Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Дык ці вінаваты асуджаныя?

(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28.)

Нават беглы разгляд судовай справы і аргументаў, з-за якіх былі асуджаны Файнштэйны, цалкам відавочна пацвярджае: ніякіх не тое, каб сур’ёзных, а нават самых простых доказаў супраць абвінавачваных не было. Насамрэч, хіба ж аргумент пры абвінавачванні ў забойстве — наяўнасць у абвінавачваных карцін Ю.Пэна? У Віцебску тых гадоў у дзясятках сем’яў меліся работы гэтага мастака. Гэткае ж непераканаўчае абвінавачванне і ў тым, што родныя Пэна забілі яго для таго, каб завалодаць ягонымі творамі: ім, як і ўсяму насельніцтву горада, было добра вядома, што яшчэ ў 1936 годзе Юрый Масеевіч завяшчаў сваю спадчыну гораду Віцебску. Таму забойства завяшчальніка нічога ў гэтых адносінах ужо не вырашала. Ды і што маглі зрабіць з карцінамі ды малюнкамі мастака яго родныя, каб тыя дасталіся ім? Прадаць? Каму? У жабрацкай краіне, якая называлася “СССР”, у даваенныя гады былі толькі адзінкі людзей (як правіла, у сталіцы — Ленінградзе, — ды яшчэ ў некалькіх гарадах), што мелі магчымасць набываць жывапісныя і графічныя работы такога ўзроўню. А з саміх палотнаў і паперы (кардону), не зварыш ні кашы, ні супу. Скажу больш: менавіта Файнштэйны былі ў большай ступені зацікаўлены ў тым, каб Пэн жыў як мага даўжэй: агульнавядома, што ён ім часта дапамагаў грашыма (гэтая сям’я жыла вельмі сціпла нават па мерках тых галодных гадоў). Да таго ж, давайце зададзімся і такім пытаннем: каму была выгадная смерць завяшчальніка? Вядома, спадчынніку. А ім, як вядома, была дзяржава. І ўжо калі вельмі паверыць у жаданне Файнштэйнаў завалодаць работамі мастака, дык яны ў гэтым выпадку павінны былі спрабаваць угаварыць Ю.Пэна перапісаць завяшчанне, а не па-зверску забіваць яго.

/i/content/pi/cult/436/9081/1-4.jpeg

Сын карэспандэнта газеты “Звязда” па Віцебскай вобласці Саламона Брайніна, які выступаў пад псеўданімам “Арк. Замежны” і рэгулярна публікаваў ў сваёй газеце справаздачы аб працэсе над Файнштэйнамі, згадваў: “…Бацька з маці часта шапталіся ўпотай ад нас, дзяцей: час быў жорсткі, і бацькі нас засцерагалі ад лішняй інфармацыі. Ды, і, магчыма, баяліся, як бы мы не прагаварыліся. Праца па асвятленні працэсу каштавала бацьку вялікіх выдаткаў здароўя: ён увесь час нерваваўся, нястрымна курыў, быў нязвыкла раздражняльным і замкнёным. Тады я гэты дэпрэсіўны стан яго ўспрымаў як хваравітую рэакцыю на беззаконне цэнзуры і рэдакцыйных правак, якія часам да непазнавальнасці скажалі змест артыкулаў. Цяпер, калі праўда пра тыя падзеі стала набыткам грамадскасці, я ўжо па-іншаму тлумачу яго тагачасны стан. Відавочна, што бацька выдатна разумеў нявіннасць абвешчаных забойцамі людзей. Аднак, як і многія іншыя, проста не мог пра гэта не тое што пісаць, але нават і казаць. Можа быць, толькі маці ён і расказваў пра гэта. І тое шэптам, употайкі ад сваіх малалетніх дзяцей…”

Хто ж забіў Пэна?

Амаль усе, хто адразу ці ў рэшце рэшт не паверылі ў афіцыйную версію забойства мастака (а такіх было нямала), правільна ацанілі, чыіх рук гэта справа. Пра гэта гаварылі шэптам, і толькі ў "сваім" крузе. Мінула вельмі шмат гадоў, перш чым мы дакладна даведаліся, хто і як тое зрабіў. Для таго, каб гэта расказаць, мне трэба прывесці вялікі ўрывак з інтэрв’ю ўласнага карэспандэнта ізраільскай рускамоўнай газеты “Сакрэт” у Маскве Цімура Крыленкі, якое пад назвай "Кілер ЦК КПСС" быў апублікаваны ў № 225 гэтага выдання (23 — 29 жніўня 1998 г.). Журналісту нейкім чынам удалося дамовіцца аб інтэрв’ю з ветэранам КДБ, які назваўся Міхаілам Якаўлевічам Гендліным і пражываў у спецыяльным Доме ветэранаў камітэта...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск