Шыльду — на сцяну, кветкі — за шыльду?

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Літаральна некалькі дзён таму давялося прысутнічаць на ўскладанні кветак да мемарыяльнай дошкі нашаму славутаму Песняру Янку Купалу ў Вільнюсе — напярэдадні Дня нараджэння выдатнага творцы. Аднак гасцей з нашай краіны, прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія вырашылі прыгожымі кветкамі ўшанаваць памяць слаўнага творцы, чакала неспадзяванка.

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"

/i/content/pi/cult/434/9011/1-1.jpeg

Як высветлілася на месцы, ускласці кветкі да барэльефа Купалы — справа надзіва складаная. З-за адсутнасці прыдатнай падстаўкі для кветак давялося агульнымі намаганнямі літаральна засоўваць ружы ў шчыліну паміж дошкай і сцяной дома…

Да слова, гэтая мемарыяльная дошка размешчана на будынку, дзе ў 1914 — 1915 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты "Наша Ніва", рэдактарам якой быў Янка Купала. Цікава, што яна была ўстаноўлена колькі месяцаў таму замест ранейшай, якая размяшчалася на гэтым жа будынку з 1980-х і з цягам часу страціла эстэтычны выгляд.

Здавалася б, якая тут праблема? Мемарыяльных шыльдаў, у тым ліку прысвечаных выбітным постацям беларускай гісторыі, пад якімі "забыліся" размясціць падстаўку для кветак, — безліч. І для таго, каб пераканацца ў гэтым, не трэба выязджаць у іншыя краіны — дастаткова няспешна прайсціся па ўласным горадзе. Але ў тым і праблема. Атрымліваецца, скульптары ды заказчыкі мемарыяльных шыльдаў апрыёры разлічваюць, што да іх работ, а адпаведна, і постацей, услаўленых імі ў метале, у наш мітуслівы час увага будзе — мінімальная. Маўляў, які сучаснік панясе жывыя кветкі да нейкай шыльды? Хацелася б, каб гэта было не так.

Існуе і яшчэ адна версія. Магчыма, скульптары баяцца зрабіць памятны знак грувасткім, а таму адсякаюць усе лішнія, як ім падаецца, элементы. Іх логіку можна зразумець: пры вялікім жаданні, можна знайсці выхад з любой сітуацыі, а ў згаданым вышэй выпадку скарыстацца архітэктурнай асаблівасцю будынка. Яно, можа, і так, але чаму ж поруч з "бяскветкавымі" мемарыяльнымі шыльдамі маюцца і больш прадуманыя? Калі паглядзець на ўсю разнастайнасць падставак для кветак, можна пераканацца, што ў кожным канкрэтным выпадку скульптар імкнуўся арганічна спалучыць яе разам з асноўным аб’ектам сваёй работы…

Можна доўга спрачацца адносна стылю і фармату таго або іншага памятнага знака, знаходзіць сотні адгаворак ды скардзіцца на недахоп сродкаў. Але, як кажуць, калі ўзяўся за гуж, не кажы, што не дуж. І самае галоўнае ў гэтым пытанні, думаецца, — павага як да славутай асобы, ушанаванай мемарыяльнай шыльдай, так і да сучаснікаў, усіх нас, якія жадаюць ад шчырага сэрца далучыцца да захавання памяці нашай з вамі гісторыі і яе герояў.