Мы выбіраем, нас выбіраюць...

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Склад удзельнікаў і іх рэпертуар — асноўныя болевыя кропкі любога конкурсу, у тым ліку і “Славянскага базару ў Віцебску”

Міжнародны конкурс эстрадных выканаўцаў “Віцебск-2013” падвёў вынікі ў дзень закрыцця фестывалю. Гран-пры паехаў у Польшчу, наш Аляксандр Салаўёў падзяліў Трэцюю прэмію. Усё цудоўна? Але паразважаць ёсць над чым.

/i/content/pi/cult/436/9068/1-2.jpeg

Амерыканскія горкі?

Па колькасці рэзкіх перападаў слухацкіх уражанняў — то ўверх, то ўніз — конкурс ці не ўпершыню за ўсе гады свайго існавання нагадваў амерыканскія горкі, захоўваючы інтрыгу ды непрадказальнасць з пачатку і да самага канца.

Інтрыга ўзнікла яшчэ на ўзроўні складу ўдзельнікаў. Бо калі дзяўчат 8, а юнакоў — ажно 13, дык гэта ўжо само па сабе некаторае “выключэнне з правілаў”. Праўда, на “Славянскім базары...” ды на іншых конкурсах апошнім часам такое ўжо не рэдкасць. Новая тэндэнцыя? Чакаць яе можна было ўжо тады, калі ўзнімалі ўзроставую планку конкурсу — да 31 года ўключна. Адпаведна, рэзка павялічылася колькасць канкурсантаў, якім “за 25” (тым больш, што больш маладзейшыя могуць без цяжкасці знайсці безліч іншых спаборніцтваў і з большым прызавым фондам). А ў жанчын, у адрозненне ад мужчын, шлюб і нараджэнне дзяцей, што называецца, “не спрыяюць” далейшай конкурснай кар’еры.

На лёсаванні інтрыга толькі ўзмацнілася: тут адбылося першае знаёмства з удзельнікамі, іх вакальнымі ды артыстычнымі данымі, густам і ўяўленнем пра сябе саміх, бо нумар для “прэзентацыі” нічым не абмяжоўваецца.

У некаторых выступленне ў гэты дзень аказалася самым лепшым. Часткова гэта можна патлумачыць рознасцю сцэнічных пляцовак: маўляў, лёсаванне — у філармоніі, а ўласна конкурс — у Амфітэатры, дзе зусім іншыя маштабы. Але насамрэч справа — у рэпертуары. Менавіта абраныя для выканання творы, а не прыхамаць членаў журы, сталіся прычынай такіх рэзкіх змен у ацэнках некаторых канкурсантаў і надалей, калі розніца паміж першым і другім днямі дасягала ажно 18 балаў.

Прад’явіце ваша “меню”!

Самымі выйгрышнымі на лёсаванні аказваліся фрагменты з мюзіклаў. Заканамерна! Бо яны давалі магчымасць прадэманстраваць не толькі вакальныя, але і акцёрскія, сцэнічныя якасці канкурсанта. Раптам падумалася: а ці ёсць што прад’явіць у гэтым кірунку беларусам? Узгадалася хіба “Белая ластаўка”, якая два гады таму прынесла Гран-пры на “Славянскім базары ў Віцебску” Алене Ланской. Але гэты фрагмент з мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская” — таксама даволі традыцыйная паводле сваёй кампазіцыі песня. А дзе ж гульнёвыя, добра зрэжысіраваныя менавіта сцэнічныя нумары? Там жа, дзе і самі беларускія мюзіклы: ці ў кампазітарскіх партфелях (што, дарэчы, зусім не паказчык іх якасці), ці, куды часцей, у кампазітарскіх думках, а яшчэ часцей — толькі ў марах…

Да таго ж, калі ў нас і з’яўляецца нешта падобнае, дык кампазітар, уваходзячы ў становішча артыстаў, імкнецца напісаць музыку, як мага больш простую для выканання. А конкурс патрабуе супрацьлеглага. Замежныя творцы не стаяць перад гэтай дылемай, бо на кожную пастаноўку праводзіцца кастынг. І ёсць з каго выбіраць! У нас жа на такія кастынгі прыходзяць хіба пачаткоўцы. Дык, можа, выкарыстаць вопыт кінапроб? Бо на іх выклікаюць не ўсіх, хто сам таго пажадае, а тых, каго выбяруць стваральнікі стужкі. Праўда, у кіно і грошы большыя, і залежнасць ад індывідуальнага акцёрскага графіка — меншая. Але задумацца ёсць пра што, і не толькі ў дачыненні да конкурсу.

