Малыш як беларускі Гамлет?

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Як Барыс Луцэнка ў чацвёрты раз увайшоў у тую ж "ваду"

Учора і сёння ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага — прэм’ера спектакля “Аракул?..” паводле нацыянальнай класікі: п’есы Андрэя Макаёнка “Зацюканы апостал”. Напярэдадні ж мы распытвалі рэжысёра, народнага артыста Беларусі Барыса ЛУЦЭНКУ, як ён адважыўся ў адну і тую ж ваду ўвайсці… у чацвёрты раз. Бо ў 1970-я ён ставіў гэтую п’есу ў Купалаўскім тэатры, потым рабіў тэле- і радыёспектаклі. Цяперашняе ж яго прачытанне акрэслена на афішы як “музычная сямейная трагікамедыя”.

/i/content/pi/cult/435/9042/1-1.jpeg

— Насычэнне спектакля, як анансавалі, зонгамі сведчыць, што вы Макаёнка набліжаеце да Брэхта?

— Традыцыя звароту да гледачоў са сваімі меркаваннямі пра падзеі існавала нават у старажытнагрэчаскім тэатры. Брэхт хіба абагульніў дасягненні папярэднікаў. Таму нельга сказаць, “па Брэхту” ці, можа, “па Вахтангаву”, бо той, дарэчы, таксама зрабіў “тэатр у тэатры”. Іншая справа, што Брэхт намагаўся прыўнесці палітычны сэнс у свае спектаклі, гаварыў, што хацеў бы ператварыць свой тэатр у кавярню, дзе людзі сядзелі б, раздумвалі, а ён выказваў бы ім свае ўласныя думкі. Я ж хацеў паглядзець на гэтую п’есу цяперашнімі вачыма.

— Макаёнка ставілі па ўсім Саюзе і нават у замежжы. Апошнім жа часам пайшла “другая хваля” зваротаў да “Зацюканага апостала”. Гэта і спектакль Уладзіміра Савіцкага ў Брэсце, і дзве пастаноўкі Валерыя Раеўскага — у тэатры “Дзея”, які стаў Новым драматычным, і ў Гомелі. У Чэлябінску, наколькі ведаю, была пастаноўка. У 1970-я (я добра памятаю тое вашае прачытанне, бо і спектакль глядзела неаднойчы, і тэлепастаноўку, якую нядаўна паўтаралі на "Беларусь 3", і радыёспектакль слухала) гэтая п’еса “пра капіталістычны Захад” давала магчымасць адкрыта ўзнімаць тыя праблемы, што хвалявалі і наша грамадства. Публіка сама праводзіла паралелі, тэатр гаварыў пра тое, пра што нельга было пісаць у газетах, дый разбурэнне сям’і праецыравалася на разбурэнне грамадства, пабудаванага на падвойнай маралі. А што сёння? Вы змянілі назву — “Аракул?..”…

— У самога Макаёнка назваў было некалькі: прыблізна шэсць — восем. Ён доўга шукаў, пытаўся: “Барыс, а як табе вось гэта?” Сярод варыянтаў, здаецца, быў і “Аракул”, я ўжо дакладна не памятаю. А потым прыходзіць радасны: знайшоў! Ён увогуле быў чалавекам вельмі эмацыйным. Калі яму радасна, дык ён гэтую радасць выяўляў не на сто працэнтаў — на ўсе трыста, на пяцьсот! Калі ж быў пакрыўджаны ці бачыў несправядлівасць, крычаў: “Барыс, я зараз бяру аўтамат — і іду ўсталёўваць савецкую ўладу!” — гэта ўвогуле была ягоная любімая фраза, бо яму здавалася, што чыноўнікі — супраць савецкай улады. Ён умеў усе хваробы свету прапускаць праз сябе, мог з іх кпіць — і мог з іх плакаць. Мог разыгрываць сяброў, прычым таксама вельмі таленавіта, і мог балюча перажываць за недасканаласці свету. Мы сябравалі, ён прыходзіў да нас з сям’ёй, мы ездзілі да яго на лецішча. Не ўтаю, дарэчы, што дзякуючы менавіта яму мы з Раеўскім атрымалі па тэатры: Валерый стаў галоўным рэжысёрам Купалаўскага, а я — Рускага. Макаёнак пайшоў да Машэрава, які тады кіраваў краінай, і сказаў прыблізна наступнае: маўляў, мы запрашаем “варагаў”, а ў нас ёсць свае маладыя таленавітыя рэжысёры, чаму б не даць ім па тэатры? Я ўдзячны, што ён у нас так паверыў…

/i/content/pi/cult/435/9042/1-2.jpeg

Пад час рэпетыцыі спектакля "Аракул?..".

— Дык было ж чаму верыць! Вы на той час ужо не толькі “Зацюканага апостала” паставілі, але і купалаўскае “Раскіданае гняздо”, і “Таблетку пад язык” — таксама Макаёнка…

— Але не трэба думаць, што зараз я ўзяўся за гэтую працу толькі ў знак удзячнасці Андрэю Ягоравічу. Гэтая п’еса — на ўсе часы. Яе ён піша, час яе дзеяння — паміж мінулым і будучым. А месца дзеяння — маўляў, у акіяне, зусім неглыбокім, дзе і вады — усяго па калена. Малыш у Макаёнка быў гэткім вундэркіндам, што хацеў змяніць свет. Я раблю яго такім жа, але, па цяперашніх рэаліях, ён — тое дзіця індыга, якое лічыць, што прыйшло ў гэты свет з іншай планеты.

Спектакль — музычны, бо я зразумеў, што п’еса патрабуе сучаснага ходу, каб на гэтым фоне яе маналогі ўспрымаліся яшчэ больш востра. У Макаёнка жанр акрэслены як трагікамедыя. Ён казаў: я прымушаю гледача рагатаць, да колікаў, а пасля гэтага ён гатовы слухаць любы маналог. Гэты прыём цудоўна выкарыстаны і ў “Зацюканым апостале”: усе значныя рэчы тут адбываюцца пасля камедыйнай сцэны, што часам даходзіць да гратэску. Мне і раней здавалася, што Малыш — гэта Гамлет. Сучасны Гамлет! І ён у свае адзінаццаць гадоў імкнецца разважаць не толькі пра сямейныя праблемы, але і пра ўвесь свет. Улада яму патрэбна, каб змяніць свет у лепшы бок, навучыць людзей лётаць: у гэтым, для яго, ёсць свабода — не толькі грамадская, але і індывідуальная, у душы кожнага чалавека.

Па-новаму я вырашаю і сямейныя праблемы, акрэсленыя ў п’есе. Макаёнак хацеў зрабіць атмасферу больш наэлектрызаванай — я ж, наадварот, хацеў адлюстраваць стан многіх цяперашніх сем’яў, дзе людзі кахаюць адно аднаго, хочуць памірыцца і нават вось-вось памірацца, але — ніхто не хоча зрабіць першы крок. А з-за гэтага канфлікт працягваецца ды працягваецца. У спектаклі занята вельмі добрая група акцёраў: пра кожнага я магу сказаць толькі самыя добрыя словы. “Памаладзелі” Бацька і Маці Малыша, а таксама Дзядуля — ён у мяне не гэткі вясковы стары, а прызямляецца на… Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, лепш прыходзьце — і глядзіце!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"