Праводзіць русалку ў поле

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

30 ліпеня жыхары вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна ўжо 17-ы год праводзяць русалку ў поле.

Увогуле ж, гэтаму абраду — больш як 100 гадоў. Яго праводзілі яшчэ прадзеды, дзяды і бацькі сучасных носьбітаў. Традыцыя часова была спынена, аднак у памяці захавалася, як дзеці разам з дарослымі хадзілі “за русалкай”. Таму забыцца на “ваджэнне” яшчэ не паспелі.

У сярэдзіне 1990-х абрад быў адроджаны. Ён праходзіць штогод у наступную нядзелю пасля праваслаўнай Троіцы.

Захавалася і старажытная легенда, звязаная з русалкай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Калісьці людзі верылі, што дзіця, якое не хрысцілі, памрэ: “пойдзе ў русалку”. Сабраліся тады вясковыя жанчыны пасля Троіцы і вырашылі “правесці русалку”. Аднаго юнака прыбралі “свяшчэннікам”, самі пераапрануліся, песні спявалі, весяліліся. Калі ішлі па вёсцы, дык выйшаў да іх стары жыхар і кажа: “Што вы русалку дражніце? Не трэба гэтага рабіць”. Не паслухаліся яго людзі і ўсё роўна гулялі “ў русалку”, “хрысцілі” яе. Пасля надышла страшэнная хмара, сонца села… І раптам пайшоў моцны град, які пабіў ва ўсіх агародах увесь ураджай. Вось толькі агарод таго чалавека, што заступіўся за русалку, нібыта хтосьці ўратаваў. З таго часу, каб улагодзіць русалку і каб не было граду ды маленькія дзеці не паміралі няхрышчанымі, людзі пачалі ладзіць яе провады…

Напярэдадні правядзення абраду вяскоўцы выбіраюць на ролю русалкі штогод маладую незамужнюю дзяўчыну. “Ваджэнне русалкі” пачынаецца да захаду сонца, пасля 18-й гадзіны. Удзельнікі збіраюцца на паляне, дзе спяваюць песні, плятуць маленькія вяночкі і адзін — вялікі. Потым “апранаюць” дзяўчыну ў русалку: вопратка “русалкі” складаецца з галінак і лісцяў дрэў. Шэсце на чале з “русалкай” накіроўваецца да поля. Вяскоўцы далучаюцца да яго. З песнямі ўдзельнікі абраду даходзяць да поля, на якім запальваюць вялікае вогнішча. Хлопцы, дзяўчаты ды іншыя жыхары вёскі, якія прымаюць удзел у абрадзе, праводзяць “русалку” ў жыта: там з яе здымаюць вянок, разрываюць травяную “вопратку” і ўцякаюць. “Русалка” даганяе іх і пляскае ў далоні. Хлопцы праганяюць яе далёка ў жыта. Пасля гэтага ўсе вяртаюцца да вогнішча: водзяць карагоды, спяваюць песні, скачуць праз агонь.

Гэты абрад захаваў сваю аграрна-магічную функцыю: пасля таго, як “русалку” праводзяць у жыта, дарослыя жанчыны разрываюць над вогнішчам вялікі абрадавы вянок і свае маленькія вяночкі, раздаюць усім прысутным, каб раскідалі на градкі з гуркамі, капустай, бульбай у сваім агародзе — для добрага ўраджаю.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці