Парог кінажыцця

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Дакументалісты абараніліся: ці спрацуе формула “адзін з пяці”

У будучыні беларускай тэлерэжысуры — жаночае аблічча. Каб упэўніцца ў гэтым, трэба было наведаць адмысловы выпускны экзамен факультэта экранных мастацтваў БДАМ. З васьмі выпускнікоў толькі двое належалі да той паловы чалавецтва, якая яшчэ нядаўна дамінавала ў рэжысёрскай прафесіі. Да таго ж, самыя ўдалыя і прафесійныя дыпломы знялі якраз дзяўчыны. Аднак, прызнаемся, калі не заглядваць у анатацыі ды фінальныя цітры, вызначыць гендарную прыналежнасць аўтараў выпускных стужак было складана. Бо сакрэт поспеху на экране ад яе абсалютна не залежыць.

/i/content/pi/cult/436/9069/1-1.jpeg

Кадры са стужкі Ганны-Марыі Сівіцкай "Марына Сяргееўна".

А залежыць ён выключна ад таленту, стараннасці ды жадання зрабіць свой твор максімальна цікавым не толькі для ўдзельнікаў здымак. І выпускнікі-2013 гэтыя здольнасці, кожны ў сваю сілу, прадэманстравалі, абраўшы максімальна цікавых герояў ды актуальныя тэмы.

Паказальна, што здымаць мастацкую дакументалістыку ад выпускнікоў, збольшага, не патрабавалася, бо выпускаўся курс па спецыяльнасці “Рэжысура тэлебачання”, а малы экран мае сваю спецыфіку, якая робіць акцэнт на інфармацыйны, а не на эмацыйны складнік. Тым больш пахвальна, што практычна ўсе выпускнікі курса старшага выкладчыка, тэлерэжысёра Вячаслава Акімушкіна падышлі да сваіх дыпломаў з вялікім творчым імпэтам і пастараліся зрабіць не звычайныя нарысы або тэлепартрэты, а нешта большае. У некаторых выпадках у сёлетніх выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў атрымаліся сапраўдныя — глыбокія, высокамастацкія — дакументальныя работы, якія зрабілі б гонар вопытным майстрам і сур’ёзным міжнародным фестывалям.

Так, Дар’я Андрыянава стварыла вострасацыяльны аповед пра жыццё маленькіх беларусаў з абласнога цэнтра. Чорна-белая выява, бездакорна знятая адразу трыма аператарамі — Русланам Фядотавым, Мікалаем Жалудовічам і Арсеніем Хачатуранам, — стварае адпаведны настрой: аднавымернае існаванне герояў “Пад скурай горада” ляжыць у паралельным свеце адносна жыцця сучаснага соцыуму. Можна сказаць, што рэальна існуючыя персанажы фільма Дар’і Андрыянавай кожны дзень ходзяць побач з намі, але... застаюцца па-за ўвагай грамадства. Такім чынам, стужка выпускніцы БДАМ раскрывае вочы на праблемы, якія звычайна стараюцца не заўважаць.

Малады рэжысёр вельмі цікава і прафесійна пабудавала кампазіцыю свайго дыпломнага твора. Галоўны герой фільма — хлопчык перадпубертатнага ўзросту — паступова праяўляецца сярод купкі такіх жа абадраных і падобных да беспрытульнікаў мальцаў, якія, дурэючы, забаўляюцца на задворках вялікага горада. Паступова становіцца зразумела: малы — зусім не беспрытульны, ён мае родных, дах над галавой, ходзіць у школу, дзе няблага вучыцца, бо мае пэўныя задаткі, і наогул, жыве не горш за равеснікаў, сярэднім, можна сказаць, тыповым жыццём. Апошняя выснова ўзрушае больш за ўсё: заганны лад існавання з усімі прыкметамі дэградацыі аказваецца звычайным, паўсядзённым, шырока распаўсюджаным...

Смелы натуралізм у дэманстрацыі грамадскіх хібаў, зайздросная якасць пабудовы кадра, сучасны падыход да паказу герояў — “Пад скурай горада” выглядае як паўнавартасны твор “набіўшага руку” прафесіянала. Гэтак сама, як і “Марына Сяргееўна” Ганны-Марыі Сівіцкай — пятнаццаціхвілінны партрэт рэжысёра сталічнага Палаца культуры чыгуначнікаў. Партрэт у жанры прамога назірання зняты рухомай камерай і без дадатковых тлумачэнняў у выглядзе закадравага тэксту перадае максімум інфармацыі аб гераіні. Малады рэжысёр і аператар здолелі насыціць сваё назіранне такой колькасцю “гаваркіх” дэталей, што ў экранным вобразе Марыны Сяргееўны чытаецца ўвесь ейны лёс і нават праглядвае сацыяльны тыпаж, які дазваляе гледачу выйсці на абагульненне. Нездарма больш-менш канкрэтная інфармацыя пра гераіню змешчана аўтарам у самым фінале, ды і тая не ўтрымлівае назвы горада, дзе праходзілі здымкі. Для разумення сутнасці аўтарскага паслання не трэба дадатковых тлумачэнняў, а гэта — высокі паказчык рэжысёрскага майстэрства!

Зразумела, мастацкая дакументалістыка з “фестывальным разлікам” вабіць не кожнага: сказаць сваё гучнае слова можна і ў традыцыйнай тэлевізійнай стылістыцы. Сінхронныя інтэрв’ю, лінейная ілюстрацыйнасць, адмысловы музычны гукашэраг у выглядзе “падкладкі” пад відарыс — тыповыя дэталі стужак астатніх выпускнікоў. Пэўныя тэхнічныя хібы кампенсуюцца вастрынёй абранай тэматыкі і цікавымі персанажамі.

Аляксандра Захарэвіч у сваім “Двайным партрэце на фоне...” узнімае спецыфічнае пытанне стандартаў сучаснай жаночай прыгажосці. Яна ўдала прапануе паралельны партрэт хударлявай дзяўчыны-мадэлі і дзяўчыны “ў целе”. Цікава, што, маючы намер распавесці аб праблеме распаўсюджвання захворвання на анарэксію сярод дзяўчат, пачынаючы рэжысёр выйшла на філасофскую выснову кшталту “Шчасце залежыць ад унутранага стану чалавека”.

Вострыя пытанні рубам наконт захавання нацыянальнай культурнай спадчыны паставілі Дар’я Мурашка і Вікторыя Альшэўская. Першая ў калектыўным партрэце ўдзельнікаў ды прыхільнікаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча паспрабавала асвятліць злабадзённыя праблемы існавання праслаўленага калектыву ва ўмовах сучаснага “шоубізу”. Другая стварыла замалёўку сучаснага стану архітэктурных славутасцей нашай краіны.

У жанры класічнага тэлевізійнага партрэта зроблены дыпломы Марыі Калоднік “Булат”, Юрыя Слабоцкага “Поўны дом” і выпускніка завочнага аддзялення факультэта экранных мастацтваў (мастацкі кіраўнік — старшы выкладчык Валерыя Скварцова) Міхаіла Бярнацкага “Адваротны бок медаля”. Усе работы вылучае зайздроснае ўменне падыйсці да свайго героя на максімальна блізкую адлегласць, “уключыць” яго ў прастору нарыса.

Збольшага, калі рабіць высновы, зыходзячы выключна з дыпломных работ, то самыя вялікія шанцы сказаць па-сапраўднаму гучнае слова ў дакументалістыцы — менавіта ў аўтараў стужак “Марына Сяргееўна” і “Пад скурай горада”. Прынамсі, пра тое сведчыць сусветная статыстыка: з пяці выпускнікоў рэжысёрскіх кінашкол у прафесіі застаецца адзін. Зразумела, мы жадаем поспехаў і творчых дасягненняў усім сёлетнім выпускнікам факультэта экранных мастацтваў. Спадзяёмся, на месцах іх размеркавання (а яны даволі розныя: ад тэлеканалаў да відэастудый грамадскіх арганізацый і цэнтраў дзіцячай творчасці, куды, да прыкладу, размеркавалі Дар’ю Андрыянаву) таленты маладых рэжысёраў знойдуць урадлівую глебу і прадоўжаць рост. Пажадаем знайсці сваё месца і Ганне-Марыі Сівіцкай, якая карысталася платнай формай навучання. Творчае жыццё за межамі Акадэміі толькі пачынаецца…