Накшталт споведзі

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Імпрэсіяніст савецкай эпохі

У Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна адбылася выстаўка “Майстар і вучні”, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Віктара Казачэнкі (1918 — 1998 гг.). Экспазіцыю складаюць 16 жывапісных твораў з калекцыі сваякоў мастака (пейзажы, нацюрморты, партрэты), а таксама 22 работы яго вучняў: Валянціна Пакаташкіна, Фелікса Гельзіна, Уладзіміра Бярэшчанкі.

Талент Віктара Казачэнкі быў ацэнены яшчэ пры яго жыцці. Рэпрадукцыі ягоных карцін з’яўляліся ў часопісах. Пейзаж “Восень” ў 1958-м вялікім тыражом быў выдадзены ў Маскве, і ў тым жа годзе на студыі “Мосфильм” стварылі кінастужку пра творчасць жывапісца. Фрагмент яе і быў прадэманстраваны на адкрыцці выстаўкі ў бібліятэцы.

/i/content/pi/cult/435/9044/2-1.jpeg

В.Казачэнка. "Дождж".

Работы Віктара Казачэнкі і фільм пра яго выклікалі цікавасць навучэнцаў Гомельскага мастацкага каледжа і тых, хто займаюцца выяўленчым мастацтвам у сярэдняй школе № 19. Менавіта да іх звярталіся мастакі, якія наведалі выстаўку.

Сваімі меркаваннямі падзяліўся Генадзь Говар: “Казачэнка працаваў у стылі імпрэсіянізму. Цяпер падаецца дзіўным тое, што адносна нядаўна гэты кірунак жывапісу падвяргаўся жорсткай крытыцы, а яго паслядоўнікі — дыскрымінацыі. У работах Казачэнкі, створаных у імпрэсіяністычнай манеры, цэнтрам кампазіцыі станавіўся колер: ён ужо быў не толькі сродкам перадачы мастацкай задумы, а — сэнсам выявы. Менавіта дзякуючы такім творцам імпрэсіянізм выстаяў, узмацніў сваю жыццяздольнасць”.

Мастачка Любоў Сцяпанава звярнула ўвагу на той факт, што прафесійнай адукацыі ў Казачэнкі не было. Ён скончыў Гомельскі педагагічны інстытут, наведваў студыю, вучыўся ў таленавітых гомельскіх мастакоў Барыса Звінагродскага і Акіма Шаўчэнкі. Паехаў у Ленінград паступаць у Акадэмію мастацтваў, але спазніўся на ўступныя экзамены… “Мастаку давялося прайсці шмат выпрабаванняў: акупацыя, голад, рэпрэсіі, смерць любімай дачкі… — нагадала Любоў Сцяпанава. — Вытрываць, захаваць жыццялюбства яму дапамагала творчасць, прыроджаная здольнасць успрымаць родную прыроду, яе колеравыя азарэнні, глыбіні прыгажосці”.

Генадзь Тарскіх падкрэсліў, што ён не адбыўся б як мастак, каб не чулы ўдзел у яго станаўленні Віктара Фёдаравіча, яго ўрокі жывапісу: “Калі савецкае мастацтва было запоўнена параднымі шэдэўрамі, якія робяцца калектыўна-брыгадным метадам, Казачэнка тварыў сам-насам з прыродай. Пленэрны эцюд ён лічыў чымсьці накшталт споведзі. Дзякуючы гэтаму мастаку імпрэсіянізм вядомы як тонкае, эмацыйнае бачанне колеру, прастора светлай энергетыкі”.

Працуючы ў традыцыях імпрэсіянізму, Казачэнка не баяўся выкарыстоўваць чысты, “адкрыты” колер. Размеркаванне звонкіх, светлых колеравых плям, фактурная выразнасць мазка, адсутнасць дакладных контураў у перадачы мімалётных уражанняў — адметныя рысы ягонай жывапіснай манеры. У імпрэсіяністычных пейзажах Казачэнкі адчуваецца неабмежаванае багацце фарбаў прыроды. Дарэчы, ён быў не толькі выдатным пейзажыстам, але і партрэтыстам...

Выстаўка стала нагодай не толькі для ўспамінаў пра творчы шлях выдатнага гомельскага жывапісца, пра час, у які яму давялося жыць, але і заахвоціла да асэнсавання ролі імпрэсіянізму ў гісторыі мастацтва.

Алег АНАНЬЕЎ, мастацтвазнаўца, член Беларускага саюза мастакоў, намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна