Што важна для дыяспары?

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Беларусы свету распавялі ў Мінску пра свае праблемы

Сёння арганізаваная беларуская супольнасць маецца ў некалькіх дзясятках краін свету — ад Аргенціны і Аўстраліі да Канады, Польшчы ды Расіі. За мяжой пражывае больш як тры з паловай мільёны этнічных беларусаў. Усіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары аб’ядноўвае як любоў да роднага краю, яго гісторыі ды традыцый, так і шэраг агульных праблем. Іх абмеркаванне, выпрацоўка стратэгіі вырашэння і ляглі ў аснову VI З’езда беларусаў свету, які днямі адбыўся ў Мінску і сабраў амаль тры сотні дэлегатаў з 21 краіны.

/i/content/pi/cult/437/9084/4-1.jpeg

Выніковая рэзалюцыя абазначыла шэраг праблемных кропак. Гэта і захаванне дыяспарай нацыянальнай ідэнтычнасці, і супраца на карысць нацыянальнага развіцця розных плыняў эміграцыі (гэтым пытанням былі прысвечаны два з трох секцыйных пасяджэнняў), а таксама стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой баз для працы з суайчыннікамі за мяжой. Акрамя таго, пераважная большасць удзельнікаў Форуму выказалася за пашырэнне захадаў з боку дзяржавы па падтрымцы наяўных, а таксама стварэнні новых беларускіх школ у замежжы, па павелічэнні колькасці праграм для спадарожнікавага вяшчання на беларускай мове.

 

Прадуктыўнае мясцовае партнёрства


У курсе клопатаў нашых суайчыннікаў за мяжой і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Так, адносна стварэння заканадаўчай і нарматыўна-прававой баз для працы з дыяспарай міністр культуры адзначыў, што цяпер працягваецца работа над Дзяржаўнай праграмай «Беларусы ў свеце». У той жа час, праект Закону "Аб беларусах за мяжой" ужо гатовы да разгляду дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, па словах Барыса Святлова, работа з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, праводзіцца бесперапынна: праграма рэалізуецца да яе афіцыйнага прыняцця, а праблем, што нельга вырашыць без адпаведнага закону, не існуе.

Разам з тым, міністр культуры заклікаў беларусаў свету наладзіць яшчэ больш актыўнае партнёрства з мясцовымі органамі ўлады Беларусі і распрацаваць перспектыўныя планы ўзаемадзеяння. У прыватнасці, у мэтах развіцця адраснага партнёрства Міністэрства культуры спрабуе далучаць да работы з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, абласныя ўстановы культуры.

Барыс Святлоў падкрэсліў, што адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства культуры нашай краіны з’яўляецца развіццё міжнароднага партнёрства і дэманстрацыя нацыянальных дасягненняў за мяжой. Пры гэтым паспяховасць рэалізацыі такога напрамку звязваецца, у тым ліку, з развіццём партнёрства з беларускай дыяспарай.

Што ж да канкрэтнай дапамогі Міністэрства культуры нашым суайчыннікам за мяжой, то, па словах Барыса Святлова, толькі за перыяд 2012 —2013 гадоў беларускай дыяспары ў розных краінах свету перадзены сотні камплектаў нацыянальных касцюмаў, музычныя інструменты, кніжныя зборы. Акрамя таго, у 2011-м прайшоў Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету, што сабраў сотні маладых беларускіх творцаў, некаторыя з якіх упершыню пабывалі на роднай зямлі. Да слова, наступны фэст запланаваны налета. Пры гэтым Барыс Святлоў зазначыў, што дзяржава пакуль не можа даць беларусам замежжа такой матэрыяльнай падтрымкі, як іншыя краіны — сваім дыяспарам.

 

Асяродкі нескаардынаваны

 

Падзяліўся сваімі думкамі адносна развіцця айчыннай дыяспары і прадстаўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з Расіі Алег Рудакоў. Праблем з недахопам моладзі, які назіраецца ў большасці беларускіх нацыянальных арганізацыях свету, у Іркуцку няма. Іншая справа —цягам доўгага часу застаецца нявырашаным пытанне адносна заахвочвання беларусаў быць беларусамі, прадастаўлення ім магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, удзельнічаць у культурных праектах, якія дазволілі б ім часцей бываць на роднай зямлі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Прыбайкаллі актывісты аб’яднання абудзілі патрыятызм у тых, хто нарадзіўся ў Сібіры нават у шостым пакаленні, стварылі моду на беларускі касцюм.

Майстрыха па вырабе беларускіх нацыянальных строяў Таццяна Расмусен, якая ўжо больш за дзесяць гадоў жыве ў дацкім Капенгагене, выявіла яшчэ адну значную праблему: нескаардынаванасць беларускіх суполак у свеце. Так, жанчына хацела трапіць на святкаванне Купалля ў ЗША ці Канаду, якое праводзіцца тамтэйшымі беларусамі, аднак, не знайшоўшы загадзя патрэбнай інфармацыі, вымушана была паехаць на свята ў бліжэйшы ад Капенгагена беларускі асяродак — Прагу. На яе думку, было б цудоўна, каб з’явіўся паўнавартасны інтэрнэт-партал беларусаў замежжа, дзе акумулявалася б уся аператыўная інфармацыя, змяшчаліся кантакты, анонсы мерапрыемстваў.

Ніна Савінава з Эстоніі падзялілася клопатам: цягам другога дзесяцігоддзя застаецца нявырашанай візавая праблема. Сёння, на вялікі жаль, для беларусаў замежжа не створаны палёгкі, у тым ліку фінансавыя, у атрыманні віз, што істотна абмяжоўвае іх кантакты з Радзімай.

Гісторык Наталля Гардзіенка адзначыла шэраг сумных фактаў. У прыватнасці, за апошнія дзесяцігоддзі на нейкі час з’явіліся і спынілі існаванне беларускія структуры ў Бразіліі, Балгарыі ды Іспаніі. Таксама перапісы насельніцтва фіксуюць змяншэнне колькасці беларусаў у Расіі, Украіне ды іншых краінах. Фактычна няма сёння арганізаванай беларускай прысутнасці ў Францыі, дзе ў сярэдзіне ХХ стагоддзя быў даволі моцны беларускі асяродак.Затое цягам апошніх гадоў аформіліся арганізацыі ў новых краінах.Дзейнічае Саюз беларусаў Грузіі «Беларускія сябры», а ў Швейцарыі, дзе, напэўна, ніколі не было беларускіх арганізацый, з’явілася Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі...

Можна яшчэ доўга пералічваць разнастайныя — вялікія, глабальныя, і маленькія, лакальныя — клопаты беларускай супольнасці замежжа, але відавочна, што адолець іх не пад сілу аднаму чалавеку або адной арганізацыі. Толькі разам — і не раз у чатыры гады пад час правядзення З’езда — з падтрымкай дзяржавы можна вырашыць любыя цяжкасці і супрацьстаяць традыцыйнай праблеме ўсіх эміграцыйных асяродкаў — асіміляцыі.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"