“Пытанні рубам” ад Мельпамены...

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

19 снежня ў Мінску адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сучасны беларускі тэатр: здабыткі, праблемы, перспектывы”. Яе арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, сабраўшы ў сценах акадэміі дырэктараў, мастацкіх кіраўнікоў тэатраў, навукоўцаў і аналітыкаў для канструктыўнай гаворкі аб стане і перспектывах развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва.

З асноўным дакладам выступіў старшыня саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі, які, у прыватнасці, зазначыў, што сёння ва ўмовах фарміравання рыначнай эканомікі і новых грамадскіх адносін тэатрам варта зірнуць на сваё існаванне з улікам сучасных жыццёвых рэалій, абагуліць назапашаны творчы вопыт і вызначыць перспектыўныя інавацыйныя падыходы для далейшага развіцця, арганізацыйна-эканамічнага і ідэйна-мастацкага ўзбагачэння нацыянальнай тэатральнай культуры.
Удзельнікі гаворкі, падрабязна прааналізаваўшы сітуацыю, што склалася ў сталічных і рэгіянальных тэатрах краіны, вызначылі тыя “слабыя звёны”, на якія варта звярнуць асаблівую, больш пільную ўвагу. Гэта, у прыватнасці, пытанні рэпертуарнай палітыкі тэатраў, якая мусіць быць не “выпадковай”, а куды больш адказнай у дачыненні да гледачоў, да ўсяго, адпавядаць асноўным ідэалагічным накірункам, якія праводзіць у жыццё наша дзяржава. Больш увагі належыць удзяляць пастаноўцы класікі і нацыянальнай драматургіі, і рабіць гэта не фармальна, дзеля “птушачкі”, а фарміраваць такім чынам адметнае аблічча беларускага тэатра. Бо, як зазначыў доктар мастацтвазнаўства Анатоль Сабалеўскі, “твар — гэта біялагічная прыналежнасць кожнага, а вось уласнае аблічча неабходна фарміраваць”.
Падымаліся, акрамя творчых, і пытанні нарматыўна-заканадаўчага характару. У прыватнасці, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Эдуард Герасімовіч агучыў тыя асноўныя пазіцыі, нарматыўная рэгламентацыя якіх дасць магчымасці для аптымізацыі ўнутрытэатральных пытанняў, якія істотна ўплываюцьна прадуктыўнасць дзейнасці калектываў, а менавіта спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі коштаў на білеты, нарматыўнае замацаванне адмены падатку на прыбытак (грашыма, заробленымі ад продажу білетаў, тэатры не распараджаюцца, а значыць і прыбыткам яны лічыцца не могуць), увядзенне сістэмы нарматыўнага бюджэтнага фінансавання, якое б разлічвалася ў адпаведнасці з колькасцю абслугоўваемых гледачоў і г.д.
Шмат гаварылася і пра падрыхтоўку творчых кадраў— неабходнасць не толькі прафесійнай арыентацыі будучай тэатральнай эліты нашага грамадства, але і асобаснага выхавання насамрэч моцных, цікавых акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, здольных стаць лідэрамі і генератарамі новых творчых ідэй, здольных сыграць пазітыўную, стваральную ролю ў справе фарміравання адказных грамадскіх паводзін кожнага з нас, фарміравання моцнай і працвітаючай краіны.
Прадстаўнікі Міністэрства культуры — першы намеснік міністра Уладзімір Рылатка і вядучы спецыяліст упраўлення мастацтваў Уладзімір Купрыенка агучылі пазіцыю міністэрства і адказалі на пытанні і прапановы, выказаныя пад час дыскусіі. У прыватнасці, Уладзімір Рылатка адзначыў, якія сёння перад тэатральнай грамадскасцю паўстаюць тры вектары задач, што патрабуюць свайго вырашэння: якасная змена сацыяльнай запатрабаванасці нашага тэатра, яго ідэйна-маральная і сацыяльная актывізацыя, а таксама павышэнне эканамічнай эфектыўнасці яго дзейнасці.
Толькі комплексны падыход да іх вырашэння можа даць надзею на пазітыўныя зрухі.
У выніку дыскусіі ўдзельнікі канферэнцыі прынялі наступную рэзалюцыю.