"Талерантнасць" стала лідарам

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г


Германія

Плакат “Tolerance” беларускага дызайнера Юрыя Тарэева ўвайшоў у трыццатку пераможцаў Міжнароднага конкурсу сацыяльнага плаката “Mut zur Wut”, у якім у гэтым годзе прынялі ўдзел сотні плакатыстаў з 66 краін. Плакаты-пераможцы, паводле задумкі арганізатараў, з’явяцца ў эпіцэнтры сучаснага жыцця, аб праблемах якога яны і расказваюць. Гэтымі днямі выстаўка праходзіць у нямецкіх Хайдэльбергу і Мангейме. А неўзабаве яе змогуць пабачыць жыхары ды госці нямецкіх Берліна і Мюнхена, мексіканскай Оахакі і турэцкага Кютах’я.

/i/content/pi/cult/436/9056/1-3.jpeg

/i/content/pi/cult/436/9056/1-2.jpeg

"Талерантнасць" Юрыя Тарэева ў гарадской прасторы і "сольна".

Славакія

Днямі ў Музеі славацкага нацыянальнага паўстання горада Банка-Быстрыца адкрылася выстаўка “Беларуская народная ікона” з музейных фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. На ёй прадстаўлены 87 прадметаў, у тым ліку ручнікі, рукапісныя кнігі і народныя абразы Палесся сярэдзіны і 2-й паловы ХІХ стагоддзя. Акрамя таго, яшчэ адзін міжнародны буйны выставачны праект гомельскі музей рыхтуе для жыхароў Разані. Так, бліжэйшым часам у Разанскім крамлі будзе дэманстравацца этнаграфічная выстаўка “Буслы”.

Польшча

З гісторыяй Брэсцкай крэпасці з нядаўняга часу можна пазнаёміцца ў галерэі Творчага дома “Рэймантаўка” павета Сельдцы Мазавецкага ваяводства Польшчы. Фотавыстаўка “Брэсцкая крэпасць: 1921 — 1939 гады” была арганізавана пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. У рамках праекта прадстаўлены фотаздымкі і дакументы з фондаў славутага мемарыяльнага комплексу, а таксама нямецкіх прыватных калекцый.

Расія

Знакавай падзеяй у культурным жыцці Калінінграда стала адкрыццё ў Абласным гісторыка-мастацкім музеі выстаўкі “Я — шлях, які не ведае вечнага спакою” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Выстаўка працягвае плённую традыцыю абменаў экспазіцыямі ды матэрыяламі калінінградскіх і беларускіх культурна-асветніцкіх устаноў.