Наша новае дзіцячае кіно: падставы для аптымізму

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

На кінастудыі “Беларусьфільм” скончыліся здымкі поўнаметражнай ігравой карціны для дзяцей “Кіндарвілейскі прывід” (сцэнарыст і рэжысёр-пастаноўшчык — Алена Турава). Гэта адаптаваны да беларускай рэчаіснасці сюжэт “Кентэрвільскага прывіду” Аскара Уайльда. Мяркуецца, гледачы пабачаць стужку на “Лістападзіку-2013”.

Дзіцячае кіно мае ў Беларусі добрыя традыцыі. І цяпер, пасля перыяду заняпаду, мы маем падставы для стрыманага аптымізму адносна ягонай перспектывы: акрэслілася тэндэнцыя вяртання беларускага дзіцячага кіно.

/i/content/pi/cult/434/9016/1-1.jpeg

Існуе цікавасць да нашых фільмаў і за мяжой. Дзіцячыя стужкі і дакументалістыка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, прадстаўленыя ў Нацыянальным павільёне нашай краіны ў Кане, мелі поспех у гледачоў. Мяркуецца, што гэтаму паспрыяла праграма кароткаметражнай анімацыі і дакументалістыкі, прадстаўленая на секцыі “Short Film Corner”, а таксама паказ поўнаметражнага мультфільма “Прыгоды Несцеркі”. Ідуць перамовы аб удзеле беларускіх анімацыйных стужак у фестывалях у Іспаніі і Фінляндыі, а таксама аб іх дэманстрацыі ў шэрагу краін Еўрасаюза. Ігравую карціну для дзяцей “Рыжык у Залюстэраччы” пабачаць у Італіі.

Не дзіва, што “Беларусьфільм” плануе і надалей працаваць для дзіцячай аўдыторыі. Распачаліся здымкі дзвюхсерыйнай стужкі “Палескія рабінзоны, або Востраў-Цуд” паводле аповесці Янкі Маўра. Здымкі пройдуць ў Бярэзінскім запаведніку, Нясвіжы, Міры і на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма”. Гледачы пабачаць карціну на пачатку наступнага года.

На май 2014-га запланаваны выхад фільма “Неверагодны зрух”, дзе камп’ютар выконвае ролю “машыны часу”, якую, сам таго не жадаючы, завёў школьнік, вучань чацвёртага класа.

/i/content/pi/cult/434/9016/1-2.jpeg

І ўжо скончана вытворчасць фільма, які займее поспех і ў моладзі, бо мае захапляльны сюжэт, — “Сляды апосталаў”. Гаворка ідзе пра сямейную рэліквію роду Радзівілаў — залатыя статуі дванаццаці апосталаў, якімі ўжо не адно стагоддзе мрояць шукальнікі скарбаў.

На здымках: кадры са здымак фільмаў "Кіндарвілейскі прывід" і " Палескія рабінзоны, або Востраў-Цуд".

Фота Леаніда ШЧАГЛОВА, БелТА (з архіваў рэдакцыі) і кінастудыі "Беларусьфільм"