Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

...Віцебскі мастак Ісак Бароўскі (1921 — 1991 гг.) расказваў мне незадоўга да сваёй смерці пра тое, што Я.Бак да арышту быў вельмі таварыскім і вясёлым чалавекам. З ягонага твару ніколі не сыходзіла ўсмешка. Але пасля некалькіх тыдняў у турме ён змяніўся: усяго баяўся, усіх цураўся і ні з кім не размаўляў… Выдаваць такога напужанага і жаласнага чалавека за забойцу, прытым забойцу жорсткага, было проста неразумна. Гэта разумелі і следчыя. Таму, выпусціўшы Бака, яны сталі шукаць у якасці забойцаў іншых людзей.

(Працяг. Пачатак у № 26.)

Даволі лагічным было абвінаваціць у гэтым бліжэйшых родных Пэна. Так, нарэшце, і было зроблена: забойцамі Ю.Пэна былі аб’яўлены яго стрыечная сястра Лея Файнштэйн, ейны муж Рувім, іх дзеці Абрам, Неха (Ніна), Рыва, Залман і Хаім-Шлёма (Сямён), зяць Файнштэйнаў (муж Рывы) Мордух Саламонік і жаніх Нехі Міхаіл Оліфсон — усяго дзевяць чалавек. Галоўным натхняльнікам і арганізатарам забойства была аб’яўлена Лея Файнштэйн, канкрэтнымі выканаўцамі — яе сын Абрам і дачка Неха.

/i/content/pi/cult/435/9053/1-3.jpeg

Ю.Пэн. "Просьбіт".

Гэта на першы погляд здавалася вельмі дзіўным… Як забойства, якое патрабавала не толькі вялікай фізічнай моцы, але і вельмі крэпкіх нерваў, магла здзейсніць 17-гадовая дзяўчына, да таго ж, нізкага росту і вельмі хрупкага складу цела? Больш за тое: на судовым працэсе Лея паказала, што ейная дачка “курыцу не можа зарэзаць, не тое што чалавека”. Гэкім жа кволым і зусім не волатам выглядаў брат Нехі Абрам. Але справа ў тым, што абвінаваціць у забойстве старых паважнага ўзросту было проста немагчыма, Залман Файнштэйн жыў у Ленінградзе, Сямён Файнштэйн у гэты час увогуле быў на вайсковых зборах у Чырвонай Арміі. Так што ў следчых выбару не было. “Дзядзька Абрам быў у сям’і самым бяскрыўдным чалавекам. Яму проста не пашанцавала, што выбар следчых-садыстаў патрапіў менавіта на яго”, — згадваюць яго пляменнікі Р.Файнштэйн і Я.Цомік-Файнштэйн.

Нягледзячы на ўсе спробы следчых знайсці хаця б якія-небудзь доказы віны родных мастакоў, зрабіць ім гэта не ўдалося. І ў распараджэнні суда, па сутнасці справы, ніякіх кампраметуючых матэрыялаў, што абвінавачвалі б, не было. Акрамя аднаго: на папярэднім следстве усе падазроныя прызналіся ў падрыхтоўцы і забойстве мастака. Праўда, на судовым пасяджэнні ўсе абвінавачваныя дружна адмовіліся ад прызнання ў забойстве. На пытанне суддзі, чаму яны на папярэднім следстве ва ўсім прызналіся, адказвалі таксама аднолькава: нас так білі, што мы прызналіся б у чым заўгодна... Вось, уласна кажучы, і ўсё абвінавачванне. Калі тады, у 1937-м, і былі такія, якія сумняваліся, што прызнальныя паказанні з падазраваных выбіваліся, дык цяпер ледзь ці хто ў гэтым сумняваецца: за мінулыя гады мы спазналі нямала такіх прыкладаў. Але тады...

 

Прысуд

Прысуд быў абвешчаны ўвечары 22 красавіка. З моманту забойства прайшло менш за два месяцы! За гэты час органы следства і суда паспелі знайсці “забойцаў”, здолелі прымусіць іх даць прызнальныя паказанні, аформіць абвінавачванне і справу, перадаць яе ў суд ды правесці судовыя слуханні. Цяперашнім следчым і судовым работнікам пра такія тэмпы працы і марыць не даводзіцца! Зрэшты, яно было і не дзіва: ішоў 1937 год. На “палітычных” абвінавачваных не трацілі і столькі часу...

Нягледзячы на тое, што ўсе абвінавачваныя не прызналі сябе вінаватымі, распавялі суду, якім чынам з іх выбілі прызнальныя паказанні і прасілі іх апраўдаць, калегія Вярхоўнага суда БССР прысудзіла Лею і Абрама Файнштэйнаў да 10 гадоў пазбаўлення волі (столькі і прасіў пракурор), Неху — да 8 (столькі і прасіў пракурор), Рувіма і Залмана — да 3 гадоў (пракурор прасіў для першага 3 гады, для другога — адзін год), Сямёна — да 2 гадоў (пракурор прасіў 4). Рыву Файнштэйн-Саламонік асудзілі на 3 гады, але ўмоўна (пракурор прасіў той жа тэрмін, але не ўмоўна), з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам. Міхаіл Оліфсон і Мордух Саламонік былі апраўданы — так, дарэчы, і прасіў пракурор. Дзіўнае пачуццё выклікалі тады і выклікаюць цяпер гэтыя тэрміны: калі абвінавачваныя сапраўды з’яўляліся забойцамі, дык ці не занадта гуманна з імі паступілі?! Чарговы раз нагадаю: год быў сумна знакаміты, 1937-ы. Тады (і раней, і пазней) цалкам нявінных людзей прыгаворвалі да значна большых тэрмінаў, а нярэдка і наогул да найвышэйшай меры пакарання. Асабіста я “гуманнасць” суддзяў магу растлумачыць толькі адным: яны самі не верылі ў вінаватасць абвінавачваных, бачылі, што ніхто з іх да забойства ніякага дачынення не мае, але апраўдаць іх, вядома, не маглі. Добра яшчэ, што апраўданымі аказаліся зяць і меркаваны жаніх...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск