А як без трэнінгу?

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Хачу распавесці, як Інтэрнэт дапамагае ў рабоце нашага раённага метадцэнтра.

Вольга ШЭПЕЛЬ, дырэктар Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Пружанскага райвыканкама

/i/content/pi/cult/434/9026/2-1.jpeg

1. Валодаць інфармацыяй

У раёне — 36 клубных устаноў. 25 з іх — камп’ютарызаваны і маюць выхад у Інтэрнэт. Таму праблем з правядзеннем мерапрыемстваў у раёне няма. Арганізацыйна-метадычны цэнтр праводзіць семінары-трэнінгі “Навучанне асновам выкарыстання Інтэрнэту” для работнікаў сярэдняга веку. Гэта дапамагае ім працаваць больш вынікова ды аператыўна… З дапамогай Сеціва клубы раёна — пастаянна ў курсе рэспубліканскіх культурных падзей. Дапамогу ў вырашэнні аргпытанняў аказвае і электронная пошта.

2. Сайты як сродак зносін

Для нас Інтэрнэт — бязмежная база даных, крыніца крэатыву, сродак стасункаў. Сёлета быў створаны сайт нашага аддзела культуры: http://kultura.pruzhany.by/. Прыглядаем і сайты замежных каленг. Такім чынам мы даведаліся пра Украінскі міжнародны фестываль-конкурс “Слабажанскі Спас”, Міжнародны форум “Рыжская сімфонія”, Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, тэлепраект “Я пяю!”. У выніку нашы калектывы бяруць удзел у гэтых мерапрыемствах.

3. І колькі слоў пра рэкламу….

Сеціва — гэта і дзейсны рэкламны сродак. Размяшчэнне рэкламы нашых мерапрыемстваў у сацыяльных сетках, дзе “завісае” — палова актыўнага насельніцтва Пружанскага раёна, таксама не праходзіць безвынікова. Тым больш, што рэкламу гэтую можна пакінуць на мностве сайтаў абсалютна бясплатна.

4. Новае ў рабоце

Мы пачалі актыўна выкарыстоўваць прэзентацыйнае і мультымедыйнае абсталяванне. Гэта дазволіла значна пашырыць спектр новых форм работы, а таксама — павялічыць колькасць клубных наведвальнікаў. Сучасныя тэхналогіі — прадукт гарантавана запатрабаваны.

5. Пашыраем маштабы выдавецтва

І яшчэ адзін вынік нашых інтэрнэт-пошукаў. Маю на ўвазе падрыхтоўку ды выпуск рэкламных буклетаў, метадычных зборнікаў, нотна-музычнага матэрыялу для агульнага карыстання работнікамі ўстаноў культуры раёна: асноўная частка інфармацыі, мастацкага афармлення і выяўленчага матэрыялу для гэтых выданняў бярэцца з інтэрнэт-крыніц.