А ў нас летнія чытальні — працуюць!

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст з Навагрудка: “Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Прыміце меркаванні наконт матэрыялу “У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?” пад рубрыкай “Трэба абмеркаваць!”. Меркаванні газета прымае і друкуе. Дзякуй за супрацоўніцтва!

У красавіку Навагрудскі райвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці летніх чытальняў. Зацверджана і палажэнне аб іх працы. Вызначаны пяць пляцовак такіх чытальняў для Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і гарадской бібліятэкі — філіяла № 1 ЦБС з правам выбару лепшай.

Да акцыі мы падрыхтаваліся загадзя. Былі закуплены чатыры камплекты пластыкавай мэблі (парасон, стол, крэслы) — па два на кожную з вышэйназваных бібліятэк. Летнія чытальні працуюць два разы на тыдзень: у сераду і чацвер з 13.00 да 16.00. У чэрвені мы працавалі і па суботах, калі на гарадской плошчы ладзіліся святы для дзяцей. Прапаноўваем чытачам у асноўным газеты ды часопісы. Для дзетак закупілі настольныя гульні. За месяц ужо займелі пастаянных наведвальнікаў. Асаблівы інтарэс выклікаюць кнігі па краязнаўстве: людзі любяць разглядаць карты, схемы старажытнага Навагрудка і замка, нават спрачаюцца паміж сабою…

Ад бібліятэкара праца ў летніх чытальнях патрабуе, безумоўна, камунікабельнасці. Тут трэба ўмець падысці да людзей, запрасіць, падзяліцца сваімі ведамі, расказаць аб навінках, прарэкламаваць і прапанаваць бібліятэчныя выданні. Проста выставіць дакументы на стэлажы — гэтага не дастаткова. Ну і што, калі ўсе з мабільным Інтэрнэтам, планшэтамі? А калі падыходзіш да людзей у скверы і прапаноўваеш часопісы, дык яны ад чытання не адмаўляюцца. Крыху напружана рэагуюць на запаўненне фармуляра... А яшчэ мы са здзіўленнем заўважылі, што людзі не толькі чытаюць, але і хочуць купіць выданне. Тады тлумачым, што мы — бібліятэка і кніг не прадаём.

Буккросінгам пакуль не займаліся, а ў летніх чытальнях плануем працаваць цягам лета. І не трэба баяцца, што не будзе попыту. Калі паказваць тавар лепшым бокам, дык і попыт абавязкова з'явіцца. Гэта мы заўважылі па нашых інфармацыйна-краязнаўчых турах “Праз бібліятэку — да дабрыні і святла”, якія праводзім па бібліятэках ды школах аграгарадкоў цягам пяці гадоў, і па нашай выставачнай дзейнасці да значных рэспубліканскіх ды гарадскіх падзей.

Паглядзець фотаздымкі летніх чытальняў можна на нашым сайце
http://novcrb.grodno.by і на старонцы ЦБС у Фэйсбуку.

Ірына ЦАРУК, намеснік дырэктара Навагрудскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы