Дзіцячы конкурс: курс — зменены

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Планка вырасла — ажно да форы дарослым

Дзіцячы конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” прыемна здзіўляе кожны год. Але такога, як сёлета, яшчэ не было! І не таму, што арганізатары рэзка змянілі курс, — наадварот, тыя традыцыі, якія назапашваліся на працягу ўсяго існавання дзіцячых спаборніцтваў, сёлета ўзраслі настолькі плённа, што далі небывалы творчы ўраджай. Прычым адразу ў абедзвюх сферах: і ў рэжысуры свята (а дзіцячы конкурс не можа быць адно высвятленнем таго, хто лепшы), і ў саміх выступленнях юных салістаў.

/i/content/pi/cult/435/9049/2-1.jpeg

Дык якой пробы золата?

Рэжысура, вядома, пачалася ўжо з лёсавання, якое трывала, на працягу некалькіх гадоў, становіцца гэткім інтэрактыўным падарожжам у казку. Дзяцей вязуць на цеплаходзе ў парк, там яны гуляюць у атачэнні казачных герояў, катаюцца на атракцыёнах, нарэшце, выцягваюць нумары, пад якімі будуць выступаць у першы і другі конкурсныя дні — і ўсё. Ад ранейшай практыкі, калі маленькіх канкурсантаў прасілі выканаць штосьці акапэльна, адмовіліся ўжо не ўпершыню. Сапраўды, не трэба змешваць працу з адпачынкам!

Сёлета рэжысёрам абодвух конкурсаў  выступіла знаёмы па леташніх прыдумках віцебскі рэжысёр Ірына Коўлена. Лёсаванне, як заўсёды, таксама было тэатралізаваным — гэтым разам у адпаведнасці з казкай пра Пінокіа, якая яднала ўвесь конкурс. Нумар першага дня быў пазначаны на залатым ключыку, другога — на манетцы. Праўда, абодва высакародныя металы аказаліся… керамічнымі. Пераканацца ў гэтым вымусіла грузінская ўдзельніца Ленка (І Прэмія, а Гран-пры — у балгарскай салісткі): яна выпусціла з рук свой ключык, і той ператварыўся ў… чарапкі. Чым не казка? Праўда, крыху сумнаватая. Узгадаліся і прыклады, калі разбіваліся ранейшыя крыштальныя пеўнікі, што былі прызамі дарослага конкурсу. Праблему крохкасці вырашылі, замяніўшы крышталь на метал. Можа, так паступіць і з сувенірамі, што застаюцца дзецям памяццю на ўсё жыццё? І, пры ўсёй нашай любові да беларускай керамікі, вырабляць іх з больш прыдатных для дзятвы матэрыялаў?

/i/content/pi/cult/435/9049/2-2.jpeg

Аляксандра Лакціёнава. Беларусь.

Вельмі любяць дзеці нас!

Тэатралізацыя конкурсу — не навіна. З года ў год была і адметная сцэнаграфія, і вядучыя ў вобразах казачных герояў. Але сёлета дадалося больш зладжанасці, адрэпеціраванасці, дый саміх “чараўніцтваў” стала больш. Чаго была вартая сама ўверцюра конкурсных праслухоўванняў! Узяўшы за ідэю лялечны тэатр, рэжысёр памяняла месцамі лялек і людзей. Артысты былі быццам “на нітачках”, а кіравалі імі вялізныя лялечныя “рукі”. І ва ўсім гэтым была не толькі філасофія (хто тут людзі, а хто — лялькі?), але і адчуванне сапраўднага чараўніцтва. Героі казкі папраўдзе ажылі!

/i/content/pi/cult/435/9049/2-3.jpeg

Галіна Дубок. Украіна.

Але галоўны цуд адбыўся, калі з дапамогай паваротнага кола сцэна змянілася, бы ў казцы. На ёй выраслі дрэвы, дзе замест кроны па-дызайнерску адметна былі прымайстраваны… шасцярэнькі гадзіннікавага механізма. З іх жа былі “зроблены” і аблокі (мастак — Таццяна Куляшова). Зноў-такі, ці ж гэта не ўвасабленне філасофскай думкі? Амаль прытча нейкая атрымліваецца — пра хуткаплыннасць часу, зменлівасць аблачынак ды пасаджаныя дрэўцы, што ўзрастаюць і пачынаюць плоданасіць. І ўсё гэта — без аніякага націску на “канцэпцыйнасці”, а быццам бы гуляючы, “мімаходам”, увасабляючы, на думку творцаў, ідэю гэткай “музычнай скрыначкі”. Разнастайныя і папраўдзе ўдалыя відэапраекцыі — не толькі на “заднік” сцэны, але і на сцены паабапал партэра — давяршылі цудадзейную карціну.

“Падводкі” да песень у вуснах казачных герояў сталі яшчэ больш трапнымі, практычна без “нацяжак”. І разыгрываліся яны папраўдзе артыстычна, з натуральным гумарам, без губляння тэмпарытму ды чытання тэксту “па паперцы”, як гэта бывала ў мінулыя гады, калі тэксты не вывучваліся на памяць. Ролі былі падзелены паміж артыстамі Маладзёжнага аматарскага тэатра “Кола” з Віцебска і тэатра “38 і 8” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтыя калектывы ўжо неаднойчы супрацоўнічаюць на “Славянскім базары ў Віцебску”, але падобная еднасць была дасягнута ўпершыню. Кожны герой атрымаў не толькі сваё адметнае аблічча (сцэнічныя строі — стыльныя, часам нечаканыя, але вельмі трапныя для кожнага з герояў — шыліся спецыяльна для гэтых канцэртаў-спектакляў), але і сваю пластыку, рухі, манеру гаварыць. Дарэчы, мноства характарнай жэстыкуляцыі, што быццам бы “давала каментарый” ледзь не да кожнага слоўца, не адсылала нас да традыцый італьянскай камедыі дэль артэ (не забывайце, што Пінокіа — італьянец па паходжанні!), але і рабіла тэкст зразумелым без перакладу.

Дзеці сталеюць

Перакладчык калі і патрабаваўся, дык для конкурсных песень. Бо тэксты ў некаторых ці не праслухваліся ўвогуле, ці спяваліся з… англамоўным вымаўленнем, хаця ў першы дзень выконваліся песні кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляў канкурсант. Але не самая лепшая дыкцыя ў асобных нумарах засталася адным з рэдкіх недахопаў конкурсу. Агульны ж узровень яго быў вельмі і вельмі высокі.

/i/content/pi/cult/435/9049/2-4.jpeg

Рафаэл. Малдова.

Размовы пра тое, што з кожным годам конкурсная планка павышаецца, — зусім не перабольшанне. Але сёлетняе спаборніцтва пакінула і іншыя развагі. Конкурс відавочна пасталеў. І не толькі таму, што больш дарослымі сталі канкурсанты (пры ўмовах “ад 7 да 12 гадоў” большасць удзельнікаў былі 11-гадовымі). Разам з імі “пасталеў” і рэпертуар. Прычым не толькі яго тэматыка (а тыя ж песні пра каханне, як і яно само, “памаладзелі” ўжо даўно), але і, што важна, стылістыка, узровень выканальніцкай складанасці. Многія дзеці дадуць фору дарослым, нават знакамітым выканаўцам. І хаця для гэтага ўзросту ўласціва перайманне, “капіраванне” манер вядомых спевакоў, былі на конкурсе і ўнікальныя выпадкі, калі “адлюстраванне” аказвалася ледзь не лепшым за арыгінал.

Паказаў конкурс і рух у навучальным працэсе. Некаторы час таму на змену дзецям, што спяваюць як мага гучней, прыйшлі добра навучаныя юныя спевакі. Сёння ж іх змянілі дзеці, найперш, не столькі з моцнымі галасамі, колькі з адметнымі тэмбрамі. І гэта адразу паўплывала на разнастайнасць эстрадных манер. На змену аднастайна прыгладжаным, шмат у чым уніфікаваным галасам “з хору” прыйшлі спеўныя індывідуальнасці. Значыць, ёсць надзея атрымаць неўзабаве і яшчэ больш усеахопных творчых асоб, чыё “непадабенства” на іншых будзе выяўляцца ва ўсім.

Цудоўны прагноз! Але, вядома, ёсць з яго і выключэнні. І датычацца яны не столькі ўласна дзяцей, колькі іх настаўнікаў. Бо калі маленькая дзяўчынка спявае “Уздоўж па Піцерскай”, пераймаючы басовыя ноткі “хрыпатцой” і збіраючыся, мяркуючы па тэксце, цалаваць “куму-душечку”, дык становіцца нават не смешна, а шкада — дзіця, у якім не выяўляюць яго ўласных рыс. Узмацніўся і нацыянальны складнік — у саміх творах, у спеўных манерах. А гэта — таксама шлях да адметнасці кожнага з выканаўцаў. І — чарговае пытанне да кампазітараў ды аранжыроўшчыкаў, якія маглі б зрабіць новы прарыў у неафольк, на новым стылёвым этапе.

Журы маладзее

Больш даросламу стаўленню да стылявой палітры ў дзіцячай конкурснай праграме адпавядае і “амаладжэнне” журы. А між тым, такі працэс аказаўся скіраваны не проста на змяненне ўзроставага балансу, а на захаванне традыцый “Славянскага базару ў Віцебску” — з аднаго боку, на больш сучаснае стаўленне да дзіцячага эстраднага вакалу — з другога, на падтрымку і піяр “выхаванцаў” віцебскага фестывалю і конкурсу — з трэцяга. Бо ў журы былі запрошаны многія пераможцы мінулых дарослых конкурсаў “Славянскага базару ў Віцебску”: лаўрэаты 2003-га — 2005-га, 2007-га і 2012 гадоў. Так і трэба рабіць! А калі ўлічыць, што на заключным гала-канцэрце члены журы, паводле традыцыі, таксама выходзяць на сцэну, і не толькі для ўручэння ўзнагарод, дык зразумела, што такі ход, да ўсяго, яшчэ і ўпрыгожвае фестываль ды конкурс.

/i/content/pi/cult/435/9049/2-5.jpeg

Магі. Македонія.

Як там нашы?

Штораз, калі конкурс мацнее, трывожней становіцца за тых, хто прадстаўляе на ім нашу краіну. Сёлета (як, дарэчы, і на працягу многіх гадоў) юныя беларускія спевакі дэманструюць справядлівасць не толькі формулы “Усё лепшае — дзецям”, але і вытворнага ад яе варыянту: “Усё лепшае — дзеці”. Паліна Бурло, якая ўзяла творчы псеўданім Апалінарыя, скарыла не проста народнай спеўнай манерай, атрыманай у дзіцячай вакальнай студыі “Мікс” пад кіраўніцтвам Ірыны Раманоўскай. На сёлетнім конкурсе, паўторымся, падобныя рысы “аўтэнтычнасці” выканання не былі “выключэннем з правілаў”, на што разлічвалі, дарэчы, члены журы адборачнага тура, калі вырашылі спыніць увагу на дзяўчынцы “не зусім” эстраднага кірунку. Ужо ў першы конкурсны дзень, як яна заспявала, немагчыма было не адзначыць прыгажосць самога голасу. Здавалася, менавіта ён стаў “галоўнай дзеючай асобай” апрацоўкі народнай песні “Канапелькі”, а харэаграфічная кампазіцыя толькі падкрэсліла гэта, максімальна “змікшыраваўшы” статычнасць самой салісткі. Добра прагучала і песня з рэпертуару Людмілы Зыкінай, якая ўнесла ў свята сур’ёзныя ноткі.

Затое Аляксандра Лакціёнава з Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна (дарэчы, уладальніца ІІ Прэміі) стала адной з самых энергетычна прыцягальных спявачак. І “Вадаспад” мастацкага кіраўніка Цэнтра Святланы Стацэнка, і песня “Астравы” з кінафільма “Вышэй за вясёлку” як найлепш падкрэслівалі гэтую яе якасць.

/i/content/pi/cult/435/9049/2-6.jpeg

Даяна Кірылава. Расія.

Так што прайграўшых у гэтым конкурсе быць не магло апрыёры! І не толькі таму, што ўсе ўдзельнікі, паводле традыцыі, становяцца не ніжэй як дыпламантамі, а Гран-пры сёлета хацелася ўручыць ледзь не палове ўдзельнікаў. Пры такім узроўні ўжо сам выхад на віцебскую сцэну — узнагарода на ўсё жыццё. Таму асаблівы дзякуй — арганізатарам і членам журы, што дазволілі далучыцца да конкурсу і Магі з Македоніі, якая спазнілася на першы дзень і таму спявала ў другі адразу дзве песні.

Тэлебачанне адпачывае

Нягледзячы на тое, што менавіта конкурсы, як неаднойчы падкрэслівалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка, сталіся акцэнтам сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску”, дзеці гэта адчулі не ў поўнай меры. Так, гэтае спаборніцтва, як і дарослае, прэзентавалася на гала-канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю, але ўласна конкурсныя дні не трансляваліся па тэлебачанні — хіба запісваўся фінальны гала-канцэрт пераможцаў. Затое ў зале было шмат прыватных камер, так што відэа павязуць дадому практычна ўсе групы падтрымкі ўдзельнікаў. А між тым, тэлебачанне магло б рабіць гэта цэнтралізавана і, дарэчы, больш прафесійна. Многія замежныя фестывалі ды конкурсы забараняюць здымкі ў зале (гэтак жа, як у нашых тэатрах), але ахвотныя могуць набыць DVD з конкурснымі запісамі. Дый увогуле, акрамя проста трансляцыі, якая магла б стаць своеасаблівым майстар-класам для шматлікіх дзіцячых студый ды ўсіх ахвотных, нарэзку з асобных конкурсных нумароў можна было б выкарыстоўваць на тэлебачанні як песенныя кліпы: настолькі добра былі зроблены многія “падтанцоўкі”.

Праўда, на прэс-канферэнцыі, калі было ўзнята пытанне тэлетрансляцый дзіцячага конкурсу, журналістам паабяцалі, што ўжо праз год сітуацыя будзе выпраўлена. Дачакаемся? Бо такія выступленні, як сёлета, — майстар-клас для многіх нават прызнаных артыстаў.

Юрый ІВАНОЎ (фота), нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"