Для пояса слуцкага

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Як паведамляе Прэс-служба беларускага Лідара, абсталяванне і сыравіну для вытворчасці слуцкіх паясоў, што ўвозяцца ў Беларусь, вызваляць ад мытных пошлін. Адпаведны Указ № 308 “Аб некаторых пытаннях арганізацыі вытворчасці і рэалізацыі слуцкіх паясоў” Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 ліпеня.

“Дакументам прадугледжваецца вызваленне з 1 студзеня 2013 года па 31 снежня 2015 года ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дабавачную вартасць, што спаганяюцца мытнымі органамі, тэхналагічнага абсталявання, камплектуючых і запасных частак да яго, сыравіны, матэрыялаў для выключнага выкарыстання на тэрыторыі Беларусі, што ўвозяцца, у мэтах рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Арганізацыя вытворчасці аналагаў, копій, мастацкіх стылізацый слуцкіх паясоў і сувенірнай прадукцыі РУП “Слуцкія паясы”.

Увоз тэхналагічнага абсталявання, камплектуючых і запчастак да яго, сыравіны плануецца ажыццяўляць з трэціх краін, паколькі ў Беларусі і на тэрыторыі Мытнага саюза адпаведныя тавары не вырабляюцца. У выпадку вызвалення тавараў, што ўвозяцца, ад абкладання мытнымі пошлінамі і падаткам на дабавачную вартасць не спатрэбіцца адначасовае вывядзенне з абароту прадпрыемства вялікай сумы грашовых сродкаў, якія будуць накіраваны на тэхнічнае перааснашчэнне і рэканструкцыю дзеючых вытворчасцей, набыццё нематэрыяльных актываў, сертыфікацыю вытворчасці.

Акрамя таго, ад абкладання падаткам на дабавачную вартасць вызваляюцца абароты па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі аналагаў, копій, мастацкіх стылізацый слуцкіх паясоў і сувенірнай прадукцыі з таварным знакам “Слуцкія паясы”.

Указ прыняты ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады, якая рэалізуецца з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі.