Пакуль — звычайныя адпіскі

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Чытачу, верагодна, запомнілася паведамленне пра помнік беларускага драўлянага дойлідства XVIII ст., які гіне, у вёсцы Стайкі Невельскага раёна Пскоўскай вобласці, апублікаванае газетай у № 8 ад 23 лютага 2013 г.

На заклік дапамагчы Стайкам аператыўна адгукнуўся Рэспубліканскі штаб студатрадаў БРСМ, які азнаёміў з лістом свае структуры і выказаў гатоўнасць сфарміраваць добраахвотніцкі атрад для правядзення работ. Прапанова з просьбай аказаць садзейнічанне была накіравана ў Камітэт па культуры адміністрацыі Пскоўскай вобласці, у падраздзяленні, якія адказваюць за ахову помнікаў (такіх некалькі!), а затым і ў адміністрацыю Невельскага раёна. Даволі хутка ад першага намесніка кіраўніка адміністрацыі апошняга прыйшоў адказ, які пацвярджае гатоўнасць да "супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў пры правядзенні работ на царкве Пакрову ў в. Стайкі", а таксама просіць удакладніць лік валанцёраў і пералік матэрыялаў.

Здавалася б, з’явіўся шанец выратаваць ад разбурэння калі не ўвесь помнік, то хаця б нейкія яго элементы. На жаль, сітуацыя з атрыманнем дазволу і навукова-арганізацыйнай ды фінансавай дапамогі ад Пскова склалася інакш. Нягледзячы на неаднаразовыя тэлефанаванні і электронныя лісты, ніякага адказу з красавіка месяца так і не паступіла. З тэлефонных размоў стала, аднак, зразумела, што, нягледзячы на папярэднія хадайніцтвы на адрас губернатара Турчака з боку мінскага прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Міністэрства культуры Беларусі, ніякіх работ у Стайках не плануецца, а на адрас названых органаў былі адпраўлены звычайныя адпіскі. Што ж да валанцёраў, то іх працу на помніку забараняе заканадаўства. І наогул, цэркваў у такім стане ў вобласці — дзясяткі. Зручная прычына, каб нічога не рабіць, нават калі табе прапануюць дапамогу, ці не праўда?..

Аляксандр ГОРДЗІН, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа

Санкт-Пецярбург Расія