Скрозь агонь баёў

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

У Гомельскім абласным музеі ваеннай славы працуе выстаўка “Скрозь агонь баёў”.

Аснову яе склалі экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава і нашай установы. Практыка сумеснай дзейнасці ды праца адразу трох музеяў — рэспубліканскага і двух рэгіянальных, — сталася прадуктыўнай і дазволіла стварыць паўнавартасную экспазіцыю.

/i/content/pi/cult/436/9080/1-3.jpeg

Выстаўка распавядае пра вайсковую справу сярэдзіны XVIII — XIX стст. ва Усходняй і Заходняй Еўропе. Зброя і рыштунак пехацінцаў, кавалерыстаў сабраны ў выставачнай зале, маюць шырокую геаграфію: Англія, Бельгія, Францыя, Прусія, Расійская імперыя. Прамысловая ж рэвалюцыя XIX ст. змяніла аблічча вайны.

На выстаўцы “Скрозь агонь баёў” наведвальнікі змогуць прасачыць на прыкладзе ручной агнястрэльнай зброі, як пісталеты з крамянёвымі ўдарнымі замкамі былі заменены больш надзейнымі капсульнымі ўдарнымі замкамі, а пазней, з 2-й паловы XIX ст., рэвалюцыйнымі для свайго часу пісталетамі — рэвальверамі з барабаннай абоймай. Калі ў пачатку XIX ст. стралялі з крамянёвых ружжаў і пісталетаў, то напрыканцы стагоддзя стракаталі кулямёты, а набоі снараджаліся бяздымным порахам. Немагчыма ўявіць сабе вайскоўца і без халоднай зброі, узоры якой таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Засцерагальнае ўзбраенне прадстаўлена грэнадзёрскімі шапкамі, вырабленымі паводле вайсковай стылістыкі канца XVIII — пачатку XIX стст., а таксама кірасой і шлемам, якія належалі цяжкаўзброенаму конніку — кірасіру.

У экспазіцыі дэманструюцца літаграфіі з выявамі вайсковага адзення і ўзбраення Расійскай імперыі 2-й паловы XVIII — канца XIX стст. Наведвальнікі выстаўкі змогуць даведацца пра ўжо забытыя прадметы вайсковага рыштунку ды іх гісторыю, сярод якіх — эпалеты, ташка, цямляк, кушак, ладунак, а таксама аб прадметах, што праз стагоддзі дайшлі да нашых дзён і выкарыстоўваюцца ў сучасным войску (аксельбант, цэшка, партупея).

Сяргей ЦІТОЎ, старшы навуковы супрацоўнік Гомельскага абласнога музея ваеннай славы