Рэпертуар для выпускнікоў

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Дыпломныя спектаклі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сёлета, нягледзячы на рамонт будынка, адбыліся “паводле плана”. Асаблівую цікавасць выклікалі пастаноўкі па спецыяльнасці “акцёрскае мастацтва музычнага тэатра”, бо выпускі тут бываюць не штогод, а — раз на чатыры.

Мюзіклы “Ёхім Ліс — дэтэктыў з дыпломам” і “Мама мія!”, пастаўленыя раней, ужо асвятляліся (гл. “К” №№ 17 і 22 за 2013 г.). А што ж “Скрыпач на даху” Д.Бока? Ліцэнзійны твор, на прафесійнай сцэне ён можа быць увасоблены толькі пасля вырашэння немалых фінансавых і юрыдычных пытанняў. Навучальны ж працэс, калі паказ такога спектакля не звязаны наўпрост ці ўскосна з атрыманнем прыбыткаў і пастаноўка дэманструецца адно для камісіі ды сяброў, не падпарадкоўваецца аўтарскаму праву. Тым больш, што мюзікл ішоў пад раяль, у літаратурнай рэдакцыі кіраўніка курса і рэжысёра спектакля Міхаіла Кавальчыка ў рэпетыцыйнай зале Музычнага тэатра.

Пастаноўка вымусіла, з аднаго боку, пашкадаваць, што набыццё ліцэнзіі нам, што называецца, “не пагражае”. З іншага ж — парадавацца ўсё з той жа прычыны: аддаўшы немалыя грошы, тэатр набывае не толькі права на пастаноўку, але і абавязкі (у такім творы звычайна не дазваляецца рабіць ніякіх адыходаў ад першакрыніцы). А ў нас — свая рэдакцыя, свой фінал, што ўнеслі ў трагічны твор ноткі светлай настальгіі, уменне смяяцца з самых безвыходных сітуацый.

/i/content/pi/cult/435/9043/1-3.jpeg

Выпускнікі Акадэміі мастацтваў у вобразах спектакля "Скрыпач на даху".

Традыцыйная па рэжысуры пастаноўка, амаль цалкам пазбаўленая сцэнаграфіі, вывела на першы план псіхалагічныя дэталі, уменне маладых артыстаў увасабляць не толькі сваіх равеснікаў, але і персанажаў старэйшага ўзросту, якія да часу жывуць у згодзе, дапамагаюць адно аднаму, і кожны па-рознаму ставіцца да “прадчування” рэвалюцыйных падзей. Размеркаванне роляў — надзвычай дакладнае. У цэнтры апынуліся выпускнікі, ужо знаёмыя па іншых пастаноўках — не толькі студэнцкіх. Гэта Эдуард Вайніловіч (Песню Теўе-малочніка ён праспяваў лепш за вядомых выканаўцаў), Кацярына Мошчанка (Хава скарыла то трапяткой, то пульсуючай эмацыйнасцю), Аляксандр Шкут (сарамліва закаханы Мотл атрымаўся куды больш пераканаўчым, чым Поп), Шамхал Хачатуран (Перчык літаральна выпраменьваў унутраную энергетыку, што расшчаплялася на нервовасць і ўпэўненасць), Кацярына Макоўская (ёй удалося “прасачыць” перадсмяротныя змяненні псіхалогіі Голды), Аляксандра Рымкевіч (ейная Цэйтл — з “па-хатняму-ўтульнай” жаноцкасцю), Арцём Блахін (які ці не нарадзіўся Менахемам), Юлія Шышко (майстар эпізода!), Аляксандра Жук (гарэза-дзяўчынка)... І калі на пачатку некаторыя пачувалі сябе “заціснутымі”, дык у канцы — усе разняволіліся так, быццам спектакль ужо не першы год у іх рэпертуары.

Добрая думка! Навучанне павінна весціся на сусветнай класіцы, у тым ліку сучаснай. І тое, што пад дахам ВНУ будучыя заканадаўцы мод у мюзікле засвойваюць лепшыя прыклады жанру, сведчыць: беларускія прэм’еры такога кірунку атрымаюць годнае ўвасабленне, а можа — і захопленае “Ах!” нашай ды замежнай публікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"