Паядынак новага фармату з навізной

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Замест рэзкай змены курсу — планамерная эвалюцыя і, нарэшце, паварот

ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў у новым фармаце. Але ж само слова “фармат”, этымалогія якога звязана са “знешнім выглядам”, шмат у чым спрэчнае для мастацтва. Дык чым жа скончыўся паядынак фармату з навізной?

Новае — незабыўнае старое

Сёлетні фестываль, падобна на тое, аспрэчыў даўно вядомую формулу: “Новае — даўно забытае старое”. Бо ягоная навізна мела, хутчэй, іншае паходжанне: новае — лепшае старое, толькі тлуста падкрэсленае. Не адмаўлялі гэтага і самі арганізатары. Дарэчы, іх уяўленне пра навізну таксама змянілася. Калі на прэс-канферэнцыі адкрыцця акцэнт усё ж рабіўся на слове “новы”, дык перад яго закрыццём дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка не стамляўся падкрэсліваць, што ўлічваліся напрацоўкі і новае нараджалася як працяг лепшых традыцый.

Сапраўды, рэзка змяніць курс, калі ў сусветным фестывальным руху ўсё распісана на гады наперад, папросту немагчыма. І ці трэба выплёскваць з вадою дзіця? Паступовая эвалюцыя — найлепшы прынцып развіцця. Дык што ж было захавана і што — знойдзена?

Станьце, фэсты, у карагод!

Фармулёўка “фестываль фестываляў” у дачыненні да “Славянскага базару...” з’явілася даўно: яшчэ тады, калі ён увайшоў у Міжнародную федэрацыю фестывальных арганізацый — FIDOF — і быў прызнаны там не проста на роўных, а адным з “самых-самых”. Праходзіў у Віцебску і “круглы стол” арганізатараў фестываляў (2004 г.), прыязджаў да нас і Генеральны сакратар FIDOF, каб уручыць Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Лукашэнку, пад чыім патранам ладзіцца віцебскі форум, медаль “За значны ўнёсак у развіццё міжнароднага сусветнага руху” (2005 г.), неаднаразова праводзіліся і канцэрты ўдзельнікаў “Еўрабачання”. Таму цяперашні працяг гэтай лініі цалкам заканамерны. Тут і “Прывітанне з Сан-Рэма”, запланаванае яшчэ летась, і падкрэсліванне таго, што ледзь не кожны госць цяперашняга фэсту — пераможца ці ўдзельнік вядомых форумаў, ад якіх ён і прывёз сваё прывітанне.

Між тым, яшчэ больш плённай пазіцыяй здаецца супрацьлеглая: “Нашы зоркі — у свет”. Сёлета яна найбольш ярка выявілася ў складзе журы абодвух конкурсаў, куды былі запрошаны многія пераможцы мінулых гадоў (гл. “К” № 28 за 2013 г.). Падтрымліваць сувязі трэба, дарэчы, не толькі з лаўрэатамі. Вельмі прыемна было пачуць, да прыкладу, нашага Яўгена Славіча, якому летась зусім крыху не хапіла да лаўрэацтва (ну пашкадавала тады журы дзяліць прэміі!). Але ж сам Яўген сябе не шкадаваў. І, саліруючы з Прэзідэнцкім аркестрам у адметным сімфарокавым канцэрце “Дым над вадой”, выдаваў такія сола, што была зразумела: перад намі — пераможца калі не конкурсу, дык сябе самога, таленавіты і вельмі прафесійны спявак, які за год зрабіў як за пяць!

Раней фестываль таксама імкнуўся запрасіць у віцебскае гняздзечка сваіх птушанят. Так і трэба: максімальна піярыць падобныя вяртанні “незнаёмых знаёмцаў” на новых вітках іхняй творчай кар’еры. Адсочванне лёсу сваіх выхаванцаў, падкрэсліванне, які добры старт дала ім беларуская зямля і Віцебск, можа мець вялікае не толькі мастацкае, але і палітычнае значэнне.

Канцэрт для сола з парытэтам

Пошук новых імёнаў актуальны для любога фестывалю. Ёсць форумы, якія прынцыпова не запрашаюць калектывы двойчы. А што ў нас? З аднаго боку, глядач ідзе на “правераныя” імёны. З іншага ж — наўрад ці штогод ён будзе рады аднастайнасці, асабліва сольнікаў, якіх сёлета стала больш, а гала-канцэртаў — менш. І хаця гэта тлумачылі формулай “Зорнасць фестывалю падкрэсліваюць сольнікі зорак”, разлік тут насамрэч — фінансавы. І выбар імёнаў павінен быць больш прыдзірлівым. Калі артыст “расце”, робіць відавочныя крокі наперад — запрашаць. Калі ж вязе ўсё тыя ж песні, хіба ў іншай паслядоўнасці, — дык навошта?

Той жа Дзіма Білан, які, здавалася б, зусім нядаўна валадарыў на віцебскай плошчы Перамогі, выдаў сёлета шыкоўны творчы вечар (дакладней, ноч). З новай праграмай выступіла Алена Ваенга. А вось Аляксандр Малінін — паўтарыў свае “былыя заслугі”. Вылучаўся сярод сольнікаў вечар Ларысы Долінай: не толькі спалучэннем класічнага блока з джазава-эстрадным, але і выдатным парытэтам “двух салістаў”, дзе яшчэ не вядома, хто быў першым: спявачка ці Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Яшчэ адзін “партрэтна-парытэтны” варыянт уяўляў з сябе падвойны сольнік дзвюх сямейных пар — Анжалікі Варум з Леанідам Агуціным і Наталлі Падольскай (нагадаем, былой магіляўчанкі, узрошчанай на “Залатым шлягеры...” і “Славянскім базары...”) з Уладзімірам Прасняковым. Такія балансаванні канцэрта паміж сола і гала- уяўляюцца вельмі перспектыўнымі. Кожны артыст атрымлівае па некалькі выхадаў ці хаця б нумароў — тое, што трэба.

Праўда, і тут патрэбны дасканалы папярэдні адбор. На сёлетнім фестывалі відавочна не шанцавала на добры гумар — “небарадаты” і не “ніжэй пояса”. Пробліскамі былі “Экс-ББ” са сваёй спеўнай класікай у “Парадзе ўсмешак” і 20-гадовы парадыст Андрэй Барынаў з адметным шоу, прымеркаваным менавіта да “Славянскага базару...”, у канцэрце закрыцця.

Ваш ход, спадар рэжысёр!

Значна палепшыліся трансляцыі Белтэлерадыёкампаніі, якая больш поўна, чым іншыя, адлюстроўвае фестывальныя канцэрты. Больш прыцягальнай стала “карцінка”, чаго так доўга дабіваліся арганізатары фестывалю. Гэта адбылося і за кошт больш сучаснага сцэнічнага абсталявання, і дзякуючы вопыту саміх тэлевізійшчыкаў. А дадатковае рэдагаванне канцэртаў, якія ішлі ў запісе, спрыяла і самой драматургіі, і мастацкаму ўзроўню: нешта скарачалася, нешта перастаўлялася месцамі — дарэчы, вельмі ўдала.

Хаця неаднаразова падкрэслівалася, што разлік сёлета рабіўся менавіта на “экраннае” ўспрыняцце, не былі пакрыўджаны пры гэтым і самі гледачы Амфітэатра. Праўда, не толькі самі канцэрты, але і сцэнічныя эфекты з залы і ў тэлеверсіі (ды яшчэ з розных ракурсаў) успрымаліся, як заўсёды, па-рознаму. З Амфітэатра кідаліся ў вочы паралелі з “Новай хваляй”, уголас заўважаныя на адной з прэс-канферэнцый дзецьмі — навучэнцамі Рыжскай дзіцячай акадэміі тэлебачання і радыё. На тэлеэкране ж іх зусім не было відаць: зліваючыся з астатнімі святлодыёднымі экранамі, яны ўсяго толькі дадавалі крыху аб’ёмнасці. Праўда, не заўсёды выкарыстоўваўся шырока разрэкламаваны прынцып: кожнай песні — свая сцэнаграфія. Некаторыя “карцінкі” паўтараліся хаця б не на працягу аднаго канцэрта, а ў розных. На новы віток выйшла і рэжысура конкурсаў, асабліва дзіцячага (гл. “К” № 28 за 2013 г.).

А вось у закрыцці, дзе “чаравала” крэатыўная віцябчанка Марына Раманоўская, былі відавочныя драматургічныя правалы: што ні кажыце, працаваць з зацверджаным “спісам артыстаў” заўсёды цяжка. А выбудаваць іх выхады ў нейкую канцэпцыйную лінію — практычна немагчыма. Прынцыпова новым было выпрабаванне пераможцаў конкурсу “меднымі трубамі” — гэткім гучна-паказальным уганараваннем спевакоў на балі ў іх гонар. Не хапала хіба пастамента, асабліва пры зусім не двухметровым росце 11-гадовай Прэсіяны Дзімітравай з Балгарыі і 25-гадовага Міхала Качмарака з Польшчы, кожны з якіх апынаўся ў шчыльным коле натоўпу танцораў.