Асаблівасці нацыянальнай “кухні”

Калі прытрымлівацца слоўніка “меню”, дык песня на лёсаванні — штосьці накшталт халоднай закускі, павіннай узняць апетыт. Асноўная ж конкурсная страва — дзве песні ў Амфітэатры як дзве перамены гарачага. Прычым першая — абавязкова з нацыянальнай кухні, а другая — са славянскай. І тут высветлілася, што ў некаторых краінах ці то кампазітары не ўмеюць пісаць песні, выйгрышныя для выканальніцкага конкурсу (а так да пэўнага часу было і сярод беларускіх творцаў), ці то спевакі не ўмеюць іх адшукваць або замаўляць.

Наш канкурсант Аляксандр Салаўёў даў нагоду ганарыцца беларускай кампазітарскай школай, патрыятычна ўраўнаваўшы яе са славянскай і сусветнай класікай: замест абавязковай адной ён спяваў усе тры песні — беларускія. Сілу Сашынай энергетыкі, яго харызму і абаянне прадэманстравала песня “Без крылаў у неба” Алены Атрашкевіч у час лёсавання. Тонкім лірыкам ён паўстаў, выконваючы “Маму” Валерыя Галаўко — папраўдзе філігранна, па-філасофску глыбока і вельмі цёпла, з новай, зробленай з улікам яго пажаданняў, аранжыроўкай. Без перабольшання, гэтая інтэрпрэтацыя, на мой погляд, аказалася лепшай за ўсе ранейшыя, сярод якіх — Валерыя Дайнэкі, Наталлі Падольскай, гуртоў “Камерата” і “Litesound”. Ледзь не ўпершыню мы не проста пачулі, а менавіта асэнсавалі простыя і тым вельмі кранальныя словы Алены Туравай. Песня “дыхала”, жыла, свяцілася трапяткім полымем свечкі…

А вось аранжыроўка знакамітай песні Юрыя Семянякі “Ты мне вясною прыснілася” нагадвала тыя, якія робяцца для звычайных канцэртаў на шырокую публіку ў разліку на тое, што зала стане падпяваць. Вакалісту пакінулі толькі паўторы мелодыі, без запавольвання тэмпу ці хаця б прыпынку, дзе можна як след пацягнуць высокую ноту, без аніякіх пройгрышаў, каб спявак мог уставіць свае джазавыя імправізацыі, паказаць майстэрства філіроўкі голасу. Дый аркестр вымушаў саліста фарсіраваць гук, а не імкнуцца да тонкасці адценняў, што так уразіла ў яго выкананні напярэдадні. У выніку песня і сама спеўная манера ўспрымаліся як штосьці надта простае і нават, па словах некаторых членаў журы, “старамоднае”, “састарэлае”. Таму калі пасля першага конкурснага дня “беларускі салоўка”, як называлі Сашу ў Віцебску, заняў самую верхнюю пазіцыю, набраўшы 98 балаў са 100 магчымых, дык у другі скаціўся толькі на шостую: 84 балы, як і ў яшчэ чатырох абсалютна сярэдніх канкурсантаў. А між тым, вакальна ён зрабіў усё, што ад яго залежыла! Немагчыма было не звярнуць увагу, як змянілася нават тэмбральная афарбоўка яго голасу, наблізіўшыся да класічнай “песняроўскай”, з якой песня ў свой час атрымала папулярнасць.

Для сябе ці для гасцей?

Адна з нашых якасцей, настолькі трывала выхаваных у савецкія часы, што стала ўжо ледзь не ментальнай, можа быць азначана прыблізна так: усё лепшае — гасцям. Гэта выяўляецца і ў святочным меню нашых сем’яў, калі пры гасцях на стол выстаўляецца тое, што сабе мы дазволіць не можам, і ў фестывальных умовах (“Славянскі базар...” за гады свайго існавання шмат зрабіў, каб нівеляваць гэтыя адрозненні). Пры чым жа тут конкурс?

Выступаючы з аркестрам, многія канкурсанты спявалі значна лепш, чым пад фанаграму. Што, на другі дзень конкурсу яны лепш прыстасаваліся да сцэны Амфітэатра ці з большай адказнасцю паставіліся да новай для некаторых практыкі? Не толькі. Бо кожны дырыжор, які працуе са спевакамі, — яшчэ і дадатковы педагог. І тое, што канкурсанты “Славянскага базару...” штогод выступаюць з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста нашай краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, — чарговы таму доказ. Міхаіл Якаўлевіч як ніхто іншы выдатна адчувае прыроду вакалу, магчымасці кожнага са спевакоў, і яго мудрыя парады пад час рэпетыцый, сведкам якіх я неаднойчы станавілася, вельмі дапамагаюць канкурсантам. Вялікую ролю адыгрывае і аркестроўка, што робіцца пад кожнага канкрэтнага выканаўцу. У дачыненні ж да “свайго” (а наш канкурсант Аляксандр Салаўёў ужо тры гады як саліст фінбергаўскага калектыву) спрацаваў, відаць, праславуты “рэшткавы” прынцып. Тым больш, што падбор конкурснага рэпертуару для Сашы рабіўся літаральна ў апошняе імгненне. Значыць, трэба праводзіць конкурсны адбор раней, а не ў красавіку. Пра тое Міхаіл Фінберг ужо які год запар б’е ў набат.

