Мяркуючы па экспанатах, сёння ў нашых суседзяў у пашане экалогія, эканомія і ашчаднасць. Большую частку экспазіцыі складае мэбля. Стылёва яна нагадвае распрацоўкі савецкіх мастакоў-канструктараў 20-х гадоў мінулага стагоддзя (тады слова “дызайн” не ведалі), калі краіна пераадольвала наступствы Грамадзянскай вайны і пасляваеннай разрухі. Каб зрабіць штосьці з нічога, прыстойную і зручную рэч з танных матэрыялаў, патрэбны талент і майстэрства.
Яны былі ў класікаў савецкага дызайну, ёсць і ў сённяшніх літоўскіх дызайнераў, якія шчыруюць на ніве функцыянальнага мінімалізму.
Цікавамі падаюцца спробы ўвесці фальклорныя матывы ў атрыбуты гарадскога побыту, каб неяк вылучыцца з глабалісцкага кантэксту, які сёння становіцца дамінуючым у літоўскай культуры.
Выстаўку варта наведаць прафесіяналам-дызайнерам і ўсім, каго цікавяць культурныя тэндэнцыі на постсавецкай прасторы.