Акцэнт на беларускім

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Трэці Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт” пройдзе яшчэ толькі ўвосень, з 28 верасня па 21 кастрычніка. Але ўжо вызначаны не толькі тэрміны яго правядзення, а і праграма — як заўсёды, незвычайная: 16 спектакляў (і 22 іх паказы) з васьмі краін.

Багатая міжнародная праграма, створаная з самых нашумелых пастановак свету, ахопіць не толькі традыцыйныя, але і альтэрнатыўныя пляцоўкі, якія раней не былі задзейнічаны ў тэатральнай прасторы. Таксама будзе і асобны блок, прысвечаны, як і летась, спектаклям — пераможцам Расійскай тэатральнай прэміі “Залатая Маска”. Яны, зноў-такі, акажуцца разнастайнымі — ад традыцыйных да авангардных. Бо, як заўважыла на сустрэчы з журналістамі дырэктар форуму “ТэАрт” Анжаліка Крашэўская, хацелася паказаць, як развіваюцца новыя кірункі тэатральнага мастацтва.

Самым значным і самым, бадай, інтрыгуючым можа стацца... беларускі блок. У ім — пяць пастановак, і ўсе — наватарскія. Гэта ўжо бачаны вузкім колам “Рамонт” пластычнага тэатра “ІнЖэст” (гл. “К” № 20 за 2013 г.), а таксама п’есы беларускіх драматургаў, вядомых на радзіме хіба спецыялістам: “PATRIS” Сяргея Анцалевіча, Дзмітрыя Багаслаўскага, Віктара Красоўскага, “Кароткачасовая” Канстанціна Сцешыка, “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага і “Сумны хакеіст” Паўла Пражко — бадай, самага папулярнага з сучасных драматургаў у Расіі і, сярод вышэйназваных, самага прызнанага ў нас (у Магілёве пастаўлены яго “Гаспадар кавярні”, у Брэсце — “Ураджай”). Пералічаныя беларускія п’есы ўвасоблены расійскімі рэжысёрамі, але акцэнт на форуме будзе зроблены менавіта на саміх беларускіх аўтарах, што будзе падкрэслена і ў афішы.

Форум не абыдзецца адно паказамі спектакляў, — у адзін з фестывальных дзён адбудзецца “круглы стол”, прысвечаны беларускай драматургіі. Будзе ў форуму і разгорнутая “ўводная частка”, скіраваная на тое, каб паступова знаёміць гледача з падзеямі фестывалю ды самой тэатральнай праблематыкай. Менавіта з гэтымі мэтамі арганізатары вырашылі правесці напярэдадні серыю “Тэатральных сустрэч з “ТэАрт”. Першая з іх адбылася 2 ліпеня і была прысвечана самой фестывальнай праблематыцы: “Тэатральны фестываль як феномен сучаснай культуры”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"