Традыцыя Здраўнёва

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

“Славянскі базар…” не першы год выходзіць далёка за рамкі музыкі. Акрамя канцэртаў, кінапаказаў гасцей прэстыжнага фестывалю чакае і шэраг цікавых выставак ды прэзентацый. Па традыцыі ў дні музычнага форуму вялікай папулярнасцю карыстаецца Музей-сядзіба І.Я. Рэпіна “Здраўнёва”. У 1892-м славуты мастак набыў гэты маёнтак, які складаўся з сядзібнага і двух жылых дамоў, флігеля, гаспадарчых будынкаў, невялікага парку, саду са штучным вадаёмам. У 1893 — 1895 гг. сядзібны дом быў перабудаваны паводле эскізаў мастака.

Акрамя пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай жыццю і творчасці Рэпіна, гэтымі ліпеньскімі днямі можна азнаёміцца з выстаўкай “Фоталетапіс жыцця і творчасці І.Я. Рэпіна”, дзе прадстаўлены здымкі вядомага ў Расійскай імперыі фатографа Карла Була за 1903 — 1914 гады. На іх можна ўбачыць не толькі Ілью Рэпіна, але і ягоных родных, сяброў, славутых гасцей яго маёнтка ў Пенатах, да прыкладу, таго ж Фёдара Шаляпіна. Па словах загадчыка Музея-сядзібы Аляксея Сухарукава, фотаздымкі з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Санкт-Пецярбурга былі падораны ўстанове старшынёй Праўлення “Газпрома” Аляксеем Мілерам.

/i/content/pi/cult/435/9051/1-1.jpeg

А ўчора ва ўрачыстай абстаноўцы Музей-сядзіба Ільі Рэпіна, дзякуючы падтрымцы Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты, атрымаў 14 якасных копій работ вядомага мастака. Практычна ўсе карціны належаць да так званых здраўнёўскіх сезонаў.

/i/content/pi/cult/435/9051/1-2.jpeg

Загадчык Музея-сядзібы Аляксей Сухарукаў спадзяецца, што гэтыя мерапрыемствы прыцягнуць яшчэ большую ўвагу да ўнікальнага для нашай краіны аб’екта і дапамогуць урэчаісніць шэраг задумак ды вырашыць праблемы. Сярод апошніх — транспартнае пытанне (дабрацца рэйсавымі аўтобусамі да “Здраўнёва”, нягледзячы на блізкасць да Віцебска, па-ранейшаму праблематычна), пытанне пашырэння музейнага комплексу. Ужо прапрацаваны план аднаўлення сядзібы Рэпіна, дзе з цягам часу змогуць размясціцца годныя выставачная і канферэнц-залы. Пакуль жа комплекс Музея-сядзібы ўключае дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя; дом упраўляючага, дзе размясцілася адміністрацыя музея, а таксама склеп, сажалку і частку ліпавай алеі.

Нагадаем, “К” у свой час прыняла актыўны ўдзел у аднаўленні “Здраўнёва”, у тым ліку ініцыяваўшы ліст на адрас прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны, а таксама ладзячы ў Музеі-сядзібе цягам шэрагу гадоў выязныя рэдакцыі.

На здымках: інтэр'ер Музея-сядзібы сёння; у гэтым рысунку 1893 г. Ілья Рэпін зафіксаваў момант будоўлі сядзібнага дома.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"