Аграрый-інтэлігент з пасведчаннем культасветніка

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Ахоўваць, зберагаць і папулярызаваць помнікі архітэктуры, гісторыі і культуры, здабыткі духоўнай спадчыны нашага народа — справа не толькі тых, хто працуе ў галіне культуры, але і прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі, — лічыць прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага універсітэта Віктар Карко. І не ў апошнюю чаргу — будучых кіраўнікоў аграрна-прамысловых комплексаў, інжынераў-аграрыяў, якія пасля заканчэння Alma mater па размеркаванні едуць працаваць у рэгіёны. Ад таго, які культурны багаж гэтых спецыялістаў, таксама не ў малой ступені залежыць, як будзе захоўвацца і развівацца наша нацыянальная культура.

 /i/content/pi/cult/142/903/Socium-2-1.jpg

— У сістэме адукацыйнай падрыхтоўкі студэнтаў мы вялікую ўвагу надаем гуманітарнаму складніку, — адзначае Віктар Станіслававіч. У БДАТУ дзейнічае гуманітарна-экалагічны факультэт, навучанне на якім дае магчымасць будучым “тэхнарам” набыць і грамадскую прафесію. На аддзяленнях мастацкай творчасці, мастацтвазнаўчым, ландшафтнага дызайну, эстэтыкі і стылю ў адзенні, экалагічнага краязнаўства, экскурсійнага абслугоўвання насельніцтва, аграэкатурызму і іншых моладзь можа набыць тэарэтычныя веды і практычны досвед. Прычым, наша ВНУ выдае па некаторых грамадскіх спецыяльнасцях, набытых у сценах універсітэта, пасведчанні.
Штогод першакурснікі праходяць заняткі ў межах аддзяленняў і гурткоў гуманітарна-экалагічнага факультэта, а па заканчэнні вучобы здаюць залік.
Дарэчы, не ўсе тэхнічныя ВНУ маюць такі факультэт. Пасля першага года навучання ў ім моладзь і на старэйшых курсах працягвае спасцігаць гуманітаныя навукі, але ўжо па сваёй ініцыятыве. Ёсць у нас і музей культуры і побыту беларускага сялянства, экспанаты якога вельмі каштоўныя, яны сабраны ў розных вёсках і мястэчках Беларусі студэнтамі і выкладчыкамі. Самыя частыя яго наведвальнікі, зразумела, будучыя інжынеры-аграрыі. Такім чынам, у БДАТУ створана сістэма, якая ўключае ў сябе комплекс праграм, мерапрыемстваў, датычных культурнага развіцця асобы. У нас склалася нямала ўласных традыцый менавіта ў культурным выхаванні студэнтаў. У гэтым накірунку таксама актыўна працуе універсітэцкае ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю, кафедра беларускай і рускай моў, дзейнічае студэнцкі клуб, а ў яго межах — народны тэатр “Праметэй,” тэатр эстрады “Эскі”, школа культарганізатараў, літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Першацвет”.

— І можа, хто з вашых студэнтаў ужо вызначыўся як паэт ці празаік?

— “Першацвет” яднае , як кажуць, пішучых людзей. Мы дапамагаем ім у творчых памкненнях, выдаем універсітэцкія паэтычныя зборнікі. Напрыклад, у апошні зборнік “Вясна, каханне, маладосць” уключаны вершы на беларускай і рускай мовах студэнта і вельмі здольнага маладога паэта Андрэя Каменскага. Ён родам з Гомельшчыны, вершы піша са школы, прытым большасць іх — на роднай мове, якой ён цудоўна валодае. Дарэчы, ён здаваў іспыты ва універсітэт на беларускай мове. Выйшла таксама кніга “Край мой родны” пры актыўным садзейнічанні рэктара універсітэта Мікалая Казараўца і дапамозе спонсараў — выпускнікоў БДАТУ.
Нашы спецыялісты, атрымаўшы шырокую гуманітарную адукацыю, будуць з павагай ставіцца і да рэгіянальных традыцый, спрыяць захаванню фальклору, аўтэнтыкі, якімі славіцца кожны куток Беларусі, помнікаў дойлідства.

— Як бачна, культурны багаж будучых аграрыяў падчас навучання набірае вагу...

