У Беларусі не патрэбны чытальныя залы на вуліцы?

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Сацыяльныя сеткі паведамляюць: у Кіеве, Астрахані, Боне, Нью-Ёрку актывізавалася дзейнасць так званых маленькіх вулічных бібліятэк. У скверах і на прыпынках грамадскага транспарту добраахвотныя прапагандысты літаратуры і чытання ўладкоўваюць імправізаваныя кніжныя паліцы.

А для гэтага што толькі ні выкарыстоўваецца: самаробныя разныя дамкі-стэлажы, халадзільнікі, якія адпрацавалі свой век, нават — паркавыя лавы. Сядзі, выбірай кніжку па гусце і чытай у ахвотку. Выданне можна забраць дахаты: вулічныя “паліцы” наноў запаўняюцца неабыякавымі чытачамі, якім не шкада старой літаратуры. У выніку такога грамадскага руху расце колькасць аматараў друкаванай прадукцыі. Беларускія гарады і сёлы такім бібліятэчным самаабслугоўваннем у фармаце спрошчанага буккросінгу пахваліцца не могуць. А чаму? Падаецца, справа цікавая і для валанцёраў, і для бібліятэкараў.

/i/content/pi/cult/434/9010/3-1.jpeg

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ:

— Летась пад час Дня беларускага пісьменства мы правялі на плошчы райцэнтра акцыю “Вазьмі кнігу ў падарунак”. На стале было 170 экзэмпляраў класічнай літаратуры. Дык вось, размялі яе ўвобмірг! Я і не чакала такога выніку. Канешне ж, былі сярод карыстальнікаў той літаратуры і сапраўдныя аматары чытання, але, напэўна, знайшліся і ласыя на дармаўшчынку... Пескаўская бібліятэка рабіла ў чэрвені чытальныя лужайкі для дзяцей...

/i/content/pi/cult/434/9010/3-2.jpeg

А вось ідэя стварэння маленькай вулічнай бібліятэкі з імправізавана змяняемым фондам, шчыра кажучы, на розум не прыходзіла. Мне асабіста такая ідэя вельмі падабаецца. 4 жніўня, пад час нашага традыцыйнага Свята выхаднога дня для дзяцей і іх бацькоў, паспрабуем яе ажыццявіць. Трэба будзе загадзя паклапаціцца пра рэкламу будучай акцыі з дапамогай мясцовых СМІ…

Вольга ПАЛУНЧАНКА, колішні бібліятэкар, сёння — “прафесійны” чытач з Віцебска:

/i/content/pi/cult/434/9010/3-3.jpeg

— Калі ў Еўропе такая практыка прыжылася, дык, напэўна, варта і нам паспрабаваць — хаця б дзеля папулярызацыі чытання. Я, да прыкладу, адпачывала нядаўна ў Нясвіжы, шмат часу праводзіла ў парку Радзівілаў. І калі была б там гэткая паліца з літаратурай пра Нясвіж — чытала б гадзінамі, не адрываючыся... Але ж будучыня бібліятэк, па маім цвёрдым перакананні, — за інфармацыйнымі цэнтрамі. Цяпер у электрычках нават бабулі электронныя кнігі чытаюць. А імправізаванымі вулічнымі паліцамі для абменных кніг нашы бібліятэкі колькасць чытачоў не павялічаць. Так што змест бібліятэчнай справы змяняць трэба карэнным чынам. У іншым выпадку, зусім чытаць перастанем…