Музейнае жыццё: on- або off-line?

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Часта можна пачуць: “І што гэта яны там робяць у музеях?” Адказ просты: “Працуем. Шмат і ў розных кірунках! Часу і людзей — бракуе. На дапамогу прыходзіць незаменны Інтэрнэт”.

Алена КРЭНЬ, старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура

/i/content/pi/cult/435/9050/3-1.jpeg

1. Другое жыццё музейных прадметаў

Алічбоўка музейных прадметаў музейных калекцый дазваляе прадставіць іх на агляд вялікай колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў. Сёння кожны ахвотны можа азнаёміцца з музейнымі зборамі краіны на сайце Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, на нашым сайце www.azgur.by можна знайсці цікавую і не вядомую большасці наведвальнікаў інфармацыю, у тым ліку фотаздымкі даваенных работ Заіра Азгура. Матэрыял — унікальны.

2. Прафесійная адукацыя

Сацыяльныя медыя займаюць значнае месца ў прафесійным жыцці: он-лайн-кансультацыі і абмеркаванні з беларускімі ды замежнымі калегамі, абмен прафесійным вопытам і он-лайн-дапамога ў вырашэнні музейных праблем. Плюс магчымасць даведацца пра адукацыйныя праекты, якія арганізоўваюцца замежнымі экспертамі для беларускіх спецыялістаў, паўдзельнічаць у іх.

Ну і канешне ж, галоўны бонус прафесійнай інтэрнэт-адукацыі — наяўнасць вялікай колькасці літаратуры музеязнаўчага характару ў свабодным доступе.

3. Пяць хвілін на падарожжа

Пагадзіцеся, што пяць хвілін на каву або гарбату можна знайсці заўжды. Здавалася б, гэта вырваны з працоўнага дня час, але… Пяць хвілін адпачынку за кубачкам кавы даюць магчымасць наведаць сайты вядучых сусветных музеяў ды цэнтраў скульптуры і тым самым азнаёміцца з жыццём ды дзейнасцю гэтых устаноў, пераняць іх вопыт у некаторых пытаннях.

4. Стужкі навін сацыяльных медыя = партфоліа

Не сакрэт, што сёння вялікай папулярнасцю карыстаюцца сацыяльныя медыя, і амаль кожны чалавек мае там сваю старонку. Беларускія скульптары — не выключэнне. Стужкі навін у сацыяльных медыя становяцца іх своеасаблівым партфоліа, што дазваляе скараціць час на пошук ды адбор патэнцыйных музейных прадметаў і будучых экспанатаў для выставак.

5. PR і рэклама праз сацыяльныя сеткі

Амаль кожная музейная ўстанова мае не толькі свой сайт, e-mail, але і старонкі ў сацыяльных медыя. Такія старонкі выконваюць ролю “Дошкі аб’яў” інфармацыі аб установе, яе жыцці і дзейнасці. Да таго ж, стварэнне падзей у сацыяльных сетках дазваляе не толькі іх анансаваць, але і атрымліваць рэакцыю наведвальнікаў шляхам каментаў ды лайкаў. І, у дадатак да гэтага, — дзяліцца вынікамі працы: фота- і відэаматэрыяламі.