Ноч, Каўнас і Вердзі

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Ансамбль салістаў аркестра “Premier” Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра прадстаўляў нашу краіну ў Каўнасе на Дне дзяржавы і фестывалі “Аперэта ў Каўнаскім замку”.

Раней некалькі спектакляў паказваліся ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Літве і Літвы — у Беларусі. Магчымасці шырокіх культурных абменаў дае і Дамова аб супрацоўніцтве, падпісаная непасрэдна з Каўнаскім дзяржаўным музычным тэатрам. У красавіку нашы рэжысёр Настасся Грыненка і харэограф Дзмітрый Якубовіч ставілі там дзіцячую оперу З.Хагагарцяна “Шапка з вушамі”, у 2014-м каўнаская творчая група будзе ажыццяўляць у нас прэм’еру аперэты “Фіялка Манмартра” І.Кальмана, а ўжо гэтай восенню, у лістападзе, наша трупа паедзе туды “гастраляваць-фестываліць” з операй “Паяцы” Р.Леанкавала, прычым на італьянскай мове (у нас гэты спектакль ідзе на рускай), і гала-канцэртам.

Дый ансамбль “Premier”, які існуе з 2008 года і часцяком выступае ў фае нашага тэатра перад спектаклямі, неаднойчы бываў з канцэртамі ў Пасольстве Беларусі ў Літве. На фестывалі ж “Аперэта ў Каўнаскім замку”, дзе былі таксама салісты з ЗША і Расіі, нашы артысты аказаліся першымі ўдзельнікамі з Беларусі. Для выступлення яны нават змянілі склад ансамбля. Калі раней гэта быў класічны габойны квартэт (габой + струннае трыа), дык зараз атрымаўся квінтэт, прычым нетрадыцыйны: габой, скрыпка, віяланчэль, кантрабас і вібрафон. Фестывальны канцэрт, у якім яны ўдзельнічалі, быў прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Дж.Вердзі. Таму музыканты звярнуліся да знакамітага майстра крэатыўных аркестровак Льва Карпенкі, які сачыніў для іх склада арыгінальную фантазію на самыя вядомыя оперныя тэмы італьянскага класіка, знітаваўшы мелодыі з “Набука”, “Аіды” і, зразумела, “Травіяты”, якой Каўнаскі тэатр адкрываўся ў 1920 годзе.

— Аранжыроўка выклікала цікавасць, — расказаў кіраўнік ансамбля “Premier”, габаіст Сяргей Тумаркін. — Многія здзіўляліся, як нам удалося спалучыць “неспалучальныя” тэмбры. Хацелася паказаць штосьці незвычайнае, а таксама пазнаёміць публіку з нашымі інструменталістамі, сярод якіх  — фантастычны ўдарнік Сяргей Буранаў, запрошаны граць у Марыінскі тэатр у Санкт-Пецярбургу. Канцэрт праходзіў позна ўвечары ля сцен Каўнаскага замка (дарэчы, падобнага да Лідскага). Народу сабралася, па падліках тамтэйшых журналістаў, да 10 тысяч чалавек.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"