БЯРОЗАЎШЧЫНА
Праграма была насычаная. 16 творчых дэлегацый вобласці выступілі ў гаспадарках Бярозаўскага раёна. На Гумарыстычнай мытні ва ўрочышчы Дубкі гасцей свята сустракалі “шкваркай і карасём”. Каля Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу ўладкавалася Пасольства гумару і жартаў, а ва ўстанове адбылося адкрыццё Музея гумару, дзе кожны мог пакінуць у Шклянцы смеху анекдот.
Сярод гумарыстычных падарункаў былі і мотальскія каўбасы, і столінскія гурочкі, і пінскі трыкатаж, і лунінецкае сала. Па вёсцы прайшло тэатралізаванае шэсце, якое ўзначальваў аркестр з піянерскімі горнамі ды барабанамі. Але як толькі яно наблізілася да галоўнай пляцоўкі ля Спораўскага возера, чорныя хмары заслалі ўсё наваколле. Удзельнікі і госці свята з жахам сталі чакаць навальніцы…
Але адбыўся цуд: жарты, смех і арыгінальны выгляд артыстаў спалохалі хмары! І, нягледзячы на тое, што вецер парваў электрычныя правады, хмары схаваліся аж за Моталем. І зайгралі музыкі, і заспявалі ўдзельнікі свята! Адкрылася мноства гумарыстычных выставак ды атракцыёнаў...
Пераможцамі V Абласнога свята народнага гумару “Спораўскія жарты” сталі творчыя дэлегацыі Лунінецкага (І месца), Бярозаўскага і Драгічынскага (ІІ месца) раёнаў. Віншуем усіх пераможцаў!..
Вольга ЗІНОВІЧ, вядучы метадыст па тэатральным мастацтве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра