Міф ці ява: вясковы рэкламны піяр?

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Шведская кампанія, што вырабляе мэблю і тавары для інтэр'ера, рэкламуе свой тавар для дома вельмі нестандартна. Да прыкладу, утварае прыпынак грамадскага транспарту з уласнай мэблі. У чаканні аўтобуса можна адпачыць на фірмовай канапе ды памарыць пра добрае... Скажам, пра будучыню беларускай вёскі. Вось, яна, маючы даўнюю гісторыю, унікальных майстроў-рамеснікаў ды адметныя абрады, цалкам ігнаруе рэкламу ўласнай адметнасці. Ёсць што рэкламаваць — няма пакуль ідэй, як гэта зрабіць. Мастацкія “ўтварэнні” з цюкаванай саломы ўжо прыеліся. Чаму б не падумаць пра самыя розныя інсталяцыі ці малыя скульптурныя формы з дрэва, металу або керамікі, якія і сумяшчалі б тэкставую інфармацыю пра наяўнасць навакольных гісторыка-прыродных помнікаў, і адначасова былі б сімвалам мясцовай рамесніцкай традыцыі? Уяўляеце рэкламную альтанку, сплеценую з вярбы па традыцыях майстроў, скажам, Магілёўшчыны? А альтанка тая скіруе і ў мясцовыя клуб з бібліятэкай, і да святой крыніцы з векавым дубам. Сапраўды, а чаму б і не?

/i/content/pi/cult/435/9036/3-1.jpeg

Валерый ШКАРУБА, мастак:

/i/content/pi/cult/435/9036/3-2.jpeg

— Ідэя мае рацыю, таму яе цалкам падтрымліваю. Кожны куток Беларусі — цікавы па-свойму. Але хто пра гэта ведае? Нават мясцовыя жыхары не заўжды згадаюць пра гісторыю царквы ці пра паходжанне назвы мясцовага бору або сажалкі.

Нават у аграгарадках рэдка сустрэнеш бігборд, прысвечаны традыцыйнай культуры дадзенага паселішча ды яго ваколіц. Так што рэкламныя інсталяцыі ва ўмовах сучаснай вёскі павінны існаваць: менавіта яны стануць брэндавай “прынадай” для гасцей і турыстаў.

Хто павінен займацца стварэннем нетрадыцыйных носьбітаў рэкламы? Напэўна, мясцовыя майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынамсі, менавіта яны змогуць дакладна перадаць дух і самабытнасць роднай вёскі. І ўвогуле, я за тое, каб у кожным аграгарадку існавала выставачная галерэя. Між тым, нават у Барысаве яе пакуль няма…

Віктар ШНІП, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”:

/i/content/pi/cult/435/9036/3-3.jpeg

— Натуральна, і я не маю нічога супраць. Даўно казаў на старонках “К” пра тое, што гісторыя, культура вёсак беззваротна знікае разам з яе старажыламі. Гісторыя і культура — гэта ідэалогія. А ідэалогіяй трэба навучыцца карыстацца з карысцю для развіцця нашых сельскіх рэгіёнаў. Інакш моладзь увогуле забудзецца пра карані бацькоў...

Так што ідэю неабходна ажыццяўляць. Але любая праца каштуе грошай. Хто аплаціць работу майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва? У сельсаветаў няма на гэта грошай — значыць, трэба шукаць спонсараў. Вельмі спадзяюся, што нядаўна створаныя аддзелы ідэалогіі, культуры і па справах моладзі зацікавяцца слушнай ідэяй.