— Канешне! Мы рупімся аб тым, каб студэнты, якія ў большасці сваёй прыязджаюць вучыцца ва універсітэт з сельскай мясцовасці, мелі магчымасць далучыцца да культурнага жыцця сталіцы. Наладжваем для іх экскурсіі па музеях, канцэртных залах, тэатрах Мінска. Па маіх назіраннях, нашы студэнты іншы раз часцей ходзяць у тэатры і музеі, чым мінчане. І гэта гаворыць аб іх сапраўдным імкненні да прыгожага. Між іншым, у нашай асноўнай навучальнай праграме этыка, эстэтыка, культуралогія, гісторыя Беларусі — не апошнія прадметы. Пачынаючы з першага курса іх выкладаюць дзве кафедры — філасофіі і гісторыі, а таксама псіхалогіі і педагогікі.

— Ці супрацоўнічае ваш універсітэт з універсітэтам культуры, іншымі ВНУ?

— Больш за ўсё кантактуем з Акадэміяй мастацтваў, якая знаходзіцца паблізу ад нас. Нашы студэнты з задавальненнем наведваюць іх тэатральныя пастаноўкі, выстаўкі. Наладжваем з імі сумесныя студэнцкія канцэрты.
Увогуле, мы шмат працуем у плане эстэтычнага выхавання.
Імкнемся афармляць памяшканні, аўдыторыі, інтэрнаты, тэрыторыю прыгожа і сучасна. Культура побыту, як вядома, пачынаецца з наладжвання камфортных умоў. У нас распрацавана Палажэнне аб сацыяльным вобразе і кодэксе гонару студэнта — будучага спецыяліста аграрнага профілю, сацыяльныя стандарты студэнцкіх інтэрнатаў. Праводзім конкурс на лепшае афармленне інтэрнацкіх пакояў. З улікам студэнцкіх прапаноў заказвалася мэбля, ствараліся інтэр’еры, праведзены еўрарамонт інтэрнацкіх памяшканняў. І зараз там вельмі ўтульна, у пакоях замест традыцыйных ложкаў—канапы і раскладныя фатэлі-ложкі, камп’ютэрныя столікі, сучасныя камоды. Мы спрабуем унесці эстэтыку, культуру ў студэнцкі побыт, каб малады чалавек жыў у камфортных умовах, прызвычаіўся да іх, і потым, стаўшы кіраўніком гаспадаркі або падраздзялення АПК, імкнуўся ствараць вакол сябе такія ж умовы.

— А прафесійныя дызайнеры бралі ўдзел у гэтым абнаўленні?

— Дызайнеры запрасілі вялікія грошы. Так што давялося самім рэалізоўваць свае ідэі. Намаганнямі нашых спецыялістаў, студэнтаў нам удалося шмат што зрабіць. Зазірніце ва універсітэцкую бібліятэку. Дызайн рабілі самі яе супрацоўнікі, там быў праведены добры рамонт. У выніку атрымалася прыгожа і камфортна. У галоўным фае наведвальнікаў сустракаюць літаграфіі вядомага мастака Уладзіміра Басалыгі з выявамі знакамітых помнікаў дойлідства Беларусі. Усе бібліятэчныя залы абсталяваны сучаснымі камп’ютэрамі, падключанымі да Інтэрнета, якім можна карыстацца бясплатна. Ёсць электронны каталог і звычайны. Фонды бібліятэкі складаюць — 400 тысяч асобнікаў.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца залы сацыяльна-гуманітарнай літаратуры, дзе знаходзяцца выданні па гісторыі нашай краіны, слоўнікі, энцыклапедыі, кнігі па этыцы, эстэтыцы. Зараз у зале мастацкай літаратуры дэманструецца выстаўка твораў Алеся Адамовіча, многія кнігі — з аўтографамі вядомага пісьменніка. Шмат выпісваецца перыёдыкі. Дарэчы, газетай “Культура” цікавяцца многія нашы студэнты і выкладчыкі.
Ва ўсіх нашых пераўтварэннях шмат дапамагае гуманітарна-экалагічны факультэт, дзе распрацоўваюцца праекты, генерыруюцца цікавыя ідэі.

— Акурат гэты факультэт быў ініцыятарам адкрыцця музея культуры і побыту беларускага сялянства?

— Музей быў адкрыты пры нашым садзеянні, — далучацца да размовы дэкан гуманітарна-экалагічнага факультэта грамадскіх прафесій Алена Уладзіміраўна Касцюковіч. — А сама ідэя стварэння музея належыць кафедры філасофіі і гісторыі Беларусі. Яе спецыялісты зацікавілі студэнтаў сваім праектам, прапанаваўшы сабраць па рэгіёнах старадаўнія рэчы, датычныя культуры і побыту нашых продкаў.
Наш факультэт створаны ў 1965 годзе. Мы бачылі сваюзадачу ў тым, каб дамагчы студэнтам, якія атрымліваюць тэхнічную адукацыю, набыць другую спецыялізацыю — гуманітарную, бо прыйшлі да высновы, што толькі тэхнічных ведаў недастаткова, каб быць спецыялістам еўрапейскага кшталту, высокага сучаснага ўзроўню. Усяго ў нас — дванаццаць аддзяленняў. Летась адкрылі аддзяленне ландшафтнага дызайну, дзе студэнты набываць спецыяльнасць “азеляніцель аграгарадка”. Дарэчы, праекты нашых ландшафтнікаў паспяхова рэалізуюцца на тэрыторыі універсітэта. Мы лічым, што нашы выпускнікі, якія прыедуць пасля размеркаваня у аграгарадок, павінны быць запатрабаваны і ў якасці кансультантаў-азеляніцеляў.
Побач з гэтай спецыяльнасцю карыстаецца папулярнасцю спецыялізацыя “агра-экатурызм”. Рыхтуем і спецыялістаў па накірунку — “гаспадар сядзібы”. І многіх студэнтаў вабіць новы і перспектыўны накірунак экалагічнага профілю. Цікавяцца яны гістарычнай і прыроднай спадчынай Беларусі. Іхнімі намаганнямі створаны стэнды ў холе вучэбнага корпуса, прысвечаныя гэтай тэматыцы.
Мы прыцягваем іх увагу да адной з самых сур’ёзных экалагічных праблем — біялагічнай разнастайнасці, яе захавання і ўстойлівага выкарыстання, знаёмім з інфармацыяй, змешчанай у новым выданні “Чырвонай кнігі”.
На аддзяленні мастацкай творчасці студэнты не толькі рэалізуюць свае мастацкія здольнасці, але і атрымліваюць метадычную і педагагічную адукацыю, што дае ім права быць “кіраўніком мастацкага творчага калектыву”. Так, нашы выпускнікі могуць кіраваць тэатральнымі, музычнымі, танцавальнымі калектывамі, яны маюць адпаведную мастацка-творчую падрыхтоўку.

А.Касцюковіч запрашае зазірнуць у неаднаразова згаданы вышэй універсітэцкі музей. Ён уражвае вялікай колькасцю адметных старадаўніх і нават старажытных рэчаў, каштоўнасць якіх узрастае з кожным годам.

Тут праходзяць заняткі гуртка экалагічнага краязнаўства, — доўжыць расповед дэкан факультэта, знаёмячы мяне з калекцыяй, — кафедр гуманітарнага профілю, праводзяцца шматлікія экскурсіі. У ім сабрана больш за тры тысячы экспанатаў. Экспазіцыя пастаянна папаўняецца. У ёй адлюстравана народнае ткацтва — прадстаўлены кросны, аўтэнтычныя строі з розных рэгіёнаў, дэманструюцца калекцыі лапцяў, хатніх прылад, старадаўніх ручнікоў, посцілак. Можна пабачыць бутэльку, датаваную 1782 годам, старыя карасінавыя лямпы, драўляную паліхромную скульптуру, самавары, іншыя рэчы.
Але асноўнае месца займае тэма земляробства. Нашы студэнты вывучаюць сучасную тэхніку, але на першыя заняткі мы іх запрашаем сюды і паказваем, якія былі земляробчыя прылады працы ў нашых продкаў, як і чым яны аралі, сеялі, жалі, абмалочвалі збажыну. Пачыналася ўсё з сахі, бараны, якія ўдасканалілі і зрабілі суперсучаснымі камбайнамі і трактарамі адукаваныя нашчадкі.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА