Як зрабіць фестываль?

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Форум у Дуброўне пачынаецца з...

28 — 30 чэрвеня прайшоў XX Фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

Як зрабіць міжнародны фестываль? Ды вельмі проста: трэба нарадзіць ідэю, стварыць каманду, пераўтварыць штодзённыя гераічныя намаганні ў традыцыю, забяспечыць яе пераемнасць, не забыцца пры гэтым на якасць працы, здзіўляць штогод крэатывам ды любоўю да роднай зямлі, да яе людзей, да прафесіі... Ад такой “прастаты” неўпрыкмет і пасівець можна. Таму і фестываляў такіх на Беларусі няшмат. Адзін з іх праходзіць штогод у Дуброўне.

...з ідэі

Не, спачатку ўсё ж было вялізнае жаданне займець не абы-які раённы брэнд. Дваццаць гадоў таму пачалі выношваць гэтае жаданне колішнія начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі і старшыня Дубровенскага райвыканкама Міхаіл Ляшчынскі. Думалі, спрачаліся, і зноў думалі. Так жаданне ператварылася ў ідэю зладзіць форум песні і музыкі Падняпроўя. Днепр — вось ён, дзеліць мястэчка хуткай плынню, але гэтай жа плынню дзесьці там, за небасхілам, злучае народы ды краіны... На першы фэст прыехалі “галасы” Расіі. Потым далучыліся ўкраінскія творчыя сілы... У сёлетнім фестывальным свяце бралі ўдзел мастацкія калектывы Польшчы, Прыбалтыкі, Славакіі, Румыніі, Турцыі — усяго дзесяці краін. Мікалай Пашынскі кажа, што Днепр упадае ў Чорнае мора, так што фэставай геаграфіі надалей — шырыцца і множыцца. А сённяшні старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў, маючы на ўвазе гэткую ж перспектыву, марыць аб пашырэнні ў разы магчымасцей мясцовага гасцінічнага бізнесу...

/i/content/pi/cult/434/9024/1-2.jpeg

А фестывальная ідэя аказалася прыгожай ды жыццяздольнай. На гербе фэсту — салавей. А для птушкі не існуе межаў, і мова ў яе адзіная: інтэрнацыянальная. І румынскі салавей ад турэцкага ніяк не адрозніваецца. Так што над Дняпром салаўі свету нават у ліпені выконваюць ва ўнісон адзіную шматгалосую песню... Наконт прыгожай фестывальнай ідэі: менавіта яе і не бракуе большасці рэгіянальных фэстаў. Прыязджайце ў Дуброўна.

...з пераемнасці

Пераемнасць фестывальных традыцый немагчымая без каманды. Пачынальнікаў я ўжо назваў. Больш падрабязна спынюся на асобе сённяшняга кіраўніка раёна Анатоля Лукашова. Яшчэ ў мінулыя прыезды мяне ўразіла тое, што старшыня райвыканкама можа бясконца гаварыць не толькі пра непераўзыдзены смак уласнаручна вырашчанага хлеба ды высокую якасць мясцовага лёну. Гэтак жа бязмежна ён ганарыцца “Дняпроўскімі галасамі...” і сталым сяброўствам з дзясяткам замежных краін. Усё так: маленькі гарадок здолеў стаць міжнароднай творчай сталіцай духоўнасці і гуманізму. Як гэтаму навучыцца іншым кіраўнікам іншых раёнаў? Прыязджайце ў Дуброўна.

/i/content/pi/cult/434/9024/1-3.jpeg

Правай рукой Анатоля Лукашова ў арганізацыйным фестывальным шчыраванні доўгі час была Кацярына Лабука, колішні начальнік мясцовага аддзела культуры. Цяпер яна — дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Эстафету ад яе пераняла сённяшні кіраўнік мясцовай культуры Людміла Дударава. Прывяду толькі адзін, але красамоўны прыклад зладжанай каманднай працы. У ноч з пятніцы на суботу шквальны вецер з залевай пашкуматаў і галоўную фестывальную сцэну, і сельсаветаўскія падворкі клубнікаў ды рамеснікаў, што месціліся на галоўным пляцы... Усіх сваіх Людміла Дударава падняла ў пяць гадзін ранку. Жыхары і госці, як прачнуліся, наступстваў стыхіі не заўважылі. Такі падыход да выканання прафесійных абавязкаў тут называюць якасцю працы.

