадзянскай вайны і пасляваеннай разрухі. Каб зрабіць штосьці з нічога, прыстойную і зручную рэч з танных матэрыялаў, патрэбны талент і майстэрства.

/i/content/pi/cult/437/9089/8-1.jpeg

Яны былі ў класікаў савецкага дызайну, ёсць і ў сённяшніх літоўскіх дызайнераў, якія шчыруюць на ніве функцыянальнага мінімалізму.

Цікавамі падаюцца спробы ўвесці фальклорныя матывы ў атрыбуты гарадскога побыту, каб неяк вылучыцца з глабалісцкага кантэксту, які сёння становіцца дамінуючым у літоўскай культуры.

/i/content/pi/cult/437/9089/8-2.jpeg

Выстаўку варта наведаць прафесіяналам-дызайнерам і ўсім, каго цікавяць культурныя тэндэнцыі на постсавецкай прасторы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"