Прэзентацыі з сенсацыяй і паралеллю

Тое, што “Славянскі базар...” усё больш акцэнтуе свой музычны складнік і, найперш, конкурсы, даўно не навіна. Нагадаем, гэты форум увогуле пачынаўся як музычны, арганізаваны вакол “дарослага” конкурсу. Фестывалем мастацтваў ён стаў толькі на чацвёрты год, працягваючы пашырэнне жанравых “тэрыторый” і надалей, пікам чаго можна лічыць 1999 год, калі колькасць фестывальных мерапрыемстваў перасягнула 125. Цяперашняя “аптымізацыя” скараціла гэтую лічбу ўдвая. Але сама змена курсу на інтэнсіфікацыю пачалася раней.

Адмова ад традыцыйных канцэртаў Дзён Беларусі, Расіі, Украіны не толькі скараціла фестывальныя тэрміны (і, яшчэ больш, каштарыс), але і значна павысіла глядацка-журналісцкую ўвагу да так званага “Канцэрта сяброўства”. Ён змясціў у сабе “тры ў адным”, а таксама прапанаваў многія менавіта фестывальныя дуэты, да прыкладу, нашай цымбалісткі Веранікі Прадзед і расійскага “Церам-квартэта” ды іншых.

Пашырыліся мерапрыемствы Дня моладзі, засталіся ў фестывальным раскладзе “Тэатральныя сустрэчы” і кінапраграма. Вось толькі з рэкламай ва ўсіх было — па-рознаму. БРСМ піярыў свае праекты ўсімі магчымымі спосабамі. А тэатр і кіно сціпла стаялі ўбаку. Не, у фестывальным буклеце, як і ў афішах, былі пазначаны спектаклі ды фільмы. Але нельга сказаць, каб на іх запрашалі гэтак жа настойліва, як на праявы маладзёжных субкультур. У выніку на яркіх, парадаксальных, глыбокіх “Фотаапаратах” паводле аднайменнай п’есы бліскучага сучаснага драматурга Пятра Гладзіліна ў зале было недаравальна мала публікі. А на куды больш спрэчным, шмат у чым недапрацаваным “Утаймаванні наравістай” таго ж Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе — удвая больш. Бо Шэкспір? Ці таму, што паралельна ішоў больш прыцягальны па назве “Мужчына маёй мары” Маскоўскага тэатральнага цэнтра “Шанс”? Дый білеты былі для Віцебска нятанныя: 280 тысяч рублёў (не будзем параўноўваць з амаль мільённым адкрыццём форуму). Пасля спектакля тыя ж “Фотаапараты” атрымалі на фестывальным сайце добра напісаную рэцэнзію. А чаму б не такі ж заклікальны анонс — напярэдадні?

Не трапілі ў фестывальную праграму віцебскія спектаклі, хаця дэманстраваць было што. Праўда, і “Лялька” і коласаўцы зрабілі свае “паралельныя сусветы”: паставілі кожны па два паказы ў фестывальныя дні, хаця і па-за яго рамкамі. Ізноў жа — без рэкламы. А можа, і зацікавіўся б хто?

Тое ж — у фестывальным прэс-цэнтры, дзе на сустрэчу са Златай Огневіч прыйшло максімум з дзясятак прадстаўнікоў СМІ (з акрэдытаваных пяці соцень). І яшчэ запытваліся: маўляў, а хто гэта такая? Ну не ўсе памятаюць прозвішча дзяўчыны, якая сёлета прадстаўляла Украіну на “Еўрабачанні”. Мабыць, трэба было пазначыць гэта ў афішы прэс-цэнтра?

Яшчэ больш “другаснай” для грамадскай увагі паўстала (і не першы год, дарэчы) кінапраграма. Праўда, на “Сляды апосталаў” журналістаў паклікалі напярэдадні ў Мінску. У Віцебску ж піяру  не было і следу. Пагаджуся, атрымаўся не шэдэўр (больш падрабязны тэлесерыял, з якога і “нарэзалі” кінаверсію, — куды цікавейшы). Але глядзець яго варта хаця б з-за беларускіх артыстаў ды легендарнай гісторыі Нясвіжа.

Дык каму “фестывалім”?

Новы фармат — у дакладным уяўленні адрасата мерапрыемстваў і высокай якасці апошніх. Калі імкненне да “лепшага” і “найлепшага” было ўласціва фестывалю заўсёды, дык першы складнік паступова трансфармуецца. Фестываль нарэшце перайшоў па скіраванасці на гледача — непасрэдна ў залах і, дзякуючы тэлебачанню, ва ўсім свеце. Сёлета ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 31 краіны, а за часы існавання пабывалі ўдзельнікі з усіх кантынентаў. Значыць, наступным крокам фестывалю павінна стаць больш шырокае развіццё фестывальнага турызму, калі на “Славянскі базар у Віцебску” публіка будзе ехаць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з замежжа. А што для гэтага трэба — ужо асобнае пытанне.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"