Беларусы замежжа: як вам там жывецца?

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

У рамках сёлетняга велатура “К” нам удалося трапіць у маляўнічыя мясціны пад літоўскім Тракаем — на святкаванне нашымі суайчыннікамі, што пражываюць у Літве, беларускага Купалля. Прызнацца, шасцідзесяцікіламетровы шлях з Вільнюса на веласіпедах да загадкавага “месца Х” — Цэнтра адпачынку “Вілкокшніс” аказаўся не з лёгкіх. Аднак тое, што мы пачулі і ўбачылі на свяце, перакрэсліла ўсе сумневы ды стомленасць.

Дар'я Амяльковіч, рэдактар аддзела газеты "Культура"

/i/content/pi/cult/435/9037/1-1.jpeg

Дык як жа святкуюць Купалле беларусы Літвы? Здаецца, самым звычайным чынам: збіраюцца разам, спяваюць песні, распальваюць вогнішча ды водзяць вакол яго карагоды, але… Столькі душы і жывой радасці ў гэтых вядомых рытуалах, што не перадаць словамі!

Сёлета на свята сабраліся прадстаўнікі суполак беларусаў з Шальчынінкая, Швянчоніса і Вісагінаса. Алег Давідзюк, кіраўнік згуртавання беларусаў “Крок” з апошняга горада, узяў на сябе справу кансалідацыі землякоў. Непасрэдны ўдзел у арганізацыі свята прыняў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын (інтэрв’ю з ім — на стар. 6). Не адбыліся б святкаванні без прадпрымальніка і гаспадара Цэнтра адпачынку Мікалая Калесніка — таксама беларуса (ён родам з Дзятлава), які ласкава прадаставіў пляцоўку для правядзення імпрэзы.

Як апісаць тую нязмушаную атмасферу, што панавала ля возера Вілкокшніс? Гэта захапляльная эстафета выступлення калектываў — шальчынінкайскай “Раніцы”, вісагінаўскіх “Сузор’я” і “Світанку”… Гэта такое выканнне беларускіх песень, калі ўмоўная мяжа паміж публікай і артыстамі сціраецца — і ўсе разам спяваюць знаёмыя радкі... Гэта — танцы, якія з’яўляюцца натуральным працягам дзейства для артыстаў ды гледачоў, бо ўседзець на месцы практычна немагчыма!..

На святкаванні Купалля прысутнічала і невялікая дэлегацыя з Мінска: у яе складзе былі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея нашай краіны Алег Рыжкоў.

Уладзімір Іванавіч, увогуле, паабяцаў прыехаць на наступнае Купалле і зладзіць невялікую акцыю ад музея ў рамках такіх незабыўных святкаванняў: “Не чакаў, што мяне здзівяць, але вельмі ўражаны, — прызнаўся ён. — Таму налета мы абавязкова зладзім тут мерапрыемства, напрыклад, нашу вядомую акцыю — выстаўку адной карціны”.

Вядома, што Купалле не абышлося без вогнішча ды вялікага карагоду, у якім сабраліся ўсе ўдзельнікі мерапрыемства.

Напэўна, і наша захапленне святкаваннямі, што ладзяцца тут не ўпершыню, выклікана магчымасцю павітацца ды пагутарыць з землякамі, якія жывуць на літоўскай зямлі ўжо не адно дзесяцігоддзе.

— Раней свята Купалля ладзілася ў нас, у Швянчонісе, — паведаміла Ніна Сусвіло, “кухмістр” купальскіх застолляў цягам больш як пятнаццаці гадоў.

— Як нам жывецца? Ды па-рознаму, — дзеляцца беларусы. — Добра, што ў нас ёсць свае калектывы, суполка, дзе мы можам падтрымліваць сувязь…

Але ці дастаткова такой увагі? Усё ж яна мае "кропкавы" характар, не маючы пакуль сістэмнага статуса адносна той ці іншай дыяспары. Зрэшты, не ацаніць і такія крокі (скажам, перадачу касцюмаў для калектываў ці кніг з боку дзяржаўных інстытуцый) было б, па меншай меры, некарэктна.

Сёння дзякуючы падтрымцы Мікалая Калесніка беларускае Купалле ладзіцца ў гэтых мясцінах. Ён засведчыў, што для яго вялікі гонар прымаць землякоў. І калі пад час выканання песні ансамбля “Світанак” ён пачаў запісваць спевы на мабільнік, мы зразумелі, што ягоны “спонсарскі” ўчынак — зусім не акт самапіяру…

“Беларусь паглядае, як жа мы тут жывём, — спявалася ў песні “Беларускі дом”. — Нас трымае, яднае беларускі наш дом, дзе нам хороша ў працы, і ў бяседзе падчас. Хай жа свеціцца радасць у Айчыны ў вачах!”.

— А давайце зробім кампазіцыю гімнам беларусаў Літвы! — зрабіў прапанову Мікалай Калеснік артыстам, расчуліўшыся.

— Мы не супраць, — адказалі яны.

Магчыма, толькі за мяжой так пранікнёна гучыць беларуская песня…

(Працяг тэмы — у наступных нумарах.)