Тэатр чароўных падарункаў

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

15 ліпеня Беларускі дзяржаўны тэатр лялек сустрэў сваё 75-годдзе. Трупа зараз у адпачынку, таму напярэдадні юбілею адбылося хіба ганаровае гашэнне паштовай маркі серыі “Тэатры Беларусі”. Новы 76-ты сезон адкрыецца 21 верасня прэм’ерай “Малыша і Карлсана” ў пастаноўцы маладога, але ўжо нашумелага рэжысёра Аляксандра Янушкевіча.

Не схільны да маштабных святкаванняў, тэатр адзначае свае круглыя даты зусім не “дацкімі” пастаноўкамі, а філасофскімі разважаннямі пра вечныя духоўныя каштоўнасці. На юбілейны сезон прыпалі прэм’еры двух значных для ўсёй нашай нацыянальнай культуры твораў: гэта “Дзяды” Адама Міцкевіча і “Ладдзя Роспачы” Уладзіміра Караткевіча. Вось дзе свята!

Ёсць у рэпертуары і спектакль, які на працягу ўсяго існавання тэатра быў яго своеасаблівым “лейтматывам” і частай “візітоўкай” у замежжы. Гэтая папраўдзе знакавая п’еса Віталя Вольскага, напісаная паводле беларускай народнай казкі, у 1939 годзе сталася першай нацыянальнай пастаноўкай тэатра і пазней практычна ніколі не сыходзіла з яго сцэны. Вельмі сімвалічная сама яе назва — “Чароўныя падарункі”. Праўда, у некаторых пастаноўках яна змянялася на “Дзед і Жораў”. Але цяперашняя, што была ажыццёўлена галоўным рэжысёрам тэатра Аляксеем Ляляўскім да пачатку 74-га сезона, вярнулася да пачатковай аўтарскай назвы.

Сапраўды, усе гэтыя гады тэатр дорыць дзятве і дарослым папраўдзе чароўныя падарункі — літаральна “Па шчупаковай волі”, з якой і пачынаўся тэатр у 1938-м, прычым у Гомелі, але арыентуючыся на адпаведны спектакль у Маскве, у знакамітым Тэатры Сяргея Абразцова. А вось наша сталіца стала радавацца лялькам толькі з 1950-га.

/i/content/pi/cult/436/9055/5_13_opt.jpeg

Быў час, калі лічылася, што лялькі павінны быць максімальна падобнымі на людзей. Сёння ж, наадварот, яны ўсё часцей саступаюць месца самім людзям — артыстам, якія іграюць у спектаклях нароўні з лялькамі, а то і колькасна пераважаюць іх. Невыпадкова афіцыйны сайт тэатра сустракае нас “народнай прыкметай”: “Лялька збегла — авангарду быць”. Праўда, з авангардам у тэатры ўсё было нармальна яшчэ і да масавых “уцёкаў” лялечных персанажаў. Бо з 1960-х трупа рэгулярна ездзіць па фестывалях, а з 1990-га ладзіць свой уласны Міжнародны фестываль тэатраў лялек, арыентуючыся на самыя новыя ды перспектыўныя эстэтычныя тэндэнцыі. Таму сёння наш Лялечны правільней было б называць універсальным, заснаваным на сінтэзе ўсіх відаў мастацтва і іх жанраў, уключаючы тую ж оперу. Ну а якім атрымаецца “Малыш і Карлсан”, даведаемся.

На здымку: сцэна са спектакля "Вянчанне" — аднаго з лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"