Галерэя ў зямлянцы

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Партызанскія творцы рабілі пэндзлі з гільз ды вавёрчыных хвастоў

Прафесiйныя i самадзейныя партызанскiя мастакi стварылi летапiсы гераiчных спраў народных мсцiўцаў. У рукапiсных часопiсах, насценных газетах, на аркушах паперы, кавалках бяросты яны малявалi карцiны баявых дзеянняў i побыту атрадаў, злачынствы фашысцкiх акупантаў на беларускай зямлi, партрэты лепшых партызан. Дарэчы, права быць выяўленым на карцiне лiчылася высокай узнагародай, якую атрымлiвалi толькi тыя, хто праславіўся ў баях з акупантамi. Так, напрыклад, было заведзена ў партызан Полацка-Лепельскай зоны.

/i/content/pi/cult/434/9027/1-1.jpeg

Мiкалай Абрыньба (злева), Мікалай Гуцiеў i cабака Тасс.

Лепельская партызанская зона. 1943 г.

Часта партызанскiя мастакi рабiлi дакументальныя замалёўкi здзейсненых фашыстамi злачынстваў. Пра адно такое заданне ўспамiнае мастак Мікалай Абрыньба: “Мяне з Мікалаем Гуціевым выклікаў камісар брыгады У.Е. Лабанок і даў заданне: зарысаваць карціну зверстваў немцаў у вёсках Пунішча і Слабодка. Хутка сабраўшы алоўкі, альбомы, пэндзлі, акварэльныя фарбы, мы ў суправаджэнні групы байцоў з дзесяці чалавек выправіліся ў дарогу… Калі мы ўвайшлі ў Слабодку, перад намі паўставалі карціны адна за другую больш жудасныя. Вось на дарозе ляжыць жанчына, а на яе грудзях — дзіця, прыколатае да маці штыком... Каля іх валяецца разарваны гармонік. Няўжо нехта граў на гэтым пажарышчы?.. Непадалёк двое — стары і хлопчык — ляжаць, уткнуўшыся тварамі ў снег… Яны моцна абгарэлі. Каля хлява — абезгалоўленыя трупы старых... Галовы валяюцца тут жа... Фашысты сякерай секлі галовы людзям на звычайным бервяне... Яшчэ далей — аголены труп хлопца, увесь чорна-сіні ад апёкаў... Пах гару, камякі сажы носяцца ў паветры і асядаюць на снезе, узмацняючы і без таго жудаснае відовішча. Пераадолеўшы анямеласць, выкліканую ўбачаным, я і Гуціеў сталі таропка рабіць накіды…”

/i/content/pi/cult/434/9027/1-2.jpeg

 

М.Абрыньба. "На дарозе. Кастрычнік 1941-га".

Дарэчы, Мікалай Іпалітавіч Абрыньба напісаў карціну “Выезд партызанскай брыгады на заданне”, дзе было адлюстравана 50 байцоў і камандзір. Праз шмат гадоў ён ізноў успомніў сваю партызанскую маладосць і стварыў карціну “Мост на Заходняй Дзвіне. 1942”, якая сёння — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Напiсаныя на тканiне, паперы цi дошчачках, лозунгi часта вывешвалiся на перакрыжаваннях дарог або ў населеных пунктах, якiя знаходзiлiся ў партызанскiх краях ды зонах. Аднак партызанам i падпольшчыкам цяжка было здабываць неабходныя для нагляднай агiтацыi матэрыялы: фарбы, паперу, алоўкi. Матэрыял даводзiлася фарбаваць з дапамогай кары дрэў, шалупiння цыбулi цi соку буракоў.

/i/content/pi/cult/434/9027/1-3.jpeg

М.Гуціеў. Сатырычны плакат. 1943 г.

Лозунгi пiсалi крэйдай або вугалем на асфальце, агароджах, сценах дамоў. Фарбы даставалi пад час разгромаў нямецкiх гарнiзонаў. Мастакi Мікалай Гуцiеў i Мікалай Абрыньба рабiлi пэндзлi з хвастоў вавёрак i тхароў. Аправай для iх служылi гiльзы патронаў. Гэтыя мастакі часам арганізоўвалі выстаўкі сваіх работ. Так, яны зрабілі спецыяльную зямлянку, якую назвалі “карціннай галерэяй”: у ёй знаходзіліся плакаты Гуціева і карціны Абрыньбы. Сярод палотнаў — “На заданне”, “Слабодка”, “Першы подзвіг”, “Пасля сыходу немцаў”, “Бой за Пышна”, “Партызанская засада”, “Выхад брыгады Дубава на аперацыю”, “Фашысты прайшлі” ды іншыя. Паглядзець выстаўку прыходзiлi партызаны не толькi сваёй брыгады, але i суседнiх.

Мікалай Гуціеў, партызан чашніцкай брыгады Дубава, за гады вайны стварыў каля 300 плакатаў. Лязом брытвы ён выразаў на лiнолiуме клiшэ — гравюру — i перадаваў яе ў рэдакцыю Лепельскай падпольнай раённай газеты “Калгасная праўда”. З дапамогай ручнога станка супрацоўнiкi друкарнi выпускалi плакаты тыражом да 300 экзэмпляраў.

Змест партызанскiх плакатаў Мiкалай Цiмафеевiч апасля выказаў словамi: “У сваіх плакатах мы раскрывалі звярыную сутнасць фашызму, намагаліся выклікаць у варожых салдат няўпэўненасць у перамозе. Многія сатырычныя плакаты былі скіраваны сваім вастрыём на брыдкую асобу Гітлера: то ён сядзеў у нас на драўляным кані з гаршчком на галаве і з паламаным кап’ём, то быў паказаны на фоне палаючага Бярліна са сваёй кнігай “Майн кампф”. Тут жа даваўся тэкст: “Здаецца, мая барацьба падыходзіць да заканчэння”. Некаторыя плакаты выкрывалі ўсю жудасную авантуру “бліц-крыгу”.

Пры адсутнасцi ў партызан фота- i кiнаапаратуры, замалёўкi i накiды, зробленыя з натуры партызанскiмi мастакамi, з’явiлiся своеасаблiвымi дакументамi, якiя адлюстравалi дзейнасць народных мсцiўцаў у гады Вялiкай Айчыннай вайны.

Ягор ВАСІЛЕЎСКІ,

Аляксандр ПАЦЫЕНКА