Запрошаны да здымак!

№ 28 (1102) 13.07.2013 - 20.07.2013 г

Падзеі з удзелам беларускіх творцаў адбываліся цягам тыдня і ў замежжы. Вось іх кароткі дайджэст.

Латвія

З 5 па 7 ліпеня ў Вентспілсе прайшоў Міжнародны фестываль беларускай культуры. У форуме, зладжаным пры падтрымцы беларускага Пасольства ў балтыйскай краіне, прынялі ўдзел дэлегацыі і творчыя калектывы з гарадоў-пабрацімаў Вентспілса: Полацка і Наваполацка, а таксама Віцебска і Мінска. Выступілі перад гледачамі і калектывы нашых суайчыннікаў у Латвіі. Таксама ахвотныя маглі набыць творы беларускіх рамеснікаў.

Расія

Кароткаметражная стужка “Брут” рэжысёра Канстанціна Фама прыме ўдзел у 36-м Маскоўскім міжнародным кінафестывалі налета. Карціна, нагадаем, уваходзіць у кінатрылогію “Сведкі”, удзел у вытворчасці якой бярэ і “Беларускі відэацэнтр”. Самі здымкі восенню — зімой будуць праходзіць у Чэхіі і на Беларусі, а задзейнічаюць у іх прафесіяналаў з нашай краіны, Расіі, Ізраіля, ЗША. Нагадаем, колькі тыдняў таму “Брут” выйграў пітчынг сёлетняга Маскоўскага кінафестывалю. А першая частка кінатрылогіі — “Туфлікі” — ужо адзначана Гран-пры італьянскага VIII Міжнароднага фестывалю кінамастацтва “Imperia”.

Малдова

Народны ансамбль народнай песні “Бурштын” з Кобрына паўдзельнічаў у Міжнародным фестывалі “Белая лілея”, які прайшоў у малдаўскім горадзе Кагул. Сярод удзельнікаў — калектывы з больш як 15 краін, што выконваюць адноўлены альбо стылізаваны фальклор. Знайшлося на свяце месца і для прадукцыі народных майстроў.