З крыламі ў неба. Конкурснае

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

З такім “салаўіным” прозвішчам — ды не спяваць? Немагчыма! Нашу краіну на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2013”, што праходзіць у рамках ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прадстаўляе саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, сёлетні выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр САЛАЎЁЎ.

— Ты памятаеш сваё першае выступленне з аркестрам, яшчэ ў дзяцінстве? Цікава, як змяніліся за гэтыя гады твае адчуванні? Тым больш, што калектыў — усё той жа, пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга…

/i/content/pi/cult/435/9041/1-2.jpeg

Запытваю так яшчэ і таму, што сама памятаю тыя Сашыны спевы — на конкурсе “Спяваем з аркестрам!”. Ён тады адразу звярнуў на сябе ўвагу — вельмі прыгожым тэмбрам і нейкай асаблівай сонечнасцю. Не ззяннем, бляскам ды надзвычайнай энергетыкай, а — кранальнай, “утульнай” цеплынёй. Цікава, што ў тым форуме, заснаваным на спевах выключна з аркестрам, ён удзельнічаў тройчы: двойчы — у конкурснай праграме, а трэці год — у творчым вечары кампазітара Алены Атрашкевіч, якая і тады была, і зараз застаецца яго “настаўнікам на ўсё жыццё”. Ён прыйшоў да яе з хору школы мастацтваў, дзе, заўважыўшы ягоны голас, прасілі спяваць “як мага гучней”. І — стаў практычна першым навучэнцам знакамітай сёння студыі “Спяваем разам!”, адкуль выйшлі такія вядомыя сёння эстрадныя салісты як Дарыя ды Дзмітрый Сяргееў.

— З аркестрам? Хваляваўся, вядома. Усё гэта было вельмі нязвыкла. І адна думка — не падвесці музыкантаў (вунь іх колькі за маёй спінай сядзіць!) ды самога Фінберга. Сёння? Нічога не змянілася. Тое ж пачуццё адказнасці. Тым больш, што менавіта Міхаіл Якаўлевіч прапанаваў мне падаць заяўку на адбор да “Славянскага базару ў Віцебску”. Я даўно думаў пра гэты конкурс, але збіраўся туды не менш як гады праз два. Ён, можна сказаць, паскорыў гэты працэс летуценняў ды мар, вымусіўшы мяне яшчэ больш мабілізавацца. Увогуле ж, за творчасцю гэтага аркестра і яго салістаў я сачыў з дзяцінства, выхоўвауся на іх песнях ды іншых канцэртах. Таму і сёння часам не магу паверыць, што ўсё гэта не сон, што яны — мае калегі ды сябры, блізкія і родныя мне людзі. Аркестр — гэта ўсё!

— Цябе і самога, пэўна, можна ў некаторай ступені назваць “чалавекам-аркестрам”, бо ты валодаеш ажно чатырма музычнымі інструментамі, прычым такімі рознымі як баян, кларнет, фартэпіяна і гітара…

— Насамрэч, гэта склалася неяк само сабой, спецыяльнай мэты я не ставіў. У Маладзечанскай школе мастацтваў займаўся на баяне. А потым, гадоў у дванаццаць, вырашыў кінуць гэтую справу — не толькі баян, а ўвогуле музычную школу. Пераканала мяне ў адваротным Алена Віктараўна. Памятаю, прыходжу да яе на заняткі ў студыю “Спяваем разам!”, а яна і пытаецца: “Што, не падабаецца табе баян?” Я ўжо потым даведаўся, што гэта мой бацька ёй усё расказаў, а тады быў здзіўлены: ну як яна здагадалася? А яна спакойна так патлумачыла, што калі я хачу стаць спеваком (а я сапраўды вельмі хацеў!), дык музычную адукацыю кідаць нельга. І мы пачалі з ёй шукаць нейкія іншыя варыянты. Так я трапіў у сектар педагагічнай практыкі пры Маладзечанскім музычным вучылішчы (цяпер — дзяржаўны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага), да Юлія Дзмітрэнкі. Ну а да кларнета, натуральна, далучылася і фартэпіяна, бо гэтым інструментам хаця б крыху павінны валодаць усе музыканты. Гітару ж я асвойваў ужо самастойна. Ну што за спявак — ды без гітары?

— А чаму б і не? Сярод тых жа акадэмічных салістаў мала хто да гітары ахвочы. А ў цябе, наколькі я ведаю, была і оперная практыка…

Запытваю так яшчэ і таму, што памятаю ўдзел Аляксандра Салаўёва ў пастаноўцы “Травіяты” Дж.Вердзі (праўда, ён спяваў у хоры) у Маладзечанскім маладзёжным оперным тэатры на чале з дырыжорам (і адначасова дырэктарам каледжа імя М.Агінскага) Рыгорам Сарокам.

— Вы — пра каледж? Я паступіў туды ў клас Пятра Туронка — ён, дарэчы, некаторы час таксама ў студыі выкладаў. Акадэмічны вакал адрозніваецца ад эстраднага, але гэта — неацэнны вопыт, вялікая музыканцкая школа, тэарэтычны і гістарычны падмурак.

— Кажуць, што па спевах — і ў студыі, і ў каледжы, і ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, не згадваючы ўжо рэпетыцыі ў аркестры Міхаіла Фінберга, — ты не прапусціў ніводнага занятку…

Запытваю так яшчэ і таму, што пра Сашыну пунктуальнасць, сур’ёзнасць і схільнасці працаголіка ходзяць літаральна легенды. Ніколі ні на што не скардзіцца. Паабяцаў — выконвае. Заўсёды — у добрай спеўнай форме, бо на ўсе рэпетыцыі ды заняткі прыходзіць, папярэдне распеўшыся, прытым што некаторыя “зоркі” дазваляюць сабе і на сцэну выходзіць без аніякай размінкі, паступова распяваючыся на... самім выступленні (не будзем узгадваць прыкрыя спевы “пад плюс” у некаторых выпадках: зрэшты, у нашым Канцэртным аркестры гэткага падману не бывае ніколі).

— Вы так кажаце, быццам нармальнае выкананне сваіх абавязкаў — нейкі творчы подзвіг.

— Дык усё ж быў, як ва ўсіх дзяцей, перыяд, калі займацца прымушалі?

— Не. Я спяваў, таму што хацеў. Быў, праўда, у юнацтве час, калі мяне “зацягнуў” більярд, я нават выйшаў на трэцяе месца ў рэспубліканскім турніры, але трэба было рабіць выбар — і я выбраў спевы.

— Мутацыі голасу не баяўся?

— Памятаю, я тады вельмі перажываў, што і як са мной адбудзецца, бо і сапраўды ёсць шмат прыкладаў, калі голас не проста “ўжо не той”, а ледзь не страчваецца. Але так бывае, калі пры мутацыі рэзка “замаўкаюць”. Алена Віктараўна, наадварот, працягвала са мной займацца — па спецыяльных ашчадных методыках, падрабязна тлумачыла мне мой стан (настаўнік — гэта заўсёды яшчэ і “асабісты псіхатэрапеўт”), я нават удзельнічаў у канцэртах студыі — праўда, не сольна, а ў падгалосках. Гэта, дарэчы, вельмі паспрыяла развіццю ансамблевай тэхнікі.

— А Гран-пры ў Пецярбургу, на конкурсе “Дзень нараджэння”, дзе выконваюцца выключна новыя песні? І гэта — беражлівае стаўленне?

— Мутацыя тады яшчэ толькі-толькі пачыналася: Алена Віктараўна ўсё пралічыла. Хваляваўся, як вазьму верхнюю ноту. Але зразумеў, што гэта — справа не толькі фізіялогіі, але і самой псіхалагічнай настройкі.

— У сям’і цябе падтрымліваюць? Хтосьці з родных едзе на “Славянскі базар у Віцебску”?..

Запытваю так яшчэ і таму, што Саша — зусім не з музычнай сям’і, а з самай звычайнай. Праўда, у ягонага бацькі — прыгожы голас. Таму, мабыць, не маці, а менавіта бацька прывёў 8-гадовага сына ў эстрадную студыю Маладзечанскага палаца культуры. Жонка Аляксандра Салаўёва — культуролаг-менеджар, таксама, як і Саша, скончыла БДУКіМ, толькі — годам раней. Але пазнаёміліся яны нашмат раней: яна прыйшла на рэпетыцыю студыі “Спяваем разам” паслухаць сяброўку — і пачула Сашу. Так што яго перамогі на “Маладзічку-2005”, “Белазаўскім акордзе-2006”, на конкурсе “Адна зямля” і V Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях краін — удзельніц СНД у 2008-м, Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2009”, дзе ён атрымаў Гран-пры і Прыз глядацкіх сімпатый, — усё гэта праходзіла ўжо пад знакам Музы Юліі.

— У час конкурсу ў зале будуць усе: мама, тата, старэйшы брат, нават бацькі маёй жонкі, не кажучы ўжо пра саму Юлю...

Нагадаем, учора на лёсаванні Саша спяваў песню Алены Атрашкевіч на словы Таццяны Атрошанка “Без крылаў у неба”. Сёння а 22-й (не прапусціце прамы эфір!) ён выканае пад дзясятым нумарам кампазіцыю “Мама” Валерыя Галаўко на словы Алены Туравай — у новай аранжыроўцы, якая не паўтарае ніводную са шматлікіх ранейшых. А заўтра, ужо з аркестрам М.Фінберга, — “Ты мне вясною прыснілася” Юрыя Семянякі на словы Міхася Шушкевіча. Будзем трымаць кулачкі!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"