Купілі рарытэты і...

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Чаму калекцыю айчыннай анімацыі набылі за грошы саміх аніматараў?

7 верасня ў Музеі гісторыі беларускага кіно стартуе новы праект “Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране”. Па сутнасці, яго можна назваць сенсацыйным: публіка ўпершыню атрымае магчымасць убачыць першыя крокі беларускай анімацыі. Ды не ў разавым фармаце: цягам года музей будзе дэманстраваць падборкі ўсіх беларускіх мультфільмаў, пачынаючы з 1972 года.

 

Ад “Няўдачніка” да…

Так, менавіта ў 1972-м рэжысёр-“першапраходзец” Уладзімір Голікаў зрабіў першую беларускую анімацыйную стужку “Няўдачнік”. Нягледзячы на “прыкметную” назву, карціне ўдалося дажыць да нашых дзён, і дзякуючы рэстаўрацыйнай працы кінастудыі “Беларусьфільм”, якая таксама ўзяла ўдзел у праекце па адраджэнні спадчыны айчыннай анімацыі, гледачы здолеюць убачыць стужку-піянер на вялікім экране ў рэмастыраваным выглядзе. Ці трэба казаць, што для айчыннага кіно гэта будзе, лічы, прэм’ера?..

 

/i/content/pi/cult/437/9087/9-1.jpeg

У цэлым, гісторыя супольнага праекта музея і кінастудыі пачалася не сёння. Музейная ўстанова даўно збірае беларускую анімацыю. Быў складзены спіс, у якім аказалася 170 работ: “с миру по нитке” стужкі закуплялі, збіралі ў адмысловы фонд, і, нарэшце, апошняе значнае набыццё — 20 фільмаў “золку” айчыннай анімацыі  — дазволіла сказаць пра паўнавартасны збор, калекцыю, якую можна паказаць знаўцам ды ўсім цікаўным.

— На дадзены момант у нашым распараджэнні — 160 мультфільмаў, — канстатуе дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў. — Прычым з 1972 па 1988 гады — літаральна ўсё! А да моманту, калі ў рамках праекта “Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране” падыдзе чарга дэманстрацыі стужак з 1989 года, мяркую, тыя дзесяць, што адсутнічаюць, мы знойдзем…

Невялікая рэмарка. Важна адзначыць і форму прэзентацыі адшуканай класікі беларускай анімацыі. Стужкі будуць “разбіты” ў падборкі па ўмоўных дзесяцігоддзях, да прыкладу, 1972 — 1979 гг. Каб знакавыя фільмы ўбачыла як мага больш гледачоў, паказ кожнай новай падборкі ў першую суботу месяца будзе паўтарацца ў наступныя тры суботы. Пачатак новага месяца — пачатак паказу чарговай падборкі па тым жа прынцыпе. У выніку адбудзецца тое, пра што неаднаразова пісала “К”, — дэманстрацыя па прынцыпе працы сінематэкі: калі сеансы паўтараюць некалькі разоў. Лічы, рарытэтнае (анімацыйнае) кіно зараз стала для публікі даступным: два месяцы восені — 40 гадоў развіцця анімацыйнага кіно.

Дык якія ж мультфільмы першай праграмы варта вылучыць асобна?

 

/i/content/pi/cult/437/9087/9-2.jpeg

— Акрамя стужкі-першынца “Няўдачнік”, адзначу паэтычны графічны фільм-прытчу Уладзіміра Піменава і Ларысы Зіневіч пра абуджэнне пачуцця прыгажосці — “Хлопчык і птушка” 1974 года, — распавядае Ігар Аўдзееў. — Ён канчаткова сцвердзіў на кінастудыі “Беларусьфільм” новы від мастацтва. У стварэнні гэтай карціны прымалі ўдзел нашы вядучыя майстры-аніматары Ігар Волчак, Таццяна Жыткоўская і Ірына Кадзюкова. Хочацца вылучыць і казку Леаніда Шукалюкава “Касец-волат” 1976-га — першае наша рысаванае ўвасабленне фальклорнага сюжэта, — бліскучую, таксама рысаваную, “Казку пра вясёлага клоўна” 1980 года Алега Белаусава, змест і пафас якой у многім адлюстроўвае сутнасць нашай асветніцкай дзейнасці… Ды, у кантэксце надыходзячага Чэмпіянату свету па хакеі, цікава будзе паглядзець прыгодніцкі мультфільм “Квака-задавака” 1975 года аб лясной спартакіядзе, дзе герою-жабяняці стаць чэмпіёнам перашкаджае яго выхвалянне. А загалоўную песню ў стужцы выконваюць нашы знакамітыя “Песняры”…

 

А героі хто?

Дзе ж удалося адшукаць знакавую “дваццатку” рарытэтаў айчыннай мультыплікацыі?

— Знайшлі ў Дзяржфільмафондзе Расіі, у Белых Сталбах, — адказвае Ігар Алегавіч. — Але ж пару стужак адшукалі нават у нас, у Дзяржынску, у дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, хоць і меркавалася, што іх там быць не можа. Аднак — былі, акурат таго самага 1972 года, у нядрэннай якасці, што сведчыць пра годныя ўмовы захавання кінематаграфічнага матэрыялу...

Выкупілі раннія стужкі за спонсарскія грошы, і самае цікавае — тымі спонсарамі аказаліся… самі беларускія аніматары. Атрымліваецца, што аўтары не толькі ствараюць спадчыну анімацыі, але і захоўваюць яе.

— І не кажыце! Каб не аўтары, спадчына анімацыі, магчыма, даўно знікла б і страцілася, — дзеліцца Ігар Аўдзееў. — А так, маючы матэрыял, можна займацца і справай яго папулярызацыі...

У цэлым, анімацыйны цэх — самы актыўны з прафесійных кінасуполак, дадае дырэктар музея. Яны рэгулярна наведваюць пасяджэнні клуба “Аніма” пры ўстанове, цікавяцца навінкамі анімацыі ў свеце, напрацоўкамі калег…

— Да прыкладу, сёння расійскі Дзяржфільмафонд адкрывае свае зборы і пачынае іх папулярызацыю ў выглядзе падрыхтоўкі шэрагу тэматычных праграм, — распавядае Ігар Алегавіч. — Жаданне пазнаёміцца з першымі расійскімі анімацыйнымі фільмамі, што пачынаюць рэмастыраваць, рэстаўрыраваць, выказалі і нашы аніматары. У выніку быў зладжаны адмысловы паказ: прыязджаў расійскі спецыяліст, які распавёў пра рарытэтныя работы, што захоўваюцца ў расійскім фондзе… Словам, нашы аніматары не спяць у шапку. Ды, уласна, сам іх учынак у справе фарміравання беларускай калекцыі анімацыі — калі аўтары даюць уласныя грошы на стужкі — красамоўны…

Тое, што актуальнасць знакамітага выслоўя пра выратаванне тапельцаў да гэтай пары не страціла сілу, мы бачым літаральна на кожным кроку. Прыклад жа прафесійнай салідарнасці, якую выявілі беларускія аніматары, сустрэнеш, на жаль, не часта. Між тым, мяркуючы па выніках, менавіта апошняе заслугоўвае павагі і пераймання...

 

Што ж далей?

Наступным крокам па аднаўленні класікі беларускай анімацыі, кажа дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно, будзе вызначэнне найбольш каштоўных фільмаў.

 

/i/content/pi/cult/437/9087/9-3.jpeg

— Са спіса ў 172 адзінкі мы вылучым шэраг, якому будзе нададзена першачарговая ўвага. І на гэтай аснове мае з’явіцца “Залатая кніга беларускай анімацыі”…

Пра ідэю стварэння вышэйназванага асветніцкага атракцыёну ў Музеі гісторыі беларускага кіно “К” пісала сёлета. Але ж тады праект быў пад заслонай таямніцы. Сёння Ігар Аўдзееў пагадзіўся падзяліцца задумкамі.

— “Кніга” плануецца ў выглядзе стэнда з вялікімі маніторамі, на якіх будуць з’яўляцца персанажы мультфільмаў, — абмаляваў ён будучы атракцыён. — Гэта будзе інтэрактыў, які дазволіць наведвальніку, так бы мовіць, заглыбіцца ў матэрыял. Напрыклад, на экране з’яўляецца анімацыйны герой і пытае: “Хочаш пазнаёміцца з маімі прыгодамі?” Калі гледачу падабаецца персанаж, ён націскае на кнопку і можа ўбачыць урыўкі з мультфільма. Калі ж не — далей гартае “старонкі” электроннай кнігі. Вядома, што публіцы будзе прапанаваны шэраг абліччаў, каб кожны мог выбраць таго, хто яму больш даспадобы...

Супрацоўнікі музея хочуць зрабіць пілотную версію “Залатой кнігі беларускай анімацыі”, каб быў бачны механізм працы атракцыёна, а далей — напоўняць праграму інфармацыяй пра новыя фільмы.

Ігар Аўдзееў падкрэсліў, што з задавальненнем прапанаваў бы наведвальнікам і DVD-дыскі з айчыннай мультыплікацыяй, але, на жаль, фірма, з якой працуе ў гэтым кірунку кінастудыя “Беларусьфільм”, мае дазвол распаўсюджваць прадукцыю толькі ў пэўных крамах.

— Гэтае пытанне пакуль не вырашана, — канстатаваў ён. — Хоць, натуральна, такая паслуга магла б быць у музеі...

Як і павелічэнне дэманстрацыйных залаў, калі б установа мела адпаведнае тэхнічнае абсталяванне.

— Мы валодаем дастатковымі плошчамі і маглі б зрабіць адпаведныя пляцоўкі для паказаў на ўсіх паверхах, але… няма тэхнічнага абсталявання. Нават экран у галоўнай зале, які насамрэч з’яўляецца звычайным тэлевізарам, — падарунак спонсара. А, да прыкладу, у маскоўскім Музеі кіно на Прэсні працуе шэсць залаў…

Ды ўсё ж, вяртаючыся да ўзнятага некалі “К” пытання на конт стварэння адмысловага Цэнтра анімацыйных мастацтваў, Музей гісторыі беларускага кіно дэманструе, што павольна, але ўпэўнена рухаецца ў дадзеным напрамку. Калекцыя беларускай класікі, пляцоўка для гуртавання прафесіяналаў, новыя рэжымы дэманстрацыі кіно, асабістая зацікаўленасць супрацоўнікаў — усё гэта сведчыць пра тое, што на сённяшнім этапе ўстанова і яе аднадумцы робяць у плане захавання ды папулярызацыі айчыннай анімацыі нават больш, чым магчыма.

Менавіта дзякуючы падобнаму падыходу мы маем хаця б тое, што маем. А гэта не так ужо і мала.

На здымках: кадры з першых беларускіх анімацыйных стужак "Касец-асілак" (1976 г.), "Квака-задавака" (1975 г.), "Цімка і Дзімка" (1975 г.).

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"