...з крэатыву

Чым мяне ўразіў дубровенскі фэст? Вачыма мясцовых жыхароў, у якіх свяціўся гонар уласнай самадастатковасці. Такія вочы я бачыў яшчэ і ў Паставах... Аршанскія маршрутчыкі-прыватнікі за фестывальныя дні зарабляюць прыкладна столькі ж, колькі за “бесфестывальны” месяц. А Дуброўна пад час “Дняпроўскіх галасоў...” нагадвае растрывожаны мурашнік. Хіба ж можна не ганарыцца такім надзвычайным гарадскім статусам? І калі фэст, не дай божа, знікне альбо зменіць штогадовую перыядычнасць, дубровенцы гэтага проста не зразумеюць. Ці ж можна пазбавіць людзей свята?

Велічыня гарадскога статуса — прама прапарцыянальная ўзроўню фестывальнага крэатыву. На гарадскім пляцы, як я ўжо казаў, сёлета працавалі падворкі. Кожны сельсавет Дубровеншчыны прэзентаваў лепшыя клубныя ўстановы і самых здатных рамеснікаў. Больш за тое: майстар-класы ладзілі калегі з Магілёўшчыны ды іншых раёнаў Віцебшчыны. Мне прапаноўвалі пад’есці, станцаваць, спець, зрабіць выцінанку і прыдбаць гліняны сувенір...

/i/content/pi/cult/434/9024/1-4.jpeg

Сёлета ўпершыню дэлегацыі гасцей пусцілі ў Днепр “вянкі сяброўства”. І панёс іх Днепр на сваіх магутных плячах да новых краін як візітоўкі-запрашэнні на чарговы фестываль...

На першым паверсе Дубровенскага райвыканкама дзейнічае выставачная зала, пра адмысловасць якой я пісаў неаднойчы. Да гэтага крэатыву пад час фестывальных дзён далучыўся яшчэ адзін — імправізаваны музей 20-годдзя “Дняпроўскіх галасоў...” Тут прадстаўлены ўсе гліняныя салаўі (фестывальныя прызы), дыван сяброўства, сшыты з ручнікоў і дарчых тканых пано, якія прывозілі ў Дуброўна краіны — удзельніцы фэсту, а таксама — лялькі Дубравушкі, вырабленыя гасцямі цягам двух дзясяткаў гадоў. Хочаце прапанаваць сваю? Прыязджайце ў Дуброўна.

...з любові

З любові, дарэчы, пачынаецца літаральна ўсё. А “Дубровенскія галасы...” — тым больш: з любові да зямлі, сяброў і прафесіі. Менавіта з-за гэтага пачуцця Людміла Дударава, наведваючы іншыя фэсты, адшуквае новых сяброў. Такім чынам сёлета з’явіўся ў Дуброўне гурт “Масковія”. Менавіта з-за гэтага пачуцця Людміла Дударава думае, як не паўтарыцца. У фармаце “непаўтору” сёлета прайшлі фестывальныя святы, прысвечаныя 620-годдзю Дуброўна, і мітынг-рэквіем з нагоды 40-годдзя мемарыялу “Рыленкі”, дзе пахаваны воіны-вызваліцелі самых розных нацыянальнасцей. Менавіта з-за гэтага пачуцця Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа прывёз з Віцебска ў Дуброўна адзін са спектакляў, што таксама стаў яркай фестывальнай адметнасцю. Гэткай жа адметнасцю аказалася і закладка алеі ў гонар юбілейнага фэсту на адной з вуліц райцэнтра.

І ўжо гэтымі днямі Людміла Дударава "садзіцца на тэлефон", адшуквае новых фестывальных сяброў, спонсараў, распачынае ў аддзеле “мазгавыя штурмы” па новым фармаце чарговых “Дняпроўскіх галасоў...” Як гэта сумяшчаецца з шараговай штодзённай працай, поўнай іншага, не менш важнага, клопату? Прыязджайце ў Дуброўна — даведаецеся.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Дуброўна — Мінск

На здымках: моманты дубровенскага фестывалю, дзе здзіўлялі і гаспадары, і госці.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"