Купалле — не Сонцаварот: навошта пераносіць?

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

21 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося добра арганізаванае святкаванне Сонцавароту, дзе паядналіся купальская, русальная і сёмушная абраднасці ды спеўны фальклор. І гэтая назва — слушная, бо святкаванне Купалля ў Беларусі павінна застацца ў традыцыйны тэрмін — з 6 на 7 ліпеня. (А не пачынацца аж за два тыдні, як сёлета чамусьці дэманстравалі мерапрыемствы ў розных кутках краіны. — Рэд.) Святкаванне ж Купалля ў дзень сучаснага Сонцавароту — новастворанае свята. Яго і трэба так называць.

Алег ХАМЕНКА, лідар гурта "Палац", выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фалькларыст

/i/content/pi/cult/434/9015/5-12.jpg

Каляндарныя тлумачэнні (грыгарыянская ды юліянская традыцыі) тут ні пры чым, таму што яны таксама прывязаны да ўдакладнення момантаў Сонцавароту. Акрамя таго, сёлета Троіца святкавалася позна і прыпала на 23 чэрвеня. У выніку тыя, хто папулярызуюць святкаванне Купалля ў дзень Сонцавароту, атрымалі магчымасць заявіць "Сёння ў нас — Купала, а заўтра… Троіца", што, з пункта гледжання традыцыйнай абраднасці, — нонсэнс. Святкаванне Купалля ў традыцыйны час важна захаваць нязменным. Нагадаю пра сацыякультурнае абгрунтаванне святкавання Купалля і Сонцавароту.

Калі аналізаваць купальскую, русальную, сёмушную абраднасць ды песні, то можна заўважыць, што ў абрадах і песнях Русалля, Граннога тыдня (Гранной нядзелі, Клечання, Кравога-крывога, Духавага тыдня, Правады) згадкі пра кароткую ноч, вялікі Дух сустракаюцца нярэдка. У купальскіх песнях такога няма, бо іх галоўныя тэмы — сонейка грае, Купала праходзіць ля сяла, нешта прапала ці можа быць знішчана, і ўсюды падкрэсліваецца: гэта свята не весялосці ці маладосці, а нібыта ўрачыстага чакання нейкай катастрофы.

Пры даследаванні купальскай абраднасці я заўважаў нелагічнасць у легендах і абрадах. Патлумачу. Усе ведаюць, што Купалле — свята агню, Сонца і самых доўгіх светлавых дзён. Чаму ж нячысцікі не актывізуюцца ў самыя цёмныя дні года — напрыклад, у зімовы сонцаварот? Чаму менавіта на Купалле трэба рабіць ахвяраванні ці пакутаваць па тых, хто не ажаніўся, а не рабіць так, напрыклад, у восеньскія святы?

Згодна з меркаваннем даследчыка міфалогій Мірчы Эліядэ, стоікі ўспрынялі ад Геракліта ідэю знішчэння свету агнём, а Платон у "Цімеі" згадвае патоп, што адбыўся. Адпаведна згубленаму тэксту Арыстоцеля ("Protept"), катастрофы павінны адбыцца ў час двух сонцаваротаў: пры зімнім — знішчэнне патопам, пры летнім — агнём. І вось тут вельмі важна нагадаць, што прыкладна 2 000 гадоў таму сонцавароты ды моманты, калі Сонца ад Зямлі знаходзілася найбліжэй і найдалей, супадалі: першы выпадак — гэта Каляды (па сучасным календары — з 6 на 7 студзеня), другі — Купалле (сёння — з 6 на 7 ліпеня).

Цяпер моманты жа сонцаваротаў апярэджваюць моманты апагелія і перыгелія на 13 дзён, і гэтая адрознасць будзе павялічвацца. Напрыклад, з 1 сакавіка 2200 года яна стане роўнай 15 дням. Дадамо, што момант праходжання Зямлёй кропкі апагелія элептычнай арбіты таксама змяняецца, але ў межах ад 2 па 5 ліпеня (па сучасным календары) прыкладна на адны суткі за 58 год. У гэтыя дзесяцігоддзі ён прыпадае на 4 ліпеня.

Такім чынам, святкаванне Каляд і Купалля павінна адбывацца ў моманты самай вялікай і самай малой адлегласці паміж Сонцам і Зямлёй. Так лёгка тлумачыць абрадныя дзеі Купалля. У гэтую ноч нячыстыя істоты актывізуюцца, бо Сонца — надалей ад Зямлі. Таму людзі і ствараюць рукатворнае сонца — купальскія колы, каб выказаць удзячнасць Сонцу за тое, што яно не адарвалася ад Зямлі, і, галоўнае, — дачакацца ўсходу. І гэтыя тэмы-сімвалы прысутнічаюць у старадаўніх купальскіх песнях.

Звярну ўвагу на тое, што раніцай 7 ліпеня (24 чэрвеня паводле старога летазлічэння) надыходзіць умоўны пералом, які вызначае: Сусвет не знік, і людзі будуць бачыць Сонца яшчэ не менш за год. Гэты дзень шырока вядомы як прысвятак Іаана Хрысціцеля і мае шэраг назваў, звязаных з хрысціянскай ды дахрысціянскай міфалогіяй (Іван, Іван Купала, Іван Купальны, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін, Ян). Гэты дзень з’яўляецца працягам Купальскага свята, але з падкрэсленай у фальклорных песнях адрознасцю: "Учора была Купала, а сёння — Ян".

Нараджэнне Іаана Прадцечы, асобы, што ахрысціла Збавіцеля, вызначала надзвычайную падзею, якая ў старазапаветнай міфалогіі звязвалася з тым, што свет не знікне ў крыві ды помсце, а праз дараванне грахоў і новыя запаветы створыць новы свет, бласлаўлёны Божай міласцю. Зразумела, у кантэксце таго, што згадваў раней, нараджэнне Іаана Прадцечы магло быць толькі адразу пасля Купальскага свята. Гэта і лагічна, і мае глыбокі сімвалічны сэнс.

Такім чынам, 21 чэрвеня мы павінны адзначаць свята Сонцавароту, а ніяк не Купалле, якое мае заставацца ў традыцыйны час. У новым свяце Сонцавароту могуць прысутнічаць і купальская, і русальная, ды і сёмушная абраднасць. І яшчэ. Свята Ліго ў Латгаліі (сучаснай Латвіі) цяпер — дзяржаўнае. Адзначаецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, згодна з пісьмовымі крыніцамі ХVІІІ стагоддзя. Без уліку таго, што даты былі згаданы ў сістэме Юліянскага календара (23 — 24 чэрвеня тагачасныя — гэта 6 — 7 ліпеня сучасныя), іх аўтаматычна перанеслі ў сістэму Грыгарыянскага календара і зацвердзілі святочнымі.

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Алег ХАМЕНКА
калумніст газеты "Культура", лідар гурта "Палац", фалькларыст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў