Струнныя “плюсы” і “мінусы”

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

149 музыкантаў з 9 краін, 52 з іх адзначаны прэміямі і дыпломамі, 25 узнагароджаных — прадстаўнікі Беларусі. Такой атрымалася канчатковая статыстыка ІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага. А за ёй — імёны маладых, але ўжо даволі вядомых у конкурсным асяроддзі музыкантаў, многія з якіх прыехалі на наш конкурс, ужо маючы не адну і не дзве перамогі. Усё гэта — сведчанне надзвычай высокага ўзроўню сёлетняга міжнароднага спаборніцтва музыкантаў-струннікаў у Мінску.

 /i/content/pi/cult/142/905/Strunnyja.jpg

Пераможцы конкурсу (злева направа):
Павел Сідарэнка, Алена Палякова, Аляксей Ермалаеў, Кацярына Пукст, Дзмітрый Фамічоў.

Сапраўды, такой колькасці канкурсантаў, прычым, як высветлілася, надзвычай моцных, калі ледзь не кожны па ўзроўні падрыхтоўкі мог бы прэтэндаваць на лаўрэацкае званне, Беларусь яшчэ не збірала ніколі. Трэба дадаць, што ў першапачатковым падліку фігуравала яшчэ больш астранамічная лічба — 223 заяўкі, дасланыя на конкурс. Тое, што каля 70 музыкантаў “не даехалі” да конкурсу — нармальная сусветная практыка: зарэгістравацца можна на некалькі конкурсаў адразу, а потым абраць найбольш аптымальны варыянт. Таму 30-працэнтныя страты канкурсантаў на гэтым этапе абсалютна аб’ектыўныя. Куды важнейшым паказчыкам з’яўляецца прадстаўнічасць, прычым нават не краін, а выканальніцкіх школ. Бо добры музыкант не будзе марнаваць час на слабы конкурс, выступаючы на агульным “аматарскім” фоне. І тое, што ў нашым конкурсе ўдзельнічалі выхаванцы лепшых выкладчыкаў Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Кіеўскай кансерваторый, іншых вядучых музычных устаноў, лепш за агульную колькасць удзельнікаў сведчыць, што беларуская выканальніцкая школа набывае сусветную вядомасць.
Не менш сенсацыйным сталася і суквецце пераможцаў.
Іх дастаткова вялікая колькасць была “запланавана” ўжо тым, што конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях (скрыпка, альт, віяланчэль, кантрабас) у дзвюх узроставых групах (навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, пачынаючы з 15 гадоў, і студэнты вышэйшых разам з творчай моладдзю да 30-ці), у кожнай з якіх вызначаліся свае пераможцы. Але, па-першае, сярод пераможцаў аказаліся прадстаўнікі 8 краін з 9-ці, а гэта значыць, што выдатна падрыхтаваныя прафесіяналы ехалі да нас не толькі з бліжняга, але і з далёкага замежжа (адбываецца гэта не так часта, бо ў свеце, скажам шчыра, хапае прэстыжных конкурсаў з куды больш высокім прызавым фондам). Па-другое, ледзь не ўсе прэміі давялося дзяліць— паміж двума, трыма і нават чатырма ўдзельнікамі! І не таму, што журы аказалася надта “замілаваным”, а таму, што, паўтаруся, такім высокім аказаўся ўзровень канкурсантаў. Знайсці “самых-самых” сярод проста “самых” звычайна дапамагае ІІІ тур, які існуе на конкурсах падобнага ўзроўню. На ім канкурсанты іграюць з аркестрам, што ў некалькі разоў складаней (і адначасова даражэй, бо гэта дадатковыя конкурсныя дні, не кажучы ўжо пра аркестравыя рэпетыцыі).
У выніку атрымалася парадаксальная сітуацыя: вялікая колькасць лаўрэатаў быццам “абясцэніла” некаторыя ўзнагароды. Найбольш заўважным гэта было ў скрыпачоў старэйшай групы, дзе пасля працяглых разваг і нават спрэчак І прэмія так і не была прысуджана. Звычайна І прэмію не даюць нікому тады, калі ўзровень канкурсантаў не дастаткова высокі і на яе наўпрост няма прэтэндэнтаў.
У нас жа не далі таму, што “кандыдатаў у лаўрэаты” аказалася зашмат. Але і пры такім раскладзе нельга не адзначыць нашу Ўладу Беражную. Ва ўмовах конкурсу была прыпіска: маўляў, прадстаўнікі сярэдняй групы, пры жаданні, могуць браць удзел у старэйшай групе.
Гэтую “папраўку” скарысталі двое нашых навучэнцаў, абодва з Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, абодва сталі лаўрэатамі. І тое, што 17-гадовая скрыпачка Ўлада Беражная (клас дацэнта Эдуарда Кучынскага) атрымала ІІ прэмію, можа быць прыроўнена да першай. Бо іграла яна ярка, упэўнена, стабільна, падзяліўшы прэмію з куды больш старэйшымі музыкантамі — са знанымі прадстаўнікамі маскоўскай школы і таленавітай украінкай, што літаральна “нарадзілася са скрыпкай у руках”.
Крыху “абясцэненай” аказалася і І прэмія 15-гадовага віяланчэліста Івана Карызны (клас прафесара Уладзіміра Перліна) — самага, дарэчы, малодшага ўдзельніка конкурсу, які, між тым, выступаў у старэйшай групе, сярод дарослых прафесіяналаў (гл. “К” № 50). На ІІ туры ён іграў найскладаныя (і найпапулярныя) Варыяцыі на тэму ракако П.Чайкоўскага. Гэты твор звычайна такую безліч разоў гучыць на самым, бадай, прэстыжным Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага ў Маскве (і ў выкананні самых выбітных віяланчэлістаў свету), што знайсці ў ім штосьці новае здаецца немагчымым. Да таго ж, гэтыя Варыяцыі абсалютна бездакорна выконваліся і падчас адкрыцця конкурсу М.Ельскага — самім старшынёй журы, знакамітым Кірылам Родзіным з Масквы, таксама ў свой час пераможцам конкурсу П.Чайкоўскага. Але наш І.Карызна сыграў, без усялякага перабольшвання, лепей, бо ў яго надзвычай выразным выкананні былі юнацкі напал пачуццяў і тая асалода ад ігры, захапленне кожным гукам, што і ператварае прафесію ў папраўдзе боскае майстэрства.
— Вельмі шкада, што ў вас не прадугледжаны Гран-пры, — пракаменціраваў яго выступленне К.Родзін, пагадзіўшыся адказаць на маё пытанне пра ўзровень конкурсу. — Бо Іван Карызна — гэта менавіта Гран-пры. Прычым не толькі сярод віяланчэлістаў, але і сярод прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей: сапраўдны Гран-пры, які сустракаецца далёка не на кожным творчым спаборніцтве, а вельмі і вельмі рэдка.
Дык, мабыць, трэба ўнесці некаторыя карэктывы ў конкурсныя ўмовы? Бо відавочна, што наяўнасць Гран-пры, які можа прысуджацца не штораз, а толькі ў выключных выпадках, уздыме міжнародны прэстыж конкурсу імя М.Ельскага.
Пры тым, што сапраўдных адкрыццяў на конкурсе было шмат (і не толькі сярод пераможцаў, але і сярод тых, хто не змог патрапіць на ІІ тур, бо “выпадковых” удзельнікаў на гэты раз практычна не было), асаблівы гонар браў за беларускіх музыкантаў і нашу выканальніцкую школу. Нават расіяне з усёй іх усходнеславянскай ментальнасцю ігралі больш прагматычна, часам нават “фармальна”, чым беларусы, якія пры любым раскладзе захоўвалі надзвычайную эмацыйнасць. Адрозніць нашых у асяроддзі замежных віртуозаў было нескладана: яны вылучаліся асаблівай выразнасцю фразіроўкі, літаральна “гаваркімі” інтанацыямі, тонкай стылёвай адпаведнасцю выканання. Некаторыя з іх ужо ўдзельнічалі ў першым такім конкурсе 2003 года, таму асабліва відавочна было, наколькі ўзрасло за гэты час іх майстэрства.
Конкурс дапамог звярнуць увагу на асобных выкладчыкаў нашай Акадэміі музыкі і каледжа пры ёй. Але таго, што спецпрызамі былі адзначаны толькі прафесары Анры Янпольскі і Уладзімір Перлін, было зусім не дастаткова. Бо самай высокай пашаны заслугоўвае і адзначаны вышэй Э.Кучынскі (ён, дарэчы, выгадаваў і сусветна знакамітага Арцёма Шышкова, які працягвае навучацца ў яго класе ўжо ў якасці магістранта). Значныя зрухі адбыліся ў нашай альтовай школе. Адна толькі Лючыя Ластаўка падрыхтавала ажно пецярых пераможцаў (а калі да іх далучыць і тых лаўрэатаў-дыпламантаў, хто займаўся ў яе класе ў мінулыя гады, атрымаецца ўвогуле сямёрка). Дададзім, што Лючыя Леанардаўна робіць важкі ўнёсак у фарміраванне альтовага рэпертуару, бо на працягу апошняга дзесяцігоддзя плённа супрацоўнічае з кампазітарам Галінай Гарэлавай, замаўляючы той усё новыя творы (невыпадкова “Рэгбі” Г.Гарэлавай стала абавязковым творам, а за выкананне яе Альтовага канцэрта выхаванка Л.Ластаўкі Святлана Галубоўская, у дадатак да ІІ прэміі, атрымала таксама спецпрыз). Удала выступілі студэнты класа Уладзіміра Рылаткі (пры тым, што засталіся без яго падказак, бо той у складзе беларускай дэлегацыі знаходзіўся ў Венесуэле). Тэмбравай, эмацыйнай і філасофскай насычанасцю выканання ўразіла Марына Зяленіна (ІІ прэмія), багаццем гукавых фарбаў — Алена Даманская (ІІІ прэмія), якая звярнулася да Альтовага канцэрта А.Шнітке.
На жаль, ледзь не цалкам за межамі адзначаных засталася вялікая армія канцэртмайстраў — людзей вельмі сціплых, гатовых заставацца ў ценю салістаў, але браць на сябе ўсю адказнасць за іх выступленні.
Ім нават не ўручылі на заключным канцэрце, як гэта бывае звычайна, ганаровыя граматы — адно вусна падзякавалі са сцэны. А між тым, конкурс у чарговы раз даказаў годнасць нашай фартэпіяннай школы і канцэртмайстарскага майстэрства. Бо многія канкурсанты прыязджалі без “групы суправаджэння і падтрымкі”, і нашы піяністы акампаніравалі адразу некалькім выканаўцам, прычым абсалютна розныя праграмы. Калі ж той ці іншы твор паўтараўся, характар акампанементу змяняўся ў непасрэднай адпаведнасці з індывідуальнасцю саліста — вышэйшы пілатаж!
Думаецца, надалей трэба больш увагі надаваць абавязковым творам. Бо сёлета канкурсанты апынуліся ў розных становішчах: калі альтысты атрымалі абсалютна новы твор, замоўлены менавіта да конкурсу, дык прадстаўнікі іншых груп звярталіся да ўжо вядомых п’ес. Пэўна, патрабуюць новых “конкурсных” рэдакцый і скрыпічныя творы, што пісаліся Міхалам Ельскім у 2-ой палове ХІХ ст. з разлікам на ўласнае выкананне, бо за гэты час скрыпічнае майстэрства дасягнула новых вяршынь: калі раней “Капрысы” М.Паганіні не мог выканаць ніхто, акрамя яго самога, дык сёння гэта — звычайны рэпертуар ледзь не кожнага студэнта.
Зразумела, будзе паляпшацца і арганізацыйны бок, якасць якога, дарэчы, не заўсёды патрабуе дадатковых грашовых укладанняў, але шмат у чым фарміруе той “нябачны” адразу “прыбытак”, які ў будучыні можа выліцца не толькі ў агульнамастацкі выйгрыш, але і ў грашовы. Бо мэта любога конкурсу не толькі ў “раздачы сланоў”. Правядзенне конкурсу ў Мінску — цудоўная магчымасць для ўсіх зацікаўленых (не толькі мінчукоў, але і прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў) паслухаць конкурсныя выступленні і, такім чынам, атрымаць своеасаблівыя “майстар-класы”. Сёлета залы амаль пуставалі: студэнты нашай Акадэміі музыкі былі занятыя падрыхтоўкай юбілейных канцэртаў сваёй альма-матэр, самі ж конкурсныя выступленні пераносіліся, скарачаліся (бо, на жаль, не хапала часу), а інфармацыю знайсці можна было хіба на стэндах непасрэдна ў залах праслухоўванняў, а не на афіцыйным сайце. Таму на форуме замест заўсёднага абмеркавання пачутых выступленняў пярэсцілі хіба просьбы аб дапамозе: маўляў, падкажыце, калі хто іграе!
Пэўна, не так цяжка прадугледзець і запіс выступленняў, бо гэтыя матэрыялы пазней можна выкарыстоўваць і ў выкладчыцкай практыцы, і для далейшага фарміравання нацыянальных аўдыё- і відэафондаў, і, прабачце, для продажу (пакуль жа свае ўласныя фанатэкі папаўнялі падчас конкурсу хіба замежныя студэнты). Падобная практыка існуе на многіх замежных конкурсах: прыватным асобам рабіць запісы забараняецца, набыць жа зробленыя арганізатарамі — калі ласка.
Так што да наступнага конкурсу імя М.Ельскага, які адбудзецца ажно праз чатыры гады (надта вялікі, дарэчы, тэрмін, але раней не падыходзіць “чарга”, бо падобныя міжнародныя спаборніцтвы ладзяцца ў Мінску штогод, сярод музыкантаў розных спецыяльнасцей) трэба пачынаць рыхтавацца ўжо сёння.
І ўлічваць “плюсы” і “мінусы” цяперашняга конкурсу пры падрыхтоўцы іншых.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА