Дык "Ад чаго бязладдзе?"

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Такі падзагаловак вычытаў пад назвай артыкула Канстанціна Антановіча "Скраў злодзей патэфон". Пытальнік заахвочвае да роздуму, але зусім не на дадатковае пытанне: "Як адмыць ад пены экспанат?". Сур’ёзны краязнаўца, выдавец Віктар Хурсік, азнаёміўшыся з тэкстам у выданні "Культура", адказаў сцісла, паставіўшы свой пытальнік: "Крыўдна за скрадзеную калекцыю. І праблема гэтая — філасофская: хто мы?"

Пра першых сярод нас я і хачу коратка распавесці, перш чым чытачы прыступяць да змястоўных разваг не пра пошукі патэфона, драўлянага распяцця Хрыста, ходніка з ромбам арыяў або ручніка-абярэга з выявамі Берагіні, Вясны-Лады. Бабка Параска Белавус з-пад Дзісны хацела для нас захаваць памяць русалляў з ХІ — ХІІ стагоддзяў, а на канцы ручніка вышыла ідыяграму вады — знак з эпохі неаліту. Вядома ж, бабку Параску не вучылі расшыфроўваць патаему спадчыны на ручніку, як і бабку Ядзвінню, былую гаспадыню сённяшняга літаральна знішчанага філіяла Музея радзімазнаўства, — расшыфроўваць сэнс ромба з крыжыкамі (падобныя да іх пазначаліся на гітлераўскіх танках ды самалётах). Проста, пры тканні ходніка яна ставіла ў сярэдзіне белы знак — замову на тое, каб яе засеянае поле дало ўраджай…

У свой час я хадзіў з магнітафонам вакол Лявонпаля ды запісаў ад мамы, ад Адэлі і Альжбеты Панізьнікаў, маіх бабышаўскіх суседзяў Гені Адамовіч, Ліды Шук, Зіны Кліманскай, ад Маруты Пальчэх з Даўгінава, ад лявонпальскіх пяюх Вольгі Грэцкай, Марылі Кезік, Ядзвінні Кісьляк і пачынальніка валачобных песень Андрыяна Кісьляка дзясяткі непаўторных твораў, як зараз пішуць, каранёвага меласу. У 1969 годзе на вяселлі ў Лявонпалі запісаў музыку мясцовай інструментальнай капэлы, бо ўжо тады думалася аб тым, як захаваць арыгінальную спадчыну непераўзыдзеных народных творцаў...

Тое-сёе "ўзышло" з пасеянага продкамі і сабранага мною толькі ў 2008 годзе, калі занёс аўдыякасеты прыязнай гаспадыні лабараторыі ў Акадэміі музыкі Таццяне Бярковіч. 14 красавіка 2009-га там адбылася прэзентацыя запоўненых аўтэнтыкай дыскаў. Шэсць ці сем дыскаў з патрэбным афармленнем перадаў у аддзел культуры Мёрскага райвыканкама — ні слыху ні дыху. А сёлета ад таленавітага творцы з філармоніі атрымаў навіну, што яго пражскія сябры падтрымалі ідэю выдаць дыск народных песень. І вось я слухаю галасы тых, хто падахвоціў мяне стварыць для іх, побач з імі, з іх дапамогай пры-ту-лак не-за-быў-на-сці... Так узнік Музей радзімазнаўства, "Ізба паменьці", як назвала яго пані Зофія Олейка з польскай Грабовніцы — дачка першага дырэктара Лявонпальскай школы.

З-пад адкрытых для натхнення нябёс і прыдумаліся мае радкі, сааўтарамі якіх сталі пяюхі лявонпальскага Прыдзвіння: у эпіграфах да вершаў звіняць слоўкі нязніклых галасоў з журчаннем ручайкоў "ад эпохі неаліту".

Тое — "Хто мы?" у вяртанні Лявонпаля на свой пасад... "Выйдзем, выйдзем паслухаем: ці не едуць, ці не гойкаюць, на коннікаў ці не нокаюць?.."

Сяргей ПАНІЗЬНІК, пісьменнік