Лідзіруе “трэцяя частка”

Узровень конкурсу можа было ацаніць ужо на лёсаванні, прычым не толькі па першых песнях, але і па першых праспяваных фразах. І ён, на жаль, не такі высокі, як, да прыкладу, летась, хаця ўсе казалі адваротнае. Не, вышэйшая планка не апусцілася! Але канкурсанты быццам выступалі па дзвюх катэгорыях — не ўзроставых, а якасных, прафесійных і мастацкіх. Гэта пацвердзілі і ацэнкі журы ў першы і другі дзень. Колькасць атрыманых канкурсантамі балаў мела надта вялікі разрыў паміж групай лідараў — і ўсімі астатнімі. Таму конкурсныя “баталіі” разгортваліся не між усімі ўдзельнікамі (а іх, нагадаем, было 21), а — прыблізна трэцяй іх часткай ад агульнай колькасці. Сярод жа “дзвюх трэціх”, што засталіся, сустракаліся тыя, чыя вакальная падрыхтоўка “не дацягвала”. А між тым, нават тыя, хто атрымлівае бал “пяць” пры самым нізкім “чатыры”, становяцца на “Славянскім базары...” дыпламантамі конкурсу. Зразумела, гэта зусім не спрыяе сёння ўжо вельмі і вельмі высокаму іміджу нашага фэсту. Асабліва ў тых выпадках, калі з якой-небудзь краіны канкурсанты прыязджаюць упершыню. Уявіце сітуацыю: у сябе на радзіме той спявак — так, ніхто. А ад нас вяртаецца — дыпламантам Міжнароднага конкурсу. Варыянтаў можа быць толькі два: дома спевака недаацэньвалі — ці ўзровень нашага спаборніцтва слабы.

Цалкам трымае планку, здаецца, хіба Грузія, штогод дасылаючы сапраўдных профі. А з той жа Украіны, якая дала Віцебску шмат лаўрэатаў і ўладальнікаў Гран-пры, даволі часта едуць далёка не лепшыя прадстаўнікі. З некаторых іншых краін — таксама. Далёка не ва ўсіх краінах праводзяцца папярэднія адборы, як у нас. Канкурсанты павінны мець рэкамендацыю — ад таго ж прадзюсарскага цэнтра ці музычнай студыі. А іх паўсюль — шмат. І, падобна на тое, выбар часам робіцца на карысць не лепшых, а “сваіх”, каго з тых ці іншых прычын хочуць прасунуць. Можа, у такіх выпадках камусьці даваць проста дыплом удзельніка, як гэта робіцца паўсюль у свеце?

Але, да гонару журы, сваёй справядлівасцю яно імкнулася ўзняць імідж конкурсу. Заўважу, аднак, што так рабілі не ўсе. Але ж і сапраўды, ніводны моцны выканаўца не быў сёлета “пракінуты”. Нават вельмі адораная расіянка Рая Маўсісян, якая знайшла сваё “Я” на стыку славянскага і ўсходняга эстраднага этна, але па незразумелых прычынах набрала за два дні ўсяго 166 балаў, атрымала Спецыяльную прэмію імя У.Мулявіна. Праўда, пры падзеле другой прэміі было парушана Палажэнне аб конкурсе, бо ў Яўгена Андрыянава з Малдовы было 188 балаў, у Арчыла з Грузіі — 184, а розніца можа быць толькі да двух. Затое Трэцюю прэмію пры такім раскладзе давялося дзяліць не на траіх, а на дваіх: Крысці з Румыніі — 183 балы, наш Саша — 182. Першае месца заняла Сабрына з Харватыі. Старшыня журы Ларыса Доліна высока ацаніла яе голас і харызму, дадаўшы, што сёлета прэміі давалі — за патэнцыял, пакідаючы за дужкамі дрэнны стан галасавых звязак. Гран-пры цалкам справядліва атрымаў тонкі, вельмі нацыянальны па стылі, амаль “шапэнаўскі” выканаўца Міхал Качмарэк з Польшчы. А спевы саміх членаў журы пацвердзілі старую ісціну: самымі “строгімі” былі тыя, хто выступаў куды горш за канкурсантаў. Самымі ж спагадлівымі аказаліся не толькі публіка, але і наш член журы Анатоль Ярмоленка, які выставіў за два дні ажно 14 “дзясятак”: беларусы, як заўсёды, “хварэлі” не толькі за сваіх…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"