“Я практыкую рэалізм…"

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

На выстаўцы жывапісца Святаслава Федарэнкі ў галерэі “Імкненне да гармоніі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры пабывалі сотні гледачоў, у асноўным — студэнты, педагогі, мастакі, артысты да тыя, хто наогул цікавіцца сучасным жывапісам.

Найменне “Дакументальны рэалізм у сучасным мастацтве” — крыху прэтэнцыёзнае, бо выходзіць далёка за рамкі ўласна экспазіцыі і той мастакоўскай канцэпцыі, якая, на маю думку, пакуль што ў дадзеным кантэксце не была дакладна вызначана самім аўтарам. Ён прадставіў дзевяць буйных кампазіцыйных шматфігурных палотнаў самых розных сюжэтаў і вельмі рознага ўзроўню, адзін аўтапартрэт і адзін прыпяцкі пейзаж Мазыршчыны.

/i/content/pi/cult/435/9045/2-2.jpeg

С.Федарэнка. "За нашу і вашу свабоду. А.Міцкевіч і Д.Гарыбальдзі".

Але справа, зразумела, не ў колькасці, а ў якасці карцін. Дык вось, да “якасці” пэндзля Федарэнкі ў мяне ёсць прэтэнзіі: адносна выбару тэм ды іх “рэалізацыі”. Асабліва гэта датычыцца кампазіцыі “ХХ стагоддзе. Салдаты свету” і некаторых іншых. Кідаецца ў вочы некаторая сырасць пластыкі і, галоўнае, не да канца вывераны ды прадуманы ідэйны замер.

Скажам, карціна “Гераічны Мажайскі дэсант” — вельмі спрэчная па “дакументальным рэалізме”, бо абапіраецца больш на “міфалогію” Вялікай Айчыннай вайны і на літаратурную белетрыстыку кшталту рамана Ю.Сяргеева “Княжацкі востраў”: наколькі я ведаю, высадка савецкага дэсанту з самалётаў — без парашутаў! — проста ў гурбы, каб спыніць калону нямецкіх танкаў (у снежні 1941 года пад Масквой), у баявых умовах не прымянялася.

Больш удалыя палатно “Ефрасіння Полацкая” і алегарычнае “За вашу і нашу свабоду. А.Міцкевіч і Д.Гарыбальдзі”. Так, Польскі легіён, створаны Міцкевічам, летам 1848 года ўдзельнічаў на баку італьянцаў супраць аўстрыйцаў. Праўда, паэт, наш земляк, і італьянскі палкаводзец, хаця і ведалі адзін пра другога, ніколі асабіста не сустракаліся. Але мастак выбраў удалую алегорыю, пра што і кажа назва твора. А побач — карціны “Хрэсны шлях народа” (таксама алегорыя), “Янка Купала. Чэрвень 1942 года”, “Героі Чарнобыля”… Як бачыце, “сюжэтная” разбежка Святаслава Федарэнкі — шырокая, а ў такіх выпадках мастаку цяжка ахапіць неабсяжнае.

Аднак ён цягам вось ужо сарака гадоў, пачынаючы з карцін “Чылі. 1973”, “Зямля маіх бацькоў” і “Далёка ад радзімы. М.Багдановіч”, не здраджвае галоўнаму жанру — фігуратыўнай карціне. Гэты жанр — самы складаны, самы цяжкі ў жывапісе і… “дарагі”, таму сёння не вельмі папулярны не толькі ў творцаў, але і ў заказчыкаў. І ў гэтым выпадку хочацца падзякаваць аўтару за мастакоўскую адданасць Яе Вялікасці Карціне. Няхай ягоныя словы “Я практыкую рэалізм” будуць сапраўдным крэда творчага жыцця. А час, як кажуць, рассудзіць усіх: і мастакоў, і гісторыкаў мастацтва, і тых, для каго, уласна кажучы, і ствараюцца творы…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"