Праведзена праверка

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці звярнуўся ў "К" з прэс-рэлізам, дзе паведмлялася пра вынікі праверкі працы аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама (далей — аддзел культуры).

Аддзелам культуры дагаворы на пастаўку торфабрыкета і дроў для сельскіх дамоў культуры і бібліятэк, размешчаных у сельскіх населеных пунктах Жыткавіцкага раёна, на 2011 — 2013 гады заключаны з Жыткавіцкім філіялам КУП "Гомельоблтопливо" без правядзення ўстаноўленых працэдур дзяржаўных закупак, чым парушаны патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што на тэрыторыі раёна меліся вытворцы цвёрдых відаў паліва ААТ "Жыткавіцкі торфабрыкетны завод" і ГЛГУ "Жыткавіцкі лясгас".

Устаноўлена, што Жыткавіцкім філіялам КУП "Гомельоблтопливо" на торфабрыкет, які рэалізуецца аддзелу культуры, ужывалася аптовая надбаўка да цаны вытворцы (ААТ "Жыткавіцкі торфабрыкетны завод") памерам ад 20,9% да 42,2%, а на дровы (вытворца — ГЛГУ "Жыткавіцкі лясгас") — ад 68,9% да 76,4%. За 2011, 2012 гады і студзень — сакавік 2013 г. сума аплачанай аддзелам культуры аптовай надбаўкі склала 193,8 млн. руб.

Таксама дровамі сельскія дамы культуры і бібліятэкі, размешчаныя ў населеных пунктах, аддаленых ад г. Жыткавічы, маглі б забяспечыць лясніцтва ГЛГУ "Жыткавіцкі лясгас". Закупка дроў у пасрэдніка прывяла да дадатковых выдаткаў бюджэтных сродкаў, звязаных з іх дастаўкай, у суме 30,8 млн. руб.

Матэрыялы праверкі разгледжаны на калегіі Камітэта вобласці. Камітэтам вобласці разглядаецца пытанне аб прыцягненні вінаватых службовых асоб аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўных закупках.