Хто з кім пакуміўся?..

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

На сядзібе “Этна-хутар”, што ў Магілёве, прайшло свята беларускай традыцыйнай культуры “Зялёныя святкі”, прымеркаванае да Троіцы. Яго арганізатарамі выступілі, у прыватнасці, Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

Магілёўшчына

Свята па-цяхінску

На пачатку года ў рамках праграмы мерапрыемстваў “Магілёў — Культурная сталіца СНД і Беларусі-2013” гарадскі выканаўчы камітэт правёў конкурс праектаў. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, якое прапанавала арганізаваць этнаграфічны фестываль, стала адным з пераможцаў. Пад час абмеркаванняў канцэпцыі з гарадской адміністрацыяй выкрышталізавалася ідэя свята традыцыйнай культуры, што і было праведзена ў рамках Дня горада.

/i/content/pi/cult/435/9047/2-1.jpeg

Дзяўчаты плялі вянкі, працаваў кірмаш рамёстваў, бабулі з аўтэнтычнага гурта “Журавінкі” вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна прадставілі траецкія карагоды сваёй мясцовасці, праспявалі траецкія і лірычныя песні, навучылі ўсіх ахвотных, як правільна куміцца па-цяхцінску.

А куміліся ў Цяхціне наступным чынам: завівалі бярозкі (завязвалі два маладыя дрэўцы за галінкі стужкачкамі), вешалі на бярозкі ручнік так, каб утварылася брамка. Потым дзяўчаты ў вяночках парамі, узяўшыся за рукі, праходзілі пад ручніком і спрабавалі закінуць свае вяночкі на бярозку. Лічылася, калі вянок не зваліцца, застанецца вісець на бярозе, то дзяўчына ў той жа год пойдзе замуж.

Яны шануюць традыцыі

Адбыліся два канцэрты гуртоў — пераймальнікаў традыцыйнай спеўнай і танцавальнай манеры. Для ўдзелу ў свяце з’ехаліся гурты з усёй Беларусі: “Сухадроўка” (Віцебск), “Глейна” (Гарадок), “Варган” (Полацк), “Млын Сонца” (Гомель), а таксама “Ула”, “Горынь”, “Dainava”, “Guda”, “Vuraj”, “Старое Сяло”, “Рада”, “Кудмень” з Мінска.

Прысутныя маглі навучыцца традыцыйным гульням ад дзіцячага гурта “Калыханка” з Міханавіцкага дома фальклору Мінскага раёна. Для зацікаўленых традыцыйнымі рамёствамі прайшлі майстар-класы па лепцы з гліны, ганчарстве, вырабе традыцыйных лялек, старажытнай тэхніцы вязання іголкай, выцінанцы. Дзейнічала танцавальная пляцоўка з майстар-класамі, дзе дзіцячы гурт “Верабейкі” з Любанскага раёна змяніў музычны гурт “На таку” з танцавальным клубам “Сіта”. Асабліва запомніўся “Шамель” — традыцыйны мужчынскі танец, запісаны мастацкім кіраўніком гурта “Верабейкі” Сяргеем Выскваркам у вёсцы Кузмічы Любанскага раёна ад Міхаленя Валянціны Рыгораўны. Хлопцам са старэйшай групы “Верабейкаў”, якія выступалі на свяце, зараз па 15 — 16 гадоў, але яны здолелі перадаць настрой дарослых мужчын, што выхваляюцца адно перад адным у танцы сваімі спрактыкаванымі рухамі.

/i/content/pi/cult/435/9047/2-2.jpeg

Прыемна было пабачыць на свяце знакамітага патомнага шапавала Валянціна Зюлікава з вёскі Пакуцце Дрыбінскага раёна. Валянцін пераняў майстэрства валення ад свайго бацькі. Валёнкі, капелюшы і магеркі вырабу Зюлікавых вядомы як брэнд Дрыбіншчыны па ўсёй Беларусі.

Прыватны ўнёсак

Як ужо было згадана, свята стала вынікам супрацоўніцтва адміністрацыі Магілёва з грамадскімі арганізацыямі. Не застаўся ў баку ад арганізацыі свята і прыватны бізнес: “Этна-хутар” належыць прадпрымальніку Сяргею Хмяльніцкаму. На тэрыторыі змешчана пяць хат з гаспадарчымі пабудовамі. Некаторыя з іх — гэта навабуд, але ёсць і аўтэнтычныя хаты, перавезеныя з Быхаўскага, Чавускага і Шклоўскага раёнаў. Акрамя жылых і гаспадарчых пабудоў, на тэрыторыі “Этна-хутара” змяшчаецца невялікая капліца. Неўзабаве тут можна будзе вянчацца і хрысціць дзяцей. Уваход на тэрыторыю “Этна-хутара” — вольны, некаторыя хаты ўжо аддадзены рамеснікам пад майстэрні і крамы. Сяргей Хмяльніцкі падтрымлівае Студэнцкае этнаграфічнае таварыства не толькі пад час святаў, але і ў будні: у адной з хат “Этна-хутара” збіраюцца паспяваць народныя песні прадстаўнікі магілёўскай суполкі Таварыства.

Такім чынам, аб’яднаўшы намаганні, гарадская адміністрацыя, грамадскія арганізацыі і прадстаўнік прыватнага бізнесу падарылі гораду цудоўнае свята, якое можа стаць паспяховым прыкладам для іншых сумесных праектаў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымках: моманты свята.

Фота Вольгі СЕМЧАНКА