“Беларусь сёння” — гэта аповед пра нашы дасягненні цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў. Мабыць, дасведчаны глядач заўважыць, што выбарам сюжэтаў і пабудовай кадра гэтыя здымкі нагадваюць каляровыя фотаальбомы выдавецтва “Беларусь” савецкага часу. У дадзеным выпадку насамрэч ёсць пераемнасць, і яна цалкам апраўдана, бо стаўленне да савецкай эпохі ў нас — спакойнае ды разважлівае.
На фотаздымках экспазіцыі прысутнічаюць рэаліі, якія дакладна сведчаць пра час стварэння: гэта новыя распрацоўкі беларускіх машынабудаўнікоў, новае аблічча нашых гарадоў, гучныя перамогі спартсменаў суверэннай Беларусі. У кадры часта з’яўляюцца хрысціянскія святыні, вернікі, святары.
Асобная частка фотадакументаў мае пазачасавы змест. На іх адлюстраваны непаўторныя беларускія краявіды. Такім чынам, гэтая выстаўка — і пра надзённае, і пра вечнае.
На здымках: кадры з фоталетапісу БелТА.