Пра маё і яго пакаленні

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

У ноч аднаго з уік-эндаў (мой узрост, дарэчы, 45+) прыняў удзел у «Подземныхмирахвселенной». Урэшце, тое была проста закрытая вечарына, дзе моладзь выконвала электронную музыку. Арганізацыю, канцэпцыю, сцэнарый і дызайн памяшкання ўсклаў на сябе музыкант, вядомы ў вузкім коле, як Gran+, а ў Мінскім абласным драматычным тэатры — як гукааператар Сяргей Драбышэўскі.

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр, рэжысёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра

/i/content/pi/cult/435/9039/1-2.jpeg

Сяргей — прадстаўнік племені, якое, само таго не ведаючы, прытрымліваецца прынцыпу: «У гэтым жыцці няма нічога немагчымага». Аднойчы ноччу, калі ён сядзеў у Інтэрнэце, да яго прыйшла муза. У выніку яе візіту з’явілася некалькі кампазіцый у стылі тэхна. Аўтар некаторы час дапрацоўваў іх, а затым разаслаў на музычныя сайты. Аднойчы ж на ягоны электронны адрас прыйшло запрашэнне выступіць на музычным фэсце «Sziget»! Гэты фестываль — найбуйнейшая музычная тусоўка Еўропы, якая праходзіць на востраве ў Будапешце. За ўсю гісторыю форуму толькі тры гурты з Беларусі гасцявалі на гэтым фестывалі. І раптам — хлопчык з Маладзечна…

Назапасіўшы неабходную суму грошай і вылічыўшы самы бюджэтны маршрут, Gran+ паклаў ноўтбук, нейкія тэхнічныя прыстасаванні ў заплечнік і выправіўся ў Будапешт. З венгерскай сталіцы Сяргей прывёз здымкі, сонечны настрой, а аўтару гэтых радкоў — магніцік у выглядзе вострага перчыка і надпісам «Hungary», банку кукурузы «адтуль» і цвёрдае жаданне працаваць у абраным кірунку.

Я шчыра радаваўся, калі яго запрашалі выступаць у начныя клубы. Гарады пералічваць не буду — няхай шанцуе і далей. Адбываецца гэта рэдка, але стабільна. Вярнуўшыся аднойчы з чарговага міні-тура, Сяргей падзяліўся ідэяй: «А ці не замуціць якую-небудзь андэграўндную «дзвіжуху» і ў Маладзечне?» Вызначылі дзень, калі былі гатовы сабрацца разам музыканты з Мінска, Кіева, Барысава ды, уласна, Маладзечна. Ідэя стала абрастаць падрабязнасцямі. Чым больш іх з’яўлялася, тым больш Сяргей пачынаў нагадваць мне аднаго персанажа з фільма «Дракула» Фрэнсіса Копалы, якога таленавіта сыграў Том Уэйтс. Усе творчыя людзі, у добрым сэнсе апантаныя якой-небудзь ідэяй, — трошкі вар’яты. У выпадку з вечарынай Сяргею трэба было выканаць процьму прадзюсарскіх ды адміністратарскіх абавязкаў.

Мне адводзілася роля вядучага. І не проста вядучага, а правадніка ў падземныя светы пад нікам «Алег Чэ»! Я павінен быў чытаць тэксты-падводкі перад выступленнямі музыкантаў. Чаму я? Віной або асаблівасцю — лёгкасць на ўздым, запал на ўсякага роду творчыя авантуры.

У «гадзіну ікс» я зазбіраўся з дому. Жонка крытычна паглядзела на мяне: «Ты хоць бы штаны замест шортаў апрануў» — «Ты нічога не разумееш! Гэта ж вечарына «20+», — не ў смокінгу ж туды ісці!» Жонка ў думках пакруціла пальцам ля скроні...

Пры ўваходзе ў залу, дзе павінна было праходзіць выступленне, вісеў плакат з надпісам «Вітаю, вандроўнік!». Ну што ж, прывітанне! Гледзячы на тое, як, «з падручных сродкаў» быў аформлены сам зальчык, я зразумеў, што ў Сярожу дрэмле будучы дызайнер. У адным куце вузкага калідора грувасціўся тэлевізар з гульнёвай прыстаўкай, дзе ахвотныя маглі настальгічна паганяць чалавечкаў на экране. У іншым калідоры — столік з гарбатай, кавай з хатніх запасаў ды кексамі, якія спёк аўтар мерапрыемства. Тут жа, на сцяне, — кавалачак паперы з надпісам «Кіналекторый». Дыяпраектар, якому самае месца ў Музеі гісторыі кіно і які быў у кожнай другой прагрэсіўнай савецкай сям’і, праецыраваў на сценку дыяфільмы маіх часоў яшчэ 6+. Сярод іншых стужак, у гэты вечар давалі «Сіўку-бурку». Адна дзяўчына, блытаючы націскі і папраўляючы сябе на хаду, выразна чытала тэкст на кадрах...

Тое ж, што граюць музыканты — атмасферныя творы, іншым разам — касмічныя: сумесь гукаў, галасоў і рытму. Пад некаторыя кампазіцыі хочацца думаць, яны настройваюць на развагі. Прадукт іх прызначаны для гурманаў. Ён не касавы. У тэатры гэта — як тэксты Мрожака або Гамбровіча, якога так вынаходліва паставілі ў сталічным Тэатры лялек. Паглядзець можа кожны, але далёка не кожны — зразумець і прыняць. Мне здаецца, аўдыторыя ў музыкантаў, якія працуюць у гэтым жанры, — невялікая. Але яна ёсць і — не скарачаецца. Зразумела, казаць пра тое, што гэта — іх прафесія, з дапамогай якой яны зарабляюць сабе на жыццё, не даводзіцца. Але яны — апантаныя, кожны ў меру сваіх здольнасцей. Гэта своеасаблівае братэрства… У кожнага — свой свет і сваё ўяўленне пра яго, якое яны і даносяць.

Слухаючы кампазіцыі, я адзначыў, што некаторыя з іх можна хоць зараз устаўляць у спектакль або фільм, і яны нададуць дзеі сваю чароўнасць ды атмасферу. Гэта нявыкарыстаныя гектары музычнай цаліны!

Выканаўшы сваю місію, Алег Чэ вяртаўся дадому. На гадзінніку — палова чацвёртай раніцы. У галаве круцілася мелодыя "Depeche Mode" часоў маіх 20+ — "Enjoy the silence". На прыпынку драмаў стомлены аднагодак. У яго таксама ёсць унутраны свет. Мо ў свае 16, ці 18+, не важна, ён захапляўся: брынкаў на гітары на лавачцы ля пад’езда або барабаніў у школьным ВІА, ці быў фанатам крутой рок-каманды, абклеіўшы сцены свайго пакоя плакатамі з яе выявамі... Гэта было тады. А цяпер яго ўнутраны свет, які ён быў не ў стане «данесці дадому», мірна драмаў на лаўцы…

Часам карысна ахвяраваць сном і звыклым распарадкам дня, каб убачыць і пачуць сусветы, якія жывуць побач, — непаўторныя і разнастайныя